Мама ж у гэты дзень паднесла яму самы дарагі падарунак – у сям’і Ясевіч з’явілася дачушка, якую назвалі Вольгай.
З Вольгай Пятроўнай мы бачыліся ўпершыню, а гаварылі як добрыя знаёмыя – настолькі гэта прываблівы і шчыры чалавек. Працуе яна выхавальніцай групы падоўжанага дня ў гімназіі №10. Вельмі любіць сваю работу і сямейныя святы.
— Памятаю, як у дзяцінстве мы рыхтаваліся адразу да двух свят — Новага года і майго дня нараджэння. З узнёслым настроем накрывалі стол. Любімымі нашымі стравамі былі смажаная курыца і дамашні торт «Птушынае малако»,
упрыгожаны свечкамі па колькасці маіх гадоў, — успамінае субяседніца. — На стале былі, вядома ж, аліўе, селядзец «пад шубай», іншая смаката. Вечарам збіраліся госці. Гучалі віншаванні і пажаданні, уручаліся падарункі. Атмасферу стваралі водар хвоі і мандарынаў, бой курантаў і звон хрусталю... І, вядома ж, такі чаканы візіт Дзеда Мароза! Ля навагодняй ёлкі я чытала яму вершы, спявала песні, атрымлівала падарункі і салодкія пачастункі. Я шчыра верыла, што толькі ў мяне такое асабістае свята, і вельмі радавалася гэтаму, — прызнаецца Вольга Пятроўна.
Цікавыя супадзенні з цягам часу ў сям’і прадоўжыліся.
1 студзеня 2001 года ў Вольгі з’явілася дачушка Малання – першая нованароджаная нашага горада ў ХХІ стагоддзі і трэцім тысячагоддзі. Такім чынам, у жыццё маладой сям’і Чартовых і гісторыю Маладзечна ўвайшоў доўгачаканы чалавечак.
Урачыстая рэгістрацыя дзяўчынкі адбылася ў аддзеле ЗАГС гарвыканкама ў канцы студзеня. У дадатак да цёплых слоў загадчыцы аддзела ЗАГС Ніны Шарыпавай, віншаванняў сваякоў былі падарункі ад горада – тэлевізар «Гарызонт» і камплект для нованароджанай, ад калектыву ЗМК, дзе працаваў бацька Маланні Дзмітрый, – пральная машына і прас…
Цяпер дзяўчынка вучыцца ў 10 класе гімназіі-каледжа мастацтваў, у будучыні бачыць сябе юрыстам. Яна творчая натура, захапляецца тэатрам, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам і верыць у цуды. А як інакш, калі ў навагоднюю ноч ты адзначаеш тры сямейныя святы! І заўсёды атрымліваеш цудоўныя падарункі. Гэта нічога, што раскрыты сакрэт Дзеда Мароза, які «перадаў» прыемныя абавязкі тату. Яму даводзіцца іншым разам ламаць галаву над сюрпрызамі для сваіх любімых дзяўчат. Але ён штораз клапатліва выбірае раўназначныя прэзенты.
— Ёсць у нашай сям’і яшчэ адна добрая традыцыя. Напярэдадні каталіцкіх Каляд у доме з’яўляецца ёлка. Мы з Маланняй упрыгожваем яе гірляндамі і рознакаляровымі шарамі, развешваем агеньчыкі, — расказвае Вольга Пятроўна. — А самае галоўнае, 1 студзеня заўсёды ідзём на святочную еўхарыстыю ў касцёл, каб прыняць святое прычасце, падзякаваць Богу за пражыты год, памаліцца за здароўе і дабрабыт сваіх блізкіх і ўсіх людзей. Шчыра пажадаць адзін аднаму веры і надзеі, такой неабходнай на зямлі. І ў светлыя дні Нараджэння Хрыстова сэрцам адчуць: там, на нябёсах, нас чакае любоў.