Новости Молодечно и Молодечненского района

На всероссийском конкурсе победили молодечненские гимназисты

  • 2017-05-07 07:52:45
  • Анжаліка Крупянькова


Незвычайная гісторыя палкавой іконы

«Сёлета на конкурс з’ехалася больш за 900 удзельнікаў ад Калінінграда да Нарыльска. Былі прадстаўнікі вядучых ліцэяў, гімназій Масквы, Санкт-Пецярбурга. Уяўляеце, як ганарова нам было пачуць у гэтым спісе назву сваёй школы», — дзеліцца ўражаннямі Ягор Кузін. За даследчую работу «Палкавая ікона – вера, гісторыя, мужнасць, гераізм і забыццё 14-га грэнадзёрскага Грузінскага палка» хлопец удастоены вышэйшай узнагароды – дыплома лаўрэата ў секцыі «Рэлігія ўчора і сёння». Падзякай аргкамітэта ўзнагароджаны яго навуковы кіраўнік настаўнік гісторыі Антон Апанасевіч. Да таго ж даследаванне юнага лебедзеўца як лепшае ў сваёй намінацыі ўключана ў зборнік, выдадзены па выніках конкурсу. Ён праходзіў у некалькі тураў. Спачатку быў завочны адбор работ, на фінальным этапе трэба было перад стэндам прадставіць сваё даследаванне некалькім камісіям, адказваць на шматлікія пытанні. «Гэта вялікі вопыт, пераадольванне сябе, яркія эмоцыі, знаёмства з равеснікамі з усёй Расіі», — гаворыць Ягор.

Цікава было даведацца пра ікону, якая натхніла на працу хлопца і яго педагога. Яны расказалі, што ў час Першай сусветнай вайны ў вёсцы Кавальцы стаяў 14-ы грэнадзёрскі Грузінскі полк. Яго салдаты кватаравалі ў мясцовых жыхароў, а ў хаце Фёклы Шаюк абсталявалі паходную царкву, павесілі там іконы. Сярод іх была і палкавая з вобразамі святых, што апякаюць воінаў. Пасля вайны ікона засталася ў гаспадыні, а затым перайшла ў спадчыну да пляменніцы Вольгі Матусевіч. У 1989 годзе жанчына перадала яе ў Лебедзеўскую царкву.

У ходзе даследавання з дапамогай расійскіх мастацтвазнаўцаў лебедзеўцам удалося даведацца, што ікона была створана ў 1840 годзе маскоўскім майстрам Аляксандрам Панфілавым. Яе можна назваць ювелірным вырабам, бо яна амаль цалкам зроблена з серабра. Колькі салдат схілялі галовы перад ёй у малітве… Ад адных яна адвяла бяду, а многія знайшлі ў нашым краі апошняе прыстанішча. Шмат воінаў загінула паблізу Лебедзева. Толькі ў адным баі, у час якога прымянілі газавую атаку, іх палягло каля трох тысяч.

На могілках у Беніцы ёсць пахаванне часоў Першай сусветнай, Антон Антонавіч вельмі спадзяецца, што ўдасца яго добраўпарадкаваць. «Для нас гэта справа гонару», — гаворыць неабыякавы педагог. Дарэчы, расійскія калегі асабліва дзякавалі за захаванне памяці пра воінаў Першай сусветнай вайны. Антон Антонавіч, у сваю чаргу, выказвае шчырую ўдзячнасць бацькам Ягора, якія ўзялі на сябе расходы на тыднёвую паездку ў Маскву, а таксама лебедзеўскаму індывідуальнаму прадпрымальніку Аляксандру Сароку, які аказаў фінансавую дапамогу.          

Польская гімназія – прэстыж для мястэчка

У некаторай ступені «Маладзечанская газета» паспрыяла поспеху Аляксандра Бабія. Яго даследчая работа «Маладзечанская гуманітарна-адукацыйная польская гімназія імя Тамаша Зана» таксама адзначана дыпломам лаўрэата. Два гады таму Аляксандр звярнуўся да нашых чытачоў з просьбай дапамагчы знайсці сваякоў выпускнікоў навучальнай установы, якая дзейнічала ў нашым горадзе з 1922-га па 1939 год. З гэтай мэтай хлопец прымаў удзел у адным з выпускаў папулярнай перадачы «Жди меня». Той, хто шукае, знаходзіць. Пашанцавала і Аляксандру: адазвалася маладзечанская доўгажыхарка Галіна Сіцько, якая падзялілася сваімі ўспамінамі аб вучобе ў гімназіі, перадала фотаздымкі. Нэлі Ігоніна таксама прадставіла здымкі, дакументы сваёй маці Леанілы Пачыкоўскай, якая вучылася ў гэтай установе. Дарэчы, яе ўнучка Юлія Ігоніна – вядомая маскоўская скрыпачка.

У выніку пошукавай работы Аляксандр і яго навуковы кіраўнік настаўніца гісторыі Наталля Лянкевіч даведаліся, што тут вучыўся сын Браніслава Тарашкевіча Радаслаў, актыўны прапагандыст беларускай мовы Лявон Шыман, настаўнік Віктар Казлоўскі. Як вынік даследавання — стварэнне інфармацыйна-аналітычнай базы Польскай гімназіі. Удалося таксама прасачыць жыццёвы шлях некаторых яе выпускнікоў. Сваімі высновамі Аляксандр дзяліўся на канферэнцыі. Акрамя асноўнага конкурсу былі і іншыя, Сашу нават давялося спяваць песню на французскай мове. Хлопец адзначаны граматамі ў некалькіх намінацыях. Экскурсія па Маскве, цырымонія ўзнагароджання ў Палацы піянераў на Вараб’ёвых гарах – усё гэта незабыўныя імгненні, за якія ён удзячны свайму навуковаму кіраўніку, гімназіі, якая яго падтрымлівала, бацькам, якія ўзялі на сябе ўсе выдаткі па паездцы.  

Дарэчы, частка будынка Польскай гімназіі захавалася, яна знаходзіцца на тэрыторыі станказавода. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ў гэтых сценах размяшчалася Маладзечанская настаўніцкая семінарыя, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка. А вось памяць аб Польскай гімназіі не ўвекавечана. Наталля Аляксандраўна і яе вучань перакананы: гэта ўстанова была вельмі прэстыжнай для тагачаснага мястэчка, з яе сцен выйшла шмат дастойных людзей. І мы не маем права пра гэта забываць. Будзе вельмі правільна, калі на будынку, дзе яна размяшчалася, з’явіцца мемарыяльная дошка – знак нашай гістарычнай памяці.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.