Новости Молодечно и Молодечненского района

Логопед: «Читайте вслух, развивайте произношение!»

  • 2017-11-13 08:00:27
  • Ірына Рабушка

Працуйце кім хочаце…
Людміла Мянцюк кіруе раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў-дэфектолагаў (лагапедаў) пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дашкольных устаноў і непасрэдна працуе ў садзе-яслях №28. У прафесіі яна больш за 25 гадоў.
У савецкія часы лагапедаў рыхтавалі толькі ў тагачасным педінстытуце імя Максіма Горкага ў Мінску. Конкурсы на факультэт дэфекталогіі былі вельмі вялікія. Людміла паспяхова закончыла інстытут, ёй нават далі права выбраць месца работы. Так яна апынулася на Астравеччыне.
— Там мяне сустрэлі неспадзяваным пытаннем: маўляў хто такі лагапед? Працуйце кім хочаце — настаўніцай пачатковых класаў, малявання, фізкультуры, матэматыкі, — цяпер ужо з усмешкай успамінае Людміла Мечыславаўна свае першыя працоўныя будні. – У выніку стаўку па маёй спецыяльнасці ўсё ж адкрылі. Калегі-педагогі з непадробнай цікавасцю прыходзілі глядзець, чым займаецца лагапед…

Кожны дзень станоўчыя эмоцыі
У роднае Маладзечна Людміла вярнулася, калі стварыла сям’ю. Але прафесіі сваёй не змяніла. На працягу працоўнага шляху ёй неаднойчы прапаноўвалі і перакваліфікацыю, і прасоўванне па кар’ернай лесвіцы.
— Я люблю сваю работу, — гаворыць субяседніца. – Яна спалучае ў сабе псіхалогію, педагогіку і медыцыну – усё тое, што мне блізкае. Кожны дзень прыносіць станоўчыя эмоцыі: сваімі поспехамі радуюць мае маленькія выхаванцы.

Усе заняткі Людміла Мечыславаўна праводзіць у форме гульні, інакш з дзецьмі немагчыма.

— Карэкцыйная работа — не толькі выпраўленне дэфектаў маўлення, абагачэнне слоўнікавага запасу, развіццё звязнага маўлення, але і ўдасканаленне камунікацыйных навыкаў, эмацыянальнай сферы і пазнавальных працэсаў, — расказвае пра спецыфіку дзейнасці педагог. – Надзвычай важна і тое, каб дзіця з маленства чула правільнае маўленне. Часта, калі дарослыя імкнуцца паказаць дзіцяці ласку, каверкаюць словы, чаго не варта рабіць. Таксама нельга перагружаць малышоў інфармацыйна, не трэба спяшацца з вывучэннем замежных моў, вершы і казкі неабходна чытаць з улікам узросту, важна абмежаваць час камп’ютарных гульняў. І заўсёды памятайце: нішто не заменіць «жывой размовы».
Людміла Мечыславаўна звярнула ўвагу і на паводзіны дзяцей, якія павінны насцярожыць бацькоў. Трэба абавязкова звярнуцца да спецыяліста, калі, напрыклад, малыш да канца першага месяца жыцця не крычыць перад кармленнем альбо адмаўляецца ад яго, у 2-3 месяцы не «агукае», у 4-5 — не ўсміхаецца, не рэагуе на гукі і цацкі, а ў 2-3 гады не ўмее наладжваць кантакт з равеснікамі, не размаўляе.

Павольна гаворыш – хутка думаеш
За шмат гадоў дзейнасці Людміла Мянцюк пераканалася і ў тым, што дапамагаць дзецям трэба пачынаць з дарослых – мам і татаў, бабуль і дзядуляў, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у працэсе выхавання. І яна здолела зрабіць іх сваімі саюзнікамі, часта запрашае на заняткі, каб неабходная работа была прадоўжана і дома.

— Наогул, усе дзеці розныя, немагчыма займацца з імі па аднолькавым шаблоне. Тых жа спосабаў выпраўлення маўлення літары «р» існуе больш за дзясятак. Трэба выбраць адзіны правільны ў канкрэтным выпадку, — заўважае Людміла Мечыславаўна.

Яна адна з нямногіх педагогаў, хто дазваляе выхаванцам звяртацца да сябе так — «цёця Люда». Бо спалучэнне яе імені і імені па бацьку з’яўляецца для дзяцей з сур’ёзнымі моўнымі парушэннямі складаным. І сама параўноўвае яго са скорагаворкай.

— Дарэчы, скорагаворкі карысныя для паляпшэння дыкцыі і дарослым. Толькі трэба вучыцца іх гаварыць спачатку няспешна і паступова павялічваць хуткасць. Адзін з лепшых спосабаў удасканалення маўлення ў дзяцей і дарослых — чытанне ўслых на працягу 20-30 мінут на дзень, прычым з пункту гледжання навукі варта аддаць перавагу фантастыцы або паэзіі. Таксама выдатна падыходзяць самабытныя творы Льва Талстога, — дае парады Людміла Мечыславаўна. – Навукоўцы лічаць, што яго стыль напісання гаюча ўздзейнічае на маўленне і ў выніку на псіхіку. Наогул, калі чалавек трэніруе артыкуляцыйны апарат – гэта значыць, ён развівае мазгавую дзейнасць, трымае яе ў тонусе і заадно здымае стрэс.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.