Таццяна КОМАР і Ніна ДРАЗДОЎСКАЯ – дзве сястры, абедзве выпускніцы Аляхновіцкай сярэдняй школы. Падзялілі яны на дваіх і прафесію філалагічнага напрамку – разам працуюць настаўніцамі беларускай мовы і літаратуры.
– Школу я закончыла ў 1989 годзе, пасля сюды, у родныя сцены, прыйшла і працаваць, – падзялілася Таццяна Пятроўна. – Прыйшла туды, дзе мяне вельмі добразычліва сустрэлі былыя настаўнікі і класны кіраўнік. Менавіта яна, Ала Ігнацьеўна Ермаковіч, а таксама настаўніца беларускай мовы Таццяна Аляксандраўна Шаблыка, і паўплывалі на мой выбар прафесіі. Убачылі ў дзяўчынцы патэнцыял і ўжо ў старэйшых класах вельмі рэкамендавалі паступаць у педагагічны. Як сумленная вучаніца я прыслухалася і вось ужо трыццаць гадоў працую настаўнікам.
– Успомніце, калі ласка, якімі ў вашых дзіцячых вачах былі настаўнікі? Напэўна, самі цягнуліся да таго вобраза? І ці атрымалася яму адпавядаць?
– Той ідэал, які мы бачылі на ўроках, не мог не паўплываць на нас. Вядома, мы бралі прыклад, я ў тым ліку. Цяпер, можа, і не робім гэта спецыяльна, але на нейкім падсвядомым узроўні паўтараем сваіх настаўнікаў: у манерах, выказваннях і, напэўна, нават у думках.
Вярнулася ў родную школу і малодшая сястра Таццяны Пятроўны Ніна. Настаўнікі, якія некалі вучылі яе ўрокам і жыццю, прадоўжылі сваю справу, атуліўшы маладога спецыяліста дабрынёй і цеплынёй.
– Як маглі, усе вельмі дапамагалі ў маім станаўленні, пачынаючы ад дырэктара Рамана Адамавіча Пясецкага да былога класнага кіраўніка Ларысы Анатольеўны Гулевіч, – успамінае Ніна Пятроўна. – Вельмі хацелася адпавядаць такім Настаўнікам з вялікай літары. І нават цяпер, столькі гадоў адпрацаваўшы ў школе, арыенцір бяром на іх – сваіх былых настаўнікаў.
– Але на ваш выбар прафесіі, напэўна, паўплывала яшчэ і старэйшая сястра?
– Канешне! І на выбар, і на адносіны да вучобы потым. Глядзела, як яна рыхтавалася да заняткаў, і дзень і ноч аблажыўшыся падручнікамі. І сама так не рыхтавалася, – вядома, жартуе Ніна Пятроўна. – Дарэчы, вучыліся ў розных установах адукацыі, а працуем усё жыццё разам, падтрымліваючы і ў жыцці, і ў прафесіі.
Тэкст і фота: Марына ПУЦЭЙКА