21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, тут прайшоў «Купала-ФЭСТ» -- фінальнае мерапрыемства марафона «Люблю Купалу сэрцам», што доўжыўся цэлы год і прысвячаўся 140-годдзю з дня нараджэння Песняра.
Усе класы з першага па адзінаццаты кожны месяц актыўна ўдзельнічалі ў акцыях, фота- і арт-флэшмобах, фота- і відэачэленджах, квэстах. Адметна, што да іх далучыліся вучні іншых навучальных устаноў раёна. У школьным двары была закладзена алея Янкі Купалы, для вучнёўскага актыву арганізавана паездка ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.
Родную мову ў першай школе выкладаюць зацікаўленыя і вопытныя педагогі Алена Новік, Раіса Раманоўская, Інеса Ліс, Ірына Лычкоўская, Іна Ціханёнак. У іх вучняў нямала перамог у алімпіядах, літаратурных конкурсах. Нельга не адзначыць, што ў мінулым навучальным годзе Ксенія Брыль стала пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Сваю бліскучы вынік яна раздзяліла з настаўніцай Інесай Ліс, якая дапамагала ёй падрыхтавацца да алімпіяды.
«Купала-ФЭСТ» праходзіў не толькі на сцэне ў актавай зале. На ўсіх перапынках у розных лакацыях разгарнуліся выстаўкі, тэматычныя пляцоўкі, на якіх прапаноўваліся майстар-класы, гульні, віктарыны.
Старшыня школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Алена Новік разам з юнымі памочнікамі праводзіла гульню «Знайдзі пару», якая давала ўяўленне аб прадметах побыту, адзенні беларусаў у мінулыя стагоддзі. Алена Валер’еўна таксама нагадала, што ў школе даўно створаны пакой Янкі Купалы, у якім часта праводзяцца заняткі, квэсты, розныя цікавыя сустрэчы.
Дзяўчынкі з клуба ЮНЕСКА «Планета» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» разам з кіраўніком Марынай Відміч праводзілі акцыю «Рускай мове дай разгрузку, гавары па-беларуску». Кіраўнік гуртка «Вытокі» Марыя Собаль запрашала на майстар-клас па саломапляценні, вучыла дзяцей ткаць беларускія паясы. Тэматычныя магніты прапанавалі набыць удзельнікі школьнай бізнес-кампаніі «Пазітыў». Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Вяршыцкая разам з удзельнікамі танцавальнага калектыву «Серпанцін» заклікалі ўсіх жадаючых далучыцца да святочнага карагоду -- вялікага кола шчасця школы.
Тым часам педагог-арганізатар Лідзія Буйко, педагогі дадатковай адукацыі Анастасія Рак і Юрый Рындзевіч, вядучыя Ульяна Рак і Браніслаў Купрыянаў запрасілі ўсіх у актавую залу на святочнае мерапрыемства. Дырэктар школы Васілій Маліноўскі павіншаваў вучняў і педагогаў з Міжнародным днём роднай мовы, уручыў дыпломы пераможцам конкурсаў і акцый, што праходзілі ў рамках марафона «Люблю Купалу сэрцам».
Першае месца ў акцыі «І вечнасць радка як вечнасць жыцця» ў вучняў 7 «А» класа. У фотафлэшмобе «Дзень Янкі Купалы» перамаглі Ксенія Школьнікава, Паліна Дурко (вучаніца Палачанскай СШ), Вікторыя Сасновіч. За ўдзел у акцыі «Купалаўскі радок» дыпломам І ступені ўзнагароджаны вучні 4 «А», 5 «В», 8 «А» класаў, у фотачэленджы «Што сэрцу міла» -- 4 «Г», 5 «В» і 5 «Г», 9 «Б» класаў. За перамогу ў квэсце «Я адкрываю Купалу» дыплом І ступені атрымалі «Стас і яго каманда».
У гэты дзень у школе было шмат гасцей. Сваёй творчасцю радавалі ўдзельнікі гурту «Талака» дзіцячага цэнтра культуры «Расток», інструментальны ансамбль «Маладзечанскія дударыкі» СШ №14 пад кіраўніцтвам Сяргея Ярука, танцавальны калектыў «Купалінка» Радашковіцкай СШ пад кіраўніцтвам Жанны Жалінскай, вакальны ансамбль вучняў і педагогаў гімназіі №10. Прыемна, што ў родную школу прыехала лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў салістка ўзорна-паказальнага аркестра ўнутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь Кацярына Паўловіч. Выдатна тэатралізавалі песню «Ехаў Ясь» удзельнікі вакальнага гурту «Чысты гук» СШ №1. Пранікнёна чытала верш Янкі Купалы «Малітва» Паліна Паслед. На пошукі запаветнай папараць-кветкі запрасілі юныя танцоры харэаграфічнага калектыву «Серпанцін».
Вынікі марафона падведзены. Аднак мерапрыемствы, прысвечаныя Песняру, роднай мове, беларускім традыцыям і культуры будуць працягвацца. Як адзначыў дырэктар школы Васілій Маліноўскі, у бліжэйшых планах -- адкрыццё мемарыяльнай дошкі і прэзентацыя алеі, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.