Сёння новапрызначаныя майстры лесу, памочнікі ляснічых, інжынеры лесапунктаў, інжынеры па лесанарыхтоўках, лесаводы ўжо выконваюць свае працоўныя абавязкі.
Усе яны выбралі свой лёс невыпадкова. Аднак для некаторых першае працоўнае месца стала нечаканасцю. Тым больш цікава было паслухаць, як прынялі ў калектывах новыя кадры, якія ўмовы ім стварылі, ці ёсць у моладзі перспектывы кар’ернага росту.
Дарэчы, пытанне перспектыў і магчымасці рэалізацыі ў прафесіі мае для маладых спецыялістаў вялікае значэнне. У іх ёсць азарт, імкненне і смеласць прапанаваць новыя ідэі, рухацца наперад. І вельмі важна, каб усё гэта было заўважана і адзначана.
З моладдзю сустрэліся кіраўнікі лясной галіны цэнтральнага рэгіёна. Генеральны дырэктар Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Мацюшэўскі цікавіўся ўмовамі працы і быту маладых спецыялістаў, работай па ахове зялёных насаджэнняў у лясгасах. Ён падкрэсліў, што сапраўдным прафесіяналам нельга стаць за некалькі месяцаў, для гэтага неабходная практыка.
— Моладзь павінна рухацца наперад! Калі вы прыйшлі ў лясную гаспадарку, дык заставайцеся тут на ўсё жыццё. Працуйце, развівайцеся — і ўсё атрымаецца! — даў наказ прысутным С. Мацюшэўскі.
У час урачыстага пасяджэння маладыя спецыялісты атрымалі памятныя медалі. Прычым заахвочванне праходзіла ў прысутнасці кіраўнікоў лясгасаў або іх намеснікаў. У праграме семінара-нарады былі таксама наведванне аб’ектаў Маладзечанскага лясгаса і закладка алеі ў зялёнай зоне ля спартыўна-забаўляльнага цэнтра.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.