Гэта стала тэмай размовы з псіхолагам гімназіі №10 Таццянай Жданавай. Зусім хутка ў гэтай навучальнай установе зазвіняць дзіцячымі галасамі чатыры першыя класы.
— Працэс падрыхтоўкі да школы пачынаецца задоўга да першага верасня. Адзін з этапаў – псіхалагічная гутарка, на якую многія бацькі прыводзяць дзяцей у сакавіку-красавіку…
— Так. Сёлета ў нашай гімназіі звыш ста хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшлі на псіхалагічную гутарку. Значная частка з іх паказала дастатковы ўзровень гатоўнасці да вучобы, у тым ліку ў іх сфарміравана вучэбная матывацыя, развіта памяць, гатова да пісьма рука. Адразу бачна, калі дзіця падрыхтаванае. Дарэчы, распрацавана спецыяльная праграма пераемнасці дзіцячага сада і школы. У старэйшых групах выхавальнікі займаюцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, выкарыстоўваюць вучэбныя развіццёвыя матэрыялы. Бацькі таксама прыкладаюць намаганні. Што тычыцца непасрэдна псіхалагічнай гутаркі ў гімназіі, праходзіць яна індывідуальна, доўжыцца ад 40 хвілін да гадзіны. «Кандыдату» ў першакласнікі трэба выканаць некалькі заданняў. Напрыклад, запомніць прадметы на дзесяці карцінках. Добры вынік – 8 і больш правільна названых прадметаў. Псіхалагічная гутарка мае рэкамендацыйны характар. У час сустрэчы выяўляецца ўзровень гатоўнасці дзіцяці да школы, бацькі атрымліваюць неабходныя кансультацыі.
— Якія бацькоўскія пытанні гучаць найчасцей?
— Менавіта пра цяжкасці адаптацыі да школы. Гэты працэс вельмі важны. Ад таго, наколькі паспяхова дзіця прывыкае да новых умоў, залежыць многае: псіхалагічнае самаадчуванне, вучэбная паспяховасць і нават здароўе. Адбываецца змена звыклай дзейнасці, а значыць, і жыцця. Спецыялісты ўмоўна выдзяляюць тры групы дзяцей. Першая адаптуецца даволі хутка, прыкладна за месяц. Дружалюбныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якім цікава адкрываць для сябе нешта новае, даволі спакойна прымаюць новы калектыў, арганічна адчуваюць сябе ў ім. Для другой групы працэс адаптацыі больш працяглы – два-тры месяцы, і звязаны ён з пэўнымі цяжкасцямі. Дзеці могуць быць няўважлівымі, адхіляцца ад вучэбнай дзейнасці ў гульнявую. Магчымыя цяжкасці ў засваенні новага матэрыялу, выкананні дамашняга задання. Трэцяя так званая група «рызыкі». Яе адрознівае нежаданне падпарадкоўвацца ўстаноўленым правілам. Школьнікі дэманстратыўна не рэагуюць на заўвагі настаўніка, ігнаруюць пажаданні бацькоў. Гэта вельмі трывожыць дарослых. Крыкамі, тым больш прыніжэннем праблему не выправіш. Патрэбныя ўзаемаразуменне ў сям’і і цесны кантакт з настаўнікамі. Памятайце: чым больш вы «ціснеце» на дзіця, тым большае супраціўленне гэта выклікае. Калі на вас крычаць — і вы можаце не стрымацца. Таму, калі ласка, менш негатыву. Наадварот, падтрымлівайце, часцей хваліце свайго «першаклашку» нават за нязначныя, здавалася б, поспехі, пытайцеся пра яго справы, настрой. Гэта дапаможа яму адаптавацца ў калектыве, прывыкнуць да новых умоў.
— Цікавіць бацькоў аптымальны ўзрост для першакласніка – шэсць ці сем гадоў…
— Кожнае дзіця ўнікальнае, таму агульных падыходаў быць не павінна. Пры гэтым трэба ўлічваць, што шасцігодкі хутчэй стамляюцца ва ўмовах школьнай дзейнасці. Іх здароўе знаходзіцца ў большай небяспецы ў параўнанні з сямігадовымі школьнікамі. Выбар, вядома, за бацькамі. А вось аддаваць у школу дзіця толькі з-за таго, што яно вышэйшае на галаву за сваіх аднагодкаў, зусім няправільна.
— На што трэба звярнуць увагу, калі першакласнік раптам пачынае часта хварэць?
— Прычынай частай прастуды, галаўных ці страўнікавых боляў, жадання адляжацца бываюць і псіхалагічныя праблемы. Страх не справіцца з заданнем, сарамлівасць, няўменне пастаяць за сябе — усё гэта можа ператварыць малога ва «ўмоўнага хворага». Вядома, не варта весці яго ў школу з тэмпературай, але зрабіць дамашняе заданне яму ўсё ж трэба. Дарослым неабходна разабрацца ў сітуацыі, знайсці сапраўдную прычыну хваробы. Зноў менавіта на бацькоў кладзецца адказнасць за вырашэнне толькі на першы погляд нязначных, «дзіцячых» праблем.
— Як зрабіць так, каб дамашняе заданне не стала выпрабаваннем?
— Школьнік з першага года павінен прывыкаць выконваць заданні самастойна, гэта фарміруе яго асабістую адказнасць. Мама ці тата няхай будуць побач і дапамогуць, калі дзіця папросіць. Тут важная дапамога, а не выкананне абавязкаў за сына ці дачку. Некаторыя лічаць дастатковым толькі праверыць урокі, яшчэ і адчытаюць за дрэнную каліграфію ці памылкі. Бацькам трэба старацца быць аб’ектыўнымі, не станавіцца дыктатарамі.
— Як правільна арганізаваць вольны час дзіцяці?
— Даволі часта бацькі запісваюць першакласнікаў у шматлікія гурткі і секцыі. Не трэба нагружаць дзяцей празмерна, аддаваць іх у першы школьны год у некалькі секцый ці гурткоў. Замест чаканай арганізаванасці гэта можа выклікаць пачуццё трывожнасці не справіцца з усім. На жаль, бывае і так: вучуся, малюю, спяваю, але нічога не паспяваю. Трэба ўважліва сачыць за рэжымам вучобы і адпачынку сына ці дачкі. Класціся спаць яны павінны ў адзін і той жа час. У выхадныя — на гадзіну пазней. Неабходна памятаць пра збалансаванае харчаванне, у тым ліку паўнавартасныя сняданкі. Пры граматным бацькоўскім падыходзе ўсе пытанні вырашацца, і дзіця будзе ўпэўнена крочыць па цікавай школьнай дарозе.
.