Маладыя людзі падзяліліся ўражаннямі аб першых працоўных буднях, выказалі свае пажаданні, задалі пытанні.
З прывітальнымі словамі да настаўнікаў звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская, начальнік арганізацыйна-кадравай работы Таццяна Шафаловіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Драпеза, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Каханоўская.
Сярод пачынаючых педагогаў нямала мясцовых юнакоў і дзяўчат, але ёсць і з іншых абласцей, нават са сталіцы. Пераважна гэта выпускнікі ВНУ.
У СШ №14 будзе выкладаць матэматыку Рамуальд Алятоіць. Дарэчы, ён адзіны з маладых спецыялістаў, хто размаўляў з прысутнымі на прыгожай беларускай мове. Пачынаючы матэматык з дынастыі педагогаў, родам са Смаргоні. Працаваць марыў менавіта ў нашым горадзе, які яму вельмі падабаецца.
Вольга Шэмет будзе выкладаць нямецкую мову ў гімназіі №10. У свой час яна закончыла мясцовую СШ №9. Тут займалася з сёмага класа, калі прыехала ў наш горад з Гродзеншчыны. Павялічылася ў нашым раёне і «сям’я» работнікаў фізічнай культуры. На Маладзечаншчыну размеркаваны спецыялісты па веласіпедным і конным спорце, фехтаванні на шаблях. Сярод выкладчыкаў фізічнай культуры і здароўя ёсць кандыдат у майстры спорту па грэблі на байдарках і каноэ Анастасія Васечка, якая будзе працаваць у гімназіі №10. Родам яна са Століншчыны, адукацыю атрымала ў Мазырскім педагагічным універсітэце імя Івана Шамякіна. Была ў алімпійскім рэзерве. Анастасія надзвычай адказна ставіцца да сваёй работы і лічыць, што фізічная культура і здаровы лад – аснова поспехаў у вучобе і наогул у жыцці.
У гімназію №7 і СШ №14 размеркаваны педагогі, якія валодаюць не толькі англійскай, але і польскай, кітайскай мовамі.
Мы пазнаёміліся таксама з братам і сястрой Сяргеем і Вікторыяй Сідаровічамі, выпускнікамі нашай СШ №5. Хлопец працуе інжынерам-праграмістам у гімназіі №3 і СШ №9. Малады чалавек выказаў пажаданне, каб ва ўстановах адукацыі ўдасканальвалася камп’ютарнае абсталяванне. Спецыяльнасць тэхніка-праграміста ён набыў у Ашмянскім аграрна-эканамічным каледжы, а ў наступным годзе збіраецца паступаць ва ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, марыць стаць праграмістам-педагогам. Яго сястра Вікторыя пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пачынае працоўны шлях у якасці педагога-псіхолага ў Красненскай СШ.
У адкрытым дыялогу прынялі ўдзел і маладыя повары, якія прыйшлі на работу ў сталовыя ўстаноў адукацыі. Пераважна гэта выпускнікі Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Прычым не толькі дзяўчаты, але і хлопцы.
… Прыемна, што маладыя спецыялісты задаволеныя першымі працоўнымі месцамі. Ва ўсіх ёсць жаданне самаўдасканальвацца і развівацца.
Маладзечна яны лічаць выдатнай пляцоўкай для рэалізацыі сваіх прафесійных планаў. Асаблівыя надзеі на моладзь ускладаюць і мясцовыя ўлады.
— Наш горад лічыцца культурнай сталіцай. Спадзяёмся, што ён будзе і сталіцай адукацыі. А гэта ў многім залежыць ад вас, — заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская.
У час сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых улад шэраг маладых спецыялістаў урачыста прынялі ў рады грамадскай арганізацыі «Белая Русь».
Фота: Аляксей ПЛАТКО.