Новости Молодечно и Молодечненского района

Молодечненский гимназист привез серебряную медаль с Менделеевской олимпиады

  • 2019-05-21 11:46:45
  • Ірына Рабушка


Прэстыжны турнір аб’яднаў звыш 150 вучняў з 29 краін свету. Іван, на рахунку якога перамогі на алімпіядах ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню, урэшце ўвайшоў у склад зборнай Беларусі. З шасцярых яе ўдзельнікаў чацвёра атрымалі ўзнагароды. У скарбонцы нашых землякоў па адным залатым і сярэбраным медалі і два бронзавыя.

Гэта алімпіяда была знакавай: ЮНЕСКА аб’явіла 2019-ы Міжнародным годам перыядычнай сістэмы хімічных элементаў, бо сёлета адзначаецца 150-годдзе з дня адкрыцця Дзмітрыем Мендзялеевым перыядычнага закона.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы складаліся з двух тэарэтычных тураў і аднаго эксперыментальнага. Юнакі і дзяўчаты рашалі заданні па неарганічнай, арганічнай, аналітычнай, фізічнай хіміі і навуцы пра жывое. Таксама школьнікі працавалі ў лабараторыі і дэманстравалі навыкі правядзення хімічнага аналізу і сінтэзу па прапанаванай методыцы.

Іван гаворыць, што найбольш складана яму было на практычным заданні. І тут жа дадае:


— Але я не люблю, калі вучоба ідзе лёгка і гладка. Мне падабаецца пераадольваць цяжкасці.

Іншым разам ён заседжваецца за падручнікамі да глыбокай ночы.Чацвёрты год асвойваць хімію гімназісту дапамагае настаўніца Аксана Каляда. Таксама хлопец наведвае міжшкольны факультатыў у гімназіі №7.

— Я адразу вылучыла яго сярод іншых вучняў, — далучаецца да размовы Аксана Віктараўна. — Ён заўсёды задаваў неардынарныя пытанні і імкнуўся паглыбіцца ў тую ці іншую тэму. Неяк, напрыклад, спытаўся, што адбываецца з малаком, калі яно скісае. Каб зацікавіць дзяцей прадметам, нельга пакідаць без увагі ніводнае пытанне. Ужо з першых урокаў Івану не цярпелася пачаць вывучаць табліцу Мендзялеева.

Адзінаццацікласнік вельмі нешматслоўны. Нават стрымана адгукаецца пра шматлікія экскурсіі па Санкт-Пецярбургу, што сталі прыемным падарункам удзельнікам Мендзялееўскай алімпіяды. І ўсё ж асабліва яго ўразіў Эрмітаж і, у прыватнасці, раскошная галоўная з белага мармуру лесвіца Зімняга палаца, па якой у свой час паднімаліся паслы замежных дзяржаў.

На пытанне, чым цікавіцца, акрамя хіміі, Іван сур’ёзна адказвае:

— Паглыбленым вывучэннем хіміі.

Хлопец задаволены, што ў яго гімназіі створаны ўсе ўмовы для вывучэння гэтай цікавай навукі не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.

Фота: Ірына РАБУШКА.