Новости Молодечно и Молодечненского района

Народны Настаўнік Дзіна Гурчанка

  • 2017-09-29 09:26:15
  • Аляксандр Лазоўскі


На заслужаным адпачынку Дзіна Іосіфаўна Гурчанка ўжо даўно. Ёй цяжка спусціцца з другога паверха па лесвіцы ў двор – па-здрадніцку адказваюць ногі. Але сказаць, што яе памкненні і думкі не выходзяць за сцены сонечнай кватэры на вуліцы Маркава, значыць, свядома пакрыўдзіць былога дырэктара сярэдняй школы №2, партыйнага актывіста. Пакрыўдзіць Настаўніка.

З Дзінай Іосіфаўнай звяла мяне Клара Лявонцьеўна Філіпава. Яна ж стала сааўтарам гэтага нарыса. Абедзве, можна сказаць, равесніцы, выхаваныя савецкім часам, яны нясуць праз жыццё яго лепшыя рысы – пачуццё калектывізму, трапяткое стаўленне да кожнага чалавека, адказнасць за свае ўчынкі і словы.

Знаёмства – такая ўжо традыцыя! – пачынаецца з сямейнага альбома Дзіны Іосіфаўны. Ён не вызначаецца супервокладкай альбо вензелямі-завіткамі – самы звычайны альбом савецкага часу. Але ў ім у храналагічным парадку акуратна захоўваюцца фатаграфічныя сведкі жыцця і яго ўладальніцы, і яе радні і блізкіх.

… Для Дзіны Іосіфаўны радзіма – Магілёўшчына. Праўда, бацьку Іосіфа Іванавіча хутка перавялі ў Мінск, ён стаў загадваць аддзелам народнай адукацыі ў адным з раёнаў сталіцы. Калі пачалася вайна, Іосіф Гурчанка пайшоў на фронт, нават не развітаўшыся з сям’ёй: жонка з дзвюма дачушкамі на той час разам з выхаванцамі дзіцячага сада была за горадам. Эвакуіравацца не паспелі, як не мелі магчымасці вярнуцца ў родны дом – у ім фашысты пасялілі сваіх пацешніц. Небяспека кожны дзень вісела над галовамі, і маці вырашыла перабрацца на радзіму мужа – у адну з вёсак на Магілёўшчыне.

Перагортваем гэту старонку жыццёвага альбома – што цікавага знойдзеш у вайны? Боль, страх, слёзы і спадзяванні. На тое, што перамога будзе за намі, што наступіць час вызвалення, што прыйдзе вестачка ад Іосіфа Іванавіча… Так і адбылося: ворага выгналі з Беларусі, здабылі перамогу, а ў 1946 годзе вярнуўся з вайны бацька: баявы афіцэр, маёр, двойчы цяжка паранены, але жывы!

Неўзабаве сям’я пераехала ў Маладзечна, куды накіравалі працаваць Іосіфа Іванавіча.

У адным са школьных сачыненняў Дзіна Гурчанка прызналася, што хоча вадзіць паравозы, як знакамітая Зінаіда Троіцкая, першая ў СССР жанчына машыніст паравоза. На што настаўніца заўважыла: ты будзеш весці па жыцці людзей, перадаваць ім веды. Гэта таксама патрэбна і ганарова.

– Мая настаўніца не памылілася, як і я не памылілася ў выбары прафесіі, – прызнаецца Дзіна Іосіфаўна. – Хаця па-іншаму і быць не магло, гэта спадчыннае: педагогамі былі бацька і маці, малодшая сястра Эма таксама настаўніцай працавала, выкладала гісторыю ў былой дзясятай школе, цяпер гімназіі. Ну, а я навек параднілася з «другой».

Сюды маладая настаўніца Гурчанка прыйшла пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рускую мову і літаратуру выбрала асэнсавана: на вялікай мове створаны такія ж вялікія творы. А літаратура выхоўвае ў чалавеку самыя лепшыя якасці, уплывае на яго мацней за ўсё.

– Ідэйную загартоўку, любоў да кнігі і мастацтва наогул спасцігала ад бацькі. Матуля ж мая, Дар’я Мацвееўна, навучыла парадку, чысціні, рукадзеллю. Яе нават запрашалі разам з іншымі майстрыхамі вышываць пісьмо беларускага народа таварышу Сталіну, – прыпамінае цікавы факт наша субяседніца. – Было ў каго вучыцца прафесіянальным сакрэтам. Я і цяпер памятаю заслужаных настаўнікаў БССР з нашай школы Ганю Якаўлеўну Генкіну, Алену Трафімаўну Лебедзеву, Аляксандру Канстанцінаўну Тарайкоўскую, а таксама Веру Паўлаўну Кукуруза, Ганну Ягораўну Прыгожаву. І, вядома ж, аўтарытэтнага, ці не лепшага ў горадзе дырэктара школы, кіраўніка СШ №3 Сцяпана Дзмітрыевіча Белага.

Прозвішча Белага Дзіна Іосіфаўна назвала невыпадкова. Менавіта да яго, былога франтавіка, які ў салдацкім шынялі прайшоў усю вайну, а ў 1955 годзе атрымаў званне заслужанага настаўніка, па параду звярнулася Гурчанка, калі дала згоду ўзначаліць «другую». Тады было настаўніцы ўсяго трыццаць, здавалася б, можна адмовіцца. Але камуністы, як вядома, не прывыклі адступаць перад цяжкасцямі (Дзіна Іосіфаўна ўжо два гады як была членам партыі).

– Настройвайся на нялёгкую падзвіжніцкую працу. Будзь патрабавальнай, але справядлівай да людзей, – па-бацькоўску шчыра параіў Сцяпан Дзмітрыевіч.

Яе дырэктарства пачалося з... перабудовы. Трэба было разабраць 48 печак, якімі ацяплялася школа, і дабіцца грошай і матэрыялаў для мантажу сістэмы цэнтральнага ацяплення. Малады кіраўнік хадзіла па самых розных кабінетах, прасіла, патрабавала, даказвала – і дабілася свайго. У маі, калі яшчэ ішлі заняткі, пачаліся будаўнічыя работы. Прабівалі сцены, разбіралі печы, здымалі абліцоўку і кафлю. Дзеці, што дапамагалі дарослым, хадзілі мурзатымі ад пылу і сажы – толькі вочы блішчэлі, але задаволенымі: будзе ў школе ўсё па-новаму.

А потым будавалі майстэрні, узводзілі прыбудову да школы. І ў кожнай справе адчувалася прысутнасць кіраўніка ўстановы адукацыі. А яшчэ Дзіна Іосіфаўна шчодра дзялілася ведамі і педагагічным талентам з вучнямі і калегамі.

Яна выцягвае са стоса папак і сшыткаў паперчыну і пачынае перачытваць запісы:

– Мне давялося вучыць Людку Сільнову, цяпер вядомую беларускую паэтэсу, Аляксандра Шута, былога стваральніка і кіраўніка музычнай капэлы «Санорус», Канстанціна Туровіча, некалі першага сакратара Маладзечанскага гаркама партыі, затым намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама, беларускіх вучоных, кандыдатаў навук Аляксандра Мудрага і Міхаіла Філістовіча. Вучыўся ў нашай школе і Юрый Антонаў. Памятаю, мама цягне акардэон, а будучая зорка расійскай эстрады за ёй подбегам. А колькі былых вучняў выбралі ў жыцці настаўніцкую сцяжынку – і злічыць цяжка. Але я цікаўлюся лёсам кожнага свайго выхаванца.

Дзіна Іосіфаўна не парывае сувязі з роднай школай. А можна сказаць так: гэта школа не парывае сувязей са сваім былым дырэктарам, пазней намеснікам дырэктара, заслужанай настаўніцай Беларускай ССР (ганаровае званне Дзіне Гурчанка прысвоена Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у сакавіку 1968 года). Ёй тэлефануюць, да яе заходзяць сённяшнія педагогі, дзеляцца добрымі навінамі, просяць парады. І як заўсёды бывае, заходзіць размова пра сённяшніх вучняў.

– Вельмі турбуюся за моладзь. Не, юнакі і дзяўчаты адукаваныя, выхаваныя, але каб толькі не ператварыліся ў механічных людзей, у робатаў, думалі, а не толькі націскалі на кнопкі. А такая пагроза, заўважаю, існуе. Вось і выкладанне літаратуры – гэтага духоўнага пажытку для розуму – скарацілі. Шкада! Я няхай і выкладала ўсё жыццё рускую мову і літаратуру, з павагай стаўлюся да ўсяго роднага, беларускага. Не прапускаю па тэлевізары перадачу «Гаворым па-беларуску».

Акрамя адміністрацыйнай і педагагічнай работы Дзіна Гурчанка актыўна займалася асветніцкай дзейнасцю – была лектарам і прапагандыстам, кіраўніком метадычнага савета пры кабінеце палітычнай асветы ГК КПБ, актывістам гарадской арганізацыі таварыства «Веды» (сёння для многіх гэтыя назвы мала аб чым гавораць). Часта і ахвотна наведвала вытворчыя калектывы, з асаблівым настроем тыя, дзе працавалі бацькі яе вучняў. Сустрэчы гэтыя, прызнаецца, прыносілі задавальненне і радасць: прыемна было назіраць, як змяняецца светапогляд людзей, акрэсліваецца і расце іх грамадская і працоўная актыўнасць. Дарэчы, давялося ёй удзельнічаць у рабоце першага Усесаюзнага з’езда настаўнікаў, быць дэлегатам Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў, які ў 1957 годзе праходзіў у Маскве.

Пачуцці і ўспаміны, якія звязваюць Дзіну Іосіфаўну з роднай школай, з настаўнікамі і вучнямі, яна імкнецца выкласці ў вершах. Цэлы вучнёўскі сшытак запоўнены акуратным «настаўніцкім» почыркам.

«Я повторить опять готова:
Люблю тебя, вторая школа,
Твоих ребят, учителей…
Чем старше я – тем все родней,
Успехи школы – жизнь светлей,
Зато ошибки бьют больней.
Здесь постигаешь для себя,
Что школа – жизнь,
а жизнь – борьба.
Для каждого пусть будет свято:
Не забывать свои пенаты.
Куда бы вас Отчизна ни послала,
И счастие куда б ни увело,
Запомните: и мир вам не чужбина,
А здесь особенно тепло,
Хоть часто было горько, тяжело».

– Мой педагагічны стаж у адной школе – 41 год 3 месяцы і 19 дзён, – шчыра ўсміхаецца субяседніца. – Можаце ўявіць, які адбітак на сэрцы застаўся.

Сёлета Дзіна Іосіфаўна пахавала мужа. З Леанідам Міхайлавічам Салагубам (наша гераіня засталася на дзявочым прозвішчы) яны жылі дружна і шчасліва. Выгадавалі сына Андрэя, які стаў вайскоўцам, афіцэрам, служыў і цяпер жыве ў горадзе Ахтубінску Астраханскай вобласці, дзе размясціўся лётна-выпрабавальны цэнтр імя Чкалава. Сын і нявестка стараюцца наведваць Дзіну Іосіфаўну, але адлегласць не дазваляе рабіць гэта часта. Затое кожную суботу Ахтубінск «выходзіць на сувязь» з Маладзечнам.

– Часу сумаваць не маю: кнігі, газеты, тэлевізар… А вось тут мой штаб, – Дзіна Іосіфаўна паказвае на канапу, ля якой «прымасціўся» столік з тэлефонам. – Адсюль трымаю сувязь з цэлым светам.

Кожны чалавек разлічвае восень свайго жыцця правесці прыгожа і спакойна, без трывог і мітусні, разам з роднымі, блізкімі людзьмі. Тады і ў доме цёпла, і на душы светла. Дзіне Іосіфаўне Гурчанка, самаму што ні ёсць народнаму Настаўніку, такое цяпло і святло дорыць родная школа, дзеляцца імі многія і многія яе вучні і калегі.

Падрыхтавана ў суаўтарстве з Кларай ФІЛІПАВАЙ,.
Фота: асабісты архіў Д.І. ГУРЧАНКА.