Як прыстасаваліся да новага раскладу вучні і іх бацькі, што змянілася ў рабоце настаўнікаў – пра гэта мы даведаліся, калі ў адзін з вераснёўскіх ранкаў пераступілі парог СШ №4. Праўда, перш чым адчыніць яе дзверы, правялі апытанне сярод вучняў і бацькоў на школьным ганку.
— Я вельмі задаволена, што пачатак заняткаў перанеслі на паўгадзіны пазней. Мой рабочы дзень таксама пачынаецца ў 8.30, магу дазволіць сабе, не спяшаючыся, сабрацца, заплесці дачцэ косы, – падзялілася мама дзяўчынкі-другакласніцы.
А вось два таты, якія прывялі малодшых школьнікаў, з ёю не пагадзіліся: яны працуюць з васьмі, іх не задавальняе, што дзеці больш за паўгадзіны чакаюць пачатку ўрокаў: маўляў гэта марнаванне часу, якога і так не хапае.
Дзевяцікласнікі Арцём Патокін, Насця Манько, Ліза Сянько сказалі, што ім зручна прыходзіць у школу ў такі час. Па аўторках, праўда, збіраюцца ў 8.00 на інфармацыйную гадзіну, у астатнія дні могуць паспаць даўжэй.
Дзяўчынкі-адзінаццацікласніцы, якія ў гэты дзень дзяжурылі на першым паверсе, хацелі б, каб урокі пачыналіся як і раней, у 8.00. Іх можна зразумець: для выпускнікоў, якія рыхтуюцца да ЦТ, займаюцца з рэпетытарамі, кожная хвіліна на ўліку.
Як бачна, колькі людзей – столькі і меркаванняў. І ўсё ж гэта праблема найбольш закранула сем’і вучняў пачатковых класаў, якіх адных у школу не адпусціш. Добра, калі ёсць бабулі ці старэйшыя браты і сёстры, якія змогуць суправаджаць малышоў. Калі ж нікога няма, а бацькі працуюць з васьмі раніцы, а тое і раней, яны вымушаны весці дзяцей у школу задоўга да пачатку заняткаў, каб не спазніцца на работу (а з дысцыплінай цяпер усюды вельмі строга).
— Мы гэта ўлічваем, таму з 7.30 вучняў сустракаюць настаўнікі першых і другіх класаў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Генадзій Ржавуцкі.
Ён зазначыў, што праведзены ўжо бацькоўскія сходы, на якіх абмеркавана гэта актуальнае пытанне. За першыя два тыдні скаргаў ад бацькоў наконт змены раскладу заняткаў не паступала.
Мы зазірнулі ў 2 «А» клас і самі пераканаліся, што дзеці былі пад наглядам настаўніцы Любові Карпіновіч. У іх якраз пачыналася ранішняя гімнастыка, хлопчыкі і дзяўчынкі разміналіся пад вясёлую песню фіксікаў з мультфільма. Настаўніца расказвае, што перад урокамі выхаванцы любяць разгадваць красворды, гуляць у «Поле цудаў». Дарэчы, як заўважыў Генадзій Альгертавіч, адміністрацыя знаходзіць магчымасць матэрыяльна заахвочваць настаўнікаў за работу перад заняткамі. Пабывалі мы ў школьнай бібліятэцы, якая працуе з 8.00. Яна ў гэты час не пуставала: некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак папрасілі ў загадчыцы Надзеі Пірог новыя дзіцячыя часопісы. У гэты ж час пачынаецца рабочы дзень у педагога-арганізатара, педагога сацыяльнага, псіхолага, і яны таксама не сядзяць без справы.
Расказвае Генадзій Ржавуцкі і пра тое, што пры складанні раскладу заняткаў, пастараліся не змяншаць перапынкі, каб яны адпавядалі санітарна-гігіенічным нормам і ў вучняў хапала часу паесці ў сталовай, купіць нешта ў буфеце. Увогуле, школа працуе ў дзве змены, у другую займаюцца вучні трэціх, шостых і сёмых класаў. Да 18.00 дзейнічае група падоўжанага дня.
Сёлета ў СШ №4 селі за парты 666 вучняў – такая запамінальная лічба. У асноўным гэта дзеці з мікрараёна навучальнай установы, аднак зручнае месцазнаходжанне спрыяе таму, што вучні прыязджаюць сюды і з іншых частак горада, нават з прыгарадных вёсак, у прыватнасці, з Насілава. Нельга не сказаць і пра тое, што з гэтага навучальнага года ў школе новы дырэктар – Уладзімір Філіповіч, які больш за 30 гадоў працаваў тут намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Ён змяніў Віктара Куханчыка, які з 1982 года ўзначальваў навучальную ўстанову, стварыў выдатны калектыў прафесіяналаў і аднадумцаў, заклаў традыцыі, якія працягваюцца і сёння і вызначаюць чацвёртую школу сярод іншых навучальных устаноў. Яе педагогі стараюцца арганізаваць работу так, каб дзецям тут было цікава займацца, каб яны развівалі свае здольнасці, раслі добрымі, спагадлівымі людзьмі і, безумоўна, вучыліся цаніць час. У тым ліку і гэтыя паўгадзіны перад заняткамі.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.