Новости Молодечно и Молодечненского района

Мастацтва прыгожага пісьма

  • 2024-02-28 09:42:42
  • Ірына Рабушка

Незвычайны занятак правёў мастак народнай студыі выяўленчага мастацтва Беразінскага СДК Сяргей БОЖКА – ён навучаў школьнікаў каліграфіі.

Інакш гэты кірунак называюць мастацтвам прыгожага пісьма. Прычым вучні, як кажуць, спалучалі прыемнае з карысным. Яны з непадробнай цікавасцю слухалі пра гісторыю каліграфіі, унікалі ў разнастайнасць шрыфтоў (а іх існуе дзевяць) і заадно прыгожым почыркам пісалі пісьмы сябрам.

– У сучасных дзяцей зрэдку бывае роўны, зразумелы почырк, – зазначае Сяргей Іванавіч, які працуе ў студыі 28 гадоў. – Верагодна таму, што ўсё больш часу яны праводзяць за гаджатамі і набіраюць тэкст пры дапамозе клавіятуры. У выніку іх, калі можна так сказаць, каліграфія нагадвае каракулі.

У Сяргея Божкі выдатны почырк з дзяцінства, ужо з першага класа ён быў прыкладам для іншых вучняў. Сяргей Іванавіч гаворыць, што здольнасць прыгожа пісаць у яго прыроджаная. Яшчэ больш удасканаліў яе, калі вучыўся на мастака і працаваў мастаком-афарміцелем. Цяпер заўважае, што можа выпісваць раўнюткія літары з завязанымі вачыма. Да гэтага часу ён захаваў падручнікі па каліграфіі савецкага ўзору, сцвярджае, што яны самыя лепшыя. Ёсць і пёры для пісьма таго часу – розныя па форме і дыяметры. Імі і вучыў пісаць сучасных дзяцей у студыі. У адных атрымалася адразу, іншым давялося папрацаваць. Але нікога ўрок не пакінуў абыякавым. На погляд мастака, пісаць пёрамі ў каліграфічным мастацтве самае складанае.

Ірына РАБУШКА
Фота: архіў Беразінскага СДК