Яшчэ з шостага класа Ліза захапілася геаграфіяй, якую выкладае Людміла Разанава. Гэта настаўніца таксама неаднаразова адзначалася за поспехі ў рабоце, у тым ліку Спецыяльным фондам Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— У Людмілы Анатольеўны заўсёды цікава на ўроках. Яна дае шмат матэрыялу, якога не знойдзеш у школьных падручніках. А яшчэ ўмее заінтрыгаваць вучняў: закране тую ці іншую тэму, а каб глыбей унікнуць у яе, нам, вучням, даводзіцца самастойна штудзіраваць кнігі або інтэрнэт, — гаворыць Лізавета.
Геаграфія захапіла дзяўчыну. Звычайных урокаў ёй стала мала, і яна пачала наведваць факультатыўныя заняткі, на якіх яшчэ больш паглыбілася ў вывучэнне дысцыпліны. А ў восьмым класе першы раз паспрабавала сябе на алімпія-
дзе і адразу трапіла ў лік прызёраў. На раённым этапе была адзначана дыпломам 3-й ступені, на абласным – 2-й. У дзявятым класе Лізавета прайшла не толькі «раён» і «вобласць», але і выйграла «рэспубліку». У гэтым навучальным годзе яна зноў у лідарах па выніках раённага і абласнога этапаў (апошні, дарэчы, адбыўся зусім нядаўна). Цяпер Ліза рыхтуецца да рэспубліканскага.
Дзяўчынка паспяхова вучыцца не толькі ў гімназіі, але ў дзіцячай школе мастацтваў па класе фартэпіяна. Лізавеце даводзіцца рыхтавацца да ўрокаў і ў гімназіі, і ў школе мастацтваў, шмат чытаць дадатковай літаратуры па геа-
графіі, каб прадоўжыць алімпіядны шлях. Але яна не скардзіцца на недахоп часу.
— Галоўнае, усё дакладна спланаваць і паставіць мэту. Тады і справы зробіш, і вольны час застанецца, — з усмешкай заўважае Ліза.
Дзяўчынка гаворыць, што засвойвае столькі матэрыялу дзякуючы выдатнай зрокавай памяці і багатай фантазіі. Ёй вельмі падабаецца вывучаць мацерыкі. Уяўленне Лізаветы бударажыць Паўднёвая Амерыка, яна марыць пабываць на бразільскім карнавале. Уражвае гімназістку і тэма прыродных з’яў. Асаблівае захапленне выклікаюць агні святога Эльма, ці, як іх яшчэ называюць, «каронны разрад». Назву з’ява атрымала ад імені святога Эльма — апекуна маракоў у каталіцызме. Па легендзе, гэтыя агні даюць ім надзею на поспех, а ў небяспечнай сітуацыі — на выратаванне.
Калі ў нашай Лізаветы штосьці не атрымліваецца, яна таксама ўяўляе выратавальны «каронны разрад» і смела крочыць да новых вяршынь.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.