На працягу 15 апошніх гадоў кожны чэрвень расквечваў наша жыццё раённым выпускным балем. На прыгожых юнакоў і дзяўчат выходзіў паглядзець ледзь не ўвесь горад. Для іх ігралі духавыя аркестры, луналі ў небе белыя галубы і рознакаляровыя шарыкі, грымеў святочны салют.
Сёлета з-за эпідэміялагічнай сітуацыі традыцыйнае і любімае ў раёне мерапрыемства не праводзіцца. Мы вырашылі падбадзёрыць выпускнікоў і стварыць для іх святочную атмасферу хаця б на старонках газеты. Давайце разам перагорнем старыя падшыўкі і ўспомнім самыя яркія моманты мінулых раённых выпускных баляў! Гэта наш своеасаблівы падарунак усім чытачам. А найперш — сёлетнім адзінаццацікласнікам.
2005 год: дзяўчаты – у сукенках на абручах, большасць медалістаў – хлопцы
Гэты год стаў адметным не толькі для выпускнікоў, але і для ўсіх жыхароў Маладзечаншчыны: згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2005 года наш горад і раён былі аб’яднаныя ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку.
Першы раённы выпускны баль праходзіў у гарадскім Палацы культуры. Аб ім у нашай газеце расказала выпускніца гімназіі №3 Кацярына Місевіч. На свяце прысутнічалі толькі выпускнікі, бацькоў не запрашалі. Большасць дзяўчат прыбралася ў доўгія пышныя сукенкі на абручах. У многіх былі ўпрыгожаны штучнымі кветкамі высокія прычоскі, якія дадавалі ўзросту. Ля Палаца культуры выпускнікоў сустракаў духавы аркестр, у небе луналі белыя галубы, паветраныя шары. Юнакоў і дзяўчат віншавала тагачасны начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Васілевіч, якая ўручыла залатыя медалі і Ганаровыя граматы лепшым вучням. Цікава, што ў гэты год сярод медалістаў больш было хлопцаў.
Неспадзяваным сюрпрызам для выпускнікоў-2005 стала музычнае віншаванне ад зоркі беларускай эстрады Пятра Ялфімава.
2006 год: тысяча паветраных шароў, феерверк, канцэрт Паліны Смолавай
З 2006 года раённы выпускны баль пашырыў маштаб: на яго запрасілі не толькі 1255 выпускнікоў 11-х і 12-х класаў, але і іх бацькоў. Прысутнічалі на свяце і адміністрацыя, педагогі ўстаноў адукацыі. Святочныя калоны маладых людзей ішлі ў цэнтр адразу з некалькіх кропак. Здавалася, увесь горад выйшаў іх прывітаць. Некаторыя нават пыталіся, ці будзе тэлебачанне весці прамы рэпартаж, як з Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Канцэртная зала Палаца культуры не ўмясціла б столькі ўдзельнікаў свята. Таму дзейства перамясцілася на плошчу ля Палаца. Разам з Аксанай Курчыной другі раённы выпускны баль вёў Віталій Крупянькоў, на той час дырэктар вячэрняй школы, цяпер галоўны рэдактар нашай газеты.
Старшыня райвыканкама Сямён Касабуцкі ўручыў залатыя і сярэбраныя медалі 24 юнакам і дзяўчатам. У вялікім сакрэце ўтрымлівалася імя зоркі эстрады, якая будзе спяваць у гэты вечар. Ёю стала Паліна Смолава, уладальніца Гран-пры «Славянскага базару», удзельніца «Еўрабачання-2006». Яшчэ адзін шыкоўны падарунак ад раённых улад – феерверк, які завяршыў святочнае дзейства.
2010 год: Цэнтральная плошча, танцы басанож пад «Тяни-Толкай»
У гэты год на Цэнтральнай плошчы горада сабралася больш за 1240 выпускнікоў з 32 устаноў адукацыі. Выпускная мода за пяць гадоў змянілася: дзяўчат у доўгіх сукенках на абручах былі адзінкі. Большасць – у лёгкіх кароткіх сукенках. Прычоскі – доўгія накручаныя локаны, мудрагелістых «вежаў» на галовах, як у 2005-м, не было. Многія дзяўчаткі для зручнасці прыйшлі ў «балетках» — туфлях без абцасаў. А калі заспявалі ўдзельнікі групы «Тяни-Толкай», самыя вясёлыя выпускніцы наогул танцавалі басанож…
Сярод выпускнікоў было 28 медалістаў, у пераважнай большасці дзяўчаты. Ім уручыў залатыя медалі тагачасны старшыня райвыканкама Генадзій Кучко. Чуллівы момант: моладзь благаславіў на дарослае шчаслівае жыццё благачынны Маладзечанскай акругі протаіерэй Аляксандр Троцкі.
2015 год: Летні амфітэатр, хрустальныя кнігі для медалістаў
Пасля рэспубліканскага свята «Дажынкі-2011» раённы выпускны баль перамясціўся ў Летні амфітэатр. У параўнанні з 2005-м выпускнікоў праз дзесяць гадоў стала ўдвая менш: 664. А вось колькасць медалістаў вырасла. Старшыня райвыканкама Аляксандр Яхнавец уручыў залатыя і сярэбраныя медалі 48 юнакам і дзяўчатам. На ўспамін аб урачыстасці ў іх засталіся сімвалічныя сувеніры — хрустальныя кнігі. На гэты раз раённыя ўлады запрасілі з музычным прывітаннем выпускнікам папулярную групу «Дразды».
Глядзіце шмат фота розных часоў у нашых групах у сацыяльных сетках ВКонтакте і Инстаграм.
2019 год: кожны сёмы – медаліст, замест святочных сукенак – камбінезоны і красоўкі
У мінулым годзе школы і гімназіі закончылі звыш 700 вучняў. Рэкорд апошніх (а магчыма, і ўсіх мінулых гадоў) – 103 залатыя і сярэбраныя медалісты, узнагароды якім уручыў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Як і кожны год, летась на выпускным балі ў неба ўзляцелі белыя галубы. Цікава, што над Летнім амфітэатрам разам з галубамі лунаў і бусел, многія палічылі гэта добрым знакам.
Калі гаварыць пра выпускную моду, то за 15 гадоў яна стала больш дэмакратычнай. Тэндэнцыя часу: красоўкі ў спалучэнні са святочнымі сукенкамі. А самыя смелыя дзяўчаты замянілі сукенкі на камбінезоны ці касцюмы з пінжакоў і штаноў. Прычоскі сталі больш простымі, натуральнымі. У многіх хлопцаў замест гальштукаў былі «бабачкі». Яшчэ адзін аксесуар – модныя акуляры.
Весялілі выпускнікоў групы «Ё-гурт» і «PROвокация».
Удзельнік апошняй – наш зямляк Марк Войтка — пажадаў выпускнікам, каб іх мары збываліся, і на сваім прыкладзе даказаў, што гэта магчыма, калі ўпарта ісці да сваёй мэты і верыць у сябе.
Фота: Аляксей Платко.