Спаборніцтвы прадугледжаны па шасці кампетэнцыях – малярныя (і дэкаратыўныя), каменныя, абліцовачныя, сталярныя работы, швейная справа, сантэхніка. У канцы лістапада будуць названы імёны тых, хто прадставіць наш раён на абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства. Дарэчы, ён мае сусветны маштаб. Хто ведае, мажліва, навучэнцы з маладзечанскага каледжа дабяруцца і да гэтага этапу. А ім ёсць на каго раўняцца. Летам Ціхан Кавальчук увайшоў у лік мацнейшых на конкурсе «World Skils-2017», які праходзіў у Шанхаі. Ён набыў у каледжы прафесію сталяра-дрэваапрацоўшчыка і цяпер працягвае тут навучанне на ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аддзяленні «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». А майстар вытворчага навучання Мікалай Цалко, які дапамагаў рыхтавацца да гэтага конкурсу, нядаўна пабываў на аналагічных спаборніцтвах у Абу-Дабі з мэтай пераймання вопыту. Пра сваю паездку ён расказаў і ўдзельнікам «College Skills-2017».
Адкрылі гэтыя працяглыя па часе прафесійныя спаборніцтвы будучыя маляры-тынкоўшчыкі. У вучэбным цэнтры «Ceresit», што знаходзіцца ў каледжы, канкурсанты ў імправізаванай частцы памяшкання клеілі шпалеры. Безумоўна, яны «з нуля» рыхтавалі сцены, што з’яўлялася адным з заданняў. Таксама выконвалі дэкаратыўныя і абліцовачныя работы. Удзельнікаў ацэньвалі выкладчыкі спецдысцыплін і майстры вытворчага навучання каледжа, а ў якасці незалежнага эксперта быў кіраўнік маладзечанскага прадстаўніцтва будаўнічай арганізацыі ТАА «РычМенХаус» Андрэй Чыжэўскі. Каледж даўно супрацоўнічае з гэтым прадпрыемствам, навучэнцы праходзяць тут вытворчую практыку і нярэдка потым прыходзяць у якасці кваліфікаваных рабочых. Сярод канкурсантаў, дарэчы, быў выпускнік навучальнай установы, а цяпер малады спецыяліст РычМенХаус», маляр-тынкоўшчык-плітачнік-абліцоўшчык Ігар Сіняўскі. Нараўне з юнакамі канкурыравала і адзіная дзяўчына – другакурсніца Крысціна Вышыдкевіч. Яна абсалютна не згодная з тым, што прафесія маляра-тынкоўшчыка, якую набывае ў каледжы, не жаночая. Маўляў, гэта як мастак, толькі інструменты і матэрыялы іншыя. Па меркаванні Крысціны, важна любіць сваю справу, быць прафесіяналам, і з гэтым складана паспрачацца. У галіне будаўніцтва яна марыла працаваць з дзяцінства, таму і пайшла на аналагічнае аддзяленне ў гэту ўстанову ўслед за старэйшай сястрой.
— Мы не шкадуем фінансавых укладанняў у правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства. Напрыклад, на арганізацыю «College Skills-2017» зрасходавана каля дзвюх тысяч рублёў, — заўважае намеснік дырэктара навучальнай установы Кацярына Ілюковіч. – Для прэтэндэнтаў на ўдзел тут надзвычай сур’ёзны адбор — вылучаюцца лепшыя з лепшых. На наш погляд, конкурс можа стаць выдатным шанцам на шляху ў прафесію. А сродкі на такія мерапрыемствы выдаткоўваем з пазабюджэту, які, у сваю чаргу, папаўняецца за кошт аказання дадатковых адукацыйных паслуг для розных арганізацый і жадаючых набыць тую ці іншую спецыяльнасць у каледжы, таксама зарабляем грошы за аказанне паслуг насельніцтву па выкананні будаўнічых работ, рамонце швейных вырабаў.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.