У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек: прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый, лідары прафсаюзнага руху, педагагічная грамадскасць. Гасцямі форуму сталі старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачэнка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч, намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, начальнік упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Галіна Казак, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец.
Святочная атмасфера панавала ўжо на плошчы перад Палацам культуры: песні, тэатралізаваныя мініяцюры, паказальныя спартыўныя выступленні, майстар-класы… На розных пляцоўках можна было ацаніць педагагічныя праекты, распрацаваныя ў школах, гімназіях, ліцэях і каледжах цэнтральнага рэгіёна, пазнаёміцца з юнымі разумнікамі, якія са сваімі навукова-даследчымі работамі сталі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў (што асабліва актуальна ў Год навукі). Сваю прадукцыю дэманстравалі школьныя бізнес-кампаніі.
Так, выхаванцы Мядзельскай гімназіі-інтэрната прывезлі ў Маладзечна робатаў, якія спаборнічалі ў сумо, пераадольвалі перашкоды і сартавалі прадметы. Вучні СШ №20 горада Барысава паказалі мадэрнізаваны імі ж квадракоптар, які можа падымаць кілаграм грузу на вышыню 250 метраў.
У крэатыўнасці і арыгінальным падыходзе маладзечанцы не ўступалі гасцям. Так, вялікую цікавасць выклікаў стэнд цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік», на якім дэманстраваліся мадэлі караблёў. Па словах кіраўніка суднамадэльнага гуртка Мікалая Хрэшчыка, яго падапечныя з задавальненнем займаюцца тэхнічнай творчасцю. Яны неаднаразова станавіліся прызёрамі і пераможцамі спаборніцтваў.
Майстар-клас даваў выпускнік Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа Ціхан Кавальчук. У яго руках драўляная дошка за некалькі секунд пераўтваралася ў сапраўдны прадмет прыкладнога мастацтва.
— Ціхан у складзе маладзёжнай зборнай Беларусі выступаў на міжнародным чэмпіянаце рабочых прафесій «World Skills-2017» у Шанхаі, — адзначыў майстар вытворчага навучання Мікалай Цалко. – Таленавіты юнак паказаў добрыя вынікі. Упэўнены, што спецыяліст такога ўзроўню будзе запатрабаваны на рынку працы і цалкам рэалізуе сябе ў прафесіі.
Працягам мерапрыемства стала пленарнае пасяджэнне. Гучнымі апладысментамі ўдзельнікі форуму віталі маладых настаўнікаў, для якіх гэты год будзе першым у іх працоўнай біяграфіі. У Мінскай вобласці такіх спецыялістаў сёлета налічваецца больш за 1,2 тысячы.
У час свайго выступлення Галіна Казак паведаміла, што мадэрнізацыя і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, аснашчэнне школ сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем будзе працягвацца. Ва ўстановах адукацыі рэалізуецца праект «Электронная школа», укараняюцца перапрацаваныя, спрошчаныя і адаптаваныя з улікам міжпрадметных сувязей навучальныя праграмы.
— У навучальных установах Міншчыны павышаецца якасць ведаў. Так, у мінулым навучальным годзе ў параўнанні з папярэднім павялічылася колькасць выпускнікоў, узнагароджаных залатымі і сярэбранымі медалямі. Прадстаўнікі вобласці дастойна выступаюць на міжнародных конкурсах, паказваюць добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, — адзначыла выступоўца.
Пра тое, што акцэнт у новых падручніках зроблены на заданні з беларускім кантэкстам і практычныя веды, паведаміла Раіса Сідарэнка.
Сучасны настаўнік павінен любіць сваю справу, паважаць дзяцей, быць сумленным і пастаянна самаўдасканальвацца, падкрэсліў Анатолій Ісачэнка.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.