Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт ініцыяваў сумесны праект з клубам «Пошук» СШ №5 г. Маладзечна «У памяці мяжы няма». Як вядома, яго прадстаўнікі аднымі з першых у рэспубліцы пачалі аднаўляць імёны вязняў, закатаваных у ваенныя часы ў канцлагеры «Шталаг-342», што знаходзіўся ў Маладзечне. Абмяняцца вопытам у гэтай нялёгкай і неабходнай нашчадкам справе да нас у лютым прыязджалі прадстаўнікі Глыбоцкага райвыканкама і райсавета ветэранаў, Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея, педагогі і старшакласнікі, якія займаюцца пошукавай дзейнасцю.
Нядаўна з візітам у адказ на Віцебшчыне пабывалі педагогі і ўдзельнікі клуба «Пошук» пад кіраўніцтвам Ганны Карумнай, якая працягвае справу сваёй папярэдніцы Лідзіі Князевай. У складзе дэлегацыі былі былыя малалетнія вязні Ала Чурыла і Галіна Жыгальская. Маладзечанцы наведалі мемарыяльны комплекс «Урочышча Барок». Там у гады Вялікай Айчыннай праводзіліся масавыя расстрэлы савецкіх і іспанскіх ваеннапалонных, якія былі вязнямі спецыялізаванага дапаможнага канцлагера – філіяла ад нашага «Шталага». Там утрымліваліся пераважна цяжкахворыя і параненыя.
— На Глыбоччыне толькі пачаў зараджацца пошукавы рух. У Празароцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе створаны клуб «Грамадзянін». За доўгі час мы назапасілі шмат цікавых напрацовак, матэрыялаў і гатовы падзяліцца вопытам, — заўважае Ганна Карумная. — Але для нас гэта перш за ўсё сумесная работа. Нядаўна расіяне адшуквалі свайго дзеда, які загінуў у «Шталагу», і звярнуліся па дапамогу ў наша аб’яднанне. Урэшце выявілася, што ён быў закатаваны на Глыбоччыне.
У час паездкі маладзечанцы пабывалі і ў музеі СШ №1 імя Паўла Сухога, дзе сабраны матэрыялы пра гэтага таленавітага авіяканструктара. Як вядома, Павел Восіпавіч — ураджэнец Глыбокага. Таксама ў мясцовай бібліятэцы сямейнага чытання адбыліся «Патрыятычныя чытанні». Педагогі, школьнікі і былыя вязні пагутарылі на тэму міру і вайны, актуальную і ў сучасных рэаліях.