Новости Молодечно и Молодечненского района

Любоў Юркевіч: «Аднакласнікі здавалі рускую мову, а я -- беларускую»

  • 2023-06-08 11:39:40
  • Людміла Цар

Выпускніца сярэдняй школы №4 г. Маладзечна Любоў Юркевіч (на фота) па выніках цэнтралізаванага экзамену па беларускай мове атрымала максімальныя 100 балаў.

Гэта падзея стала нагодай для нашай сустрэчы ў рэдакцыі. Размова ішла не толькі пра вучобу, яна тычылася адносін моладзі да роднай мовы.

Любоў расказала, што да восьмага класа вучылася сярэдне. Аднойчы мама Аксана Міхайлаўна, якая працуе настаўніцай у Селеўскай сярэдняй школе, сказала ёй:
-- Люба, у хуткім часе ў цябе пачнецца дарослае жыццё. Трэба вызначацца, чаго ты хочаш, з якой прафесіяй думаеш звязаць будучыню.

У дзясятым класе сярэдні бал у Любы Юркевіч быў ужо вышэйшы за дзевяць. Яна зразумела: калі прыкладзе намаганні, ёй па сілах будзе паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Па беларускай мове рэпетытары не патрабаваліся. Добрыя веды дала настаўніца Аляксандра Іванаўна Сідаровіч.

-- Вельмі ўдзячна я таксама Ірыне Рыгораўне Гулак, якая прыйшла да нас у дзясятым класе. На ўроках яна адкрывала таямніцы роднай мовы, прывівала любоў да беларускай літаратуры. Па гэтых прадметах у мяне «дзясятка», -- гаворыць Люба.

Стасункі не абмяжоўваліся толькі школьнай праграмай. Люба пераканалася, наколькі важная падтрымка настаўнікаў, каб адчуваць сябе ўпэўнена.

-- На першым рэпетыцыйным тэсціраванні я хвалявалася. Былі праблемы з пунктуацыяй. Вядома, расстроілася, калі набрала ўсяго 72 балы. Але наперадзе быў цэлы год. На другім РТ вынік ужо быў 96 балаў. Гэта стала прыступкай да «сотні» на ЦЭ. З заданнямі на экзамене я справілася  прыкладна за гадзіну. Хапіла часу, каб праверыць правільнасць адказаў. Найбольш складанымі для мяне аказаліся заданні з фразеалагізмамі, -- дзеліцца субяседніца.

Пра максімальны вынік Любе паведаміла Ірына Рыгораўна.

-- Ніколі не перастану захапляцца мілагучнасцю роднай беларускай мовы, -- гаворыць дзяўчына. -- На ёй мы размаўляем у сям’і. Вельмі хочацца, каб яна станавілася ўсё больш распаўсюджанай. Невыпадкова нашу мову параўноўваюць па мілагучнасці з італьянскай. У тым, што мы павінны ведаць сваю гісторыю, мяне пераканала сястра. Дарэчы, іх у мяне дзве: Вера і Надзея. Вера працуе маркетолагам, прымяняе ў рабоце творчы падыход. Надзея вучыцца ў Мінскім лінгвістычным універсітэце на аддзяленні раманскіх моў, спецыялізуецца на французскай мове.

Усе сёстры выпускніцы СШ №4. Летнія канікулы яны праводзілі ў вёсцы Пятроўшчыне.
-- Сонечны дзень. Я працую ў агародзе і слухаю аўдыёкнігу Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», -- успамінае Люба. -- У ліку маіх любімых твораў «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна, «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча.

Ірына Гулак адзначае, што дзяўчына актыўна ўдзельнічала ў розных творчых конкурсах, у ліку якіх «Беларусь -- мірная краіна», «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». Станавілася пераможцай школьнай алімпіяды па беларускай мове, у мінулым годзе заняла другое месца ў раённай алімпіядзе. Люба -- творчая асоба, у характары якой спалучаецца адказнасць, міласэрнасць, добразычлівасць.

Раней Любоў Юркевіч хацела паступаць у Маладзечанскі музычны каледж. Яна закончыла музычную школу па класе домры, а дадатковым інструментам была гітара. Музыка застанецца ў яе жыцці ў якасці хобі. Вызначыцца з тым, што ёй больш падыходзіць па характары, у чым можа праявіць сябе, змагла на прафарыентацыйных курсах. Там азнаёмілася з псіхалагічнымі кірункамі дзейнасці, у прыватнасці, гіштальд-псіхалогіяй. Паступаць дзяўчына плануе ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. Для поспеху ў яе ёсць ўсе складальнікі.