Па традыцыі конкурс стартаваў у пачатку навучальнага года. На званне пераможцаў (а лепшыя вызначаліся ў васьмі намінацыях) прэтэндавалі 134 педагогі,мясцовых устаноў адукацыі раёна – ад дзіцячых садоў да гімназій. Па выніках першага тура былі адабраны 27 канкурсантаў.
Самым творчым і яркім атрымаўся фінал, у якім удзельнічалі 23 канкурсанты. Ён доўжыўся два дні. У першы настаўнікі на сцэне СШ №14 давалі міні-ўрокі, прысвечаныя Году навукі. Тэму – гэта выказванні вядомых навукоўцаў і філосафаў — яны выцягвалі, як білеты на экзамене. А на другі дзень у гімназіі-каледжы мастацтваў канкурсанты дэманстравалі акцёрскія здольнасці.
Сярод фіналістаў было толькі чацвёра мужчын. Многія канкурсанты выдатна спяваюць, іграюць на музычных інструментах, складаюць вершы. Усё часцей настаўнікі аддаюць перавагу беларускай мове.
Найбольшая колькасць удзельнікаў – па трое – прадстаўляла гімназію №10 і СШ №14. Прычым усе канкурсанты з «дзясятай» — выкладчык рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Васілій Маліноўскі, настаўніца пачатковых класаў Святлана Наздрына-Платніцкая і настаўніца музыкі Кацярына Дубовік — перамагалі ў сваіх намінацыях, кожная з якіх аб’ядноўвала педагогаў пэўных дысцыплін або спецыялістаў дашкольнай адукацыі.
Таксама на «вобласць» паедзе гісторык СШ №14 Дзмітрый Януковіч. Ён, дарэчы, самы малады канкурсант — у гэтай сферы працуе першы год. Як сам прызнаўся, пасля заканчэння магістратуры выбіраў паміж педагагічнай дзейнасцю і навуковай. Але аддаў перавагу школе.
Пакарыла журы і настаўніца матэматыкі гімназіі-каледжа мастацтваў Кацярына Асіповіч. Яна разыграла казку пра Золушку на новы лад, у чым ёй дапамаглі навучэнцы. Дарэчы, у гэтай канкурсанткі дзве вышэйшыя адукацыі – педагагічная і эканамічная.
Яркім і па-французску вытанчаным было выступленне выкладчыцы французскай мовы Кацярыны Івашанка. Немагчыма не прыгадаць і яе групу падтрымкі – самую актыўную, вясёлую і франкамоўную.
Разам з ёю на абласны этап конкурсу накіруецца выкладчык біялогіі і геаграфіі гімназіі-каледжа мастацтваў Дзмітрый Ганецкі. У нашым раёне яго многія ведаюць як чалавека, захопленага вывучэннем мора. На конкурсную сцэну Дзмітрый выйшаў у вобразе Іхтыяндра.
Сярод лепшых таксама выхавальніца дашкольнай установы №24 Таццяна Апановіч. А ўладальніцай спецыяльнага прыза журы стала выхавальніца дзіцячага сада №2 Вікторыя Рудзько, дарэчы, адна з самых вопытных канкурсантак.
Пераможцы атрымалі дыпломы, памятныя статуэткі ў выглядзе кнігі і залатога пяра, ад райкамітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — сертыфікаты на 100 рублёў. Падарункі падрыхтавала і раённая арганізацыя РГА «Белая Русь». Журы таксама дастаўся прэзент — сваю кнігу «Падарожжа па краіне здароўя» падарыла настаўніца гісторыі Гарадоцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Таццяна Шумель. Яна з’яўляецца кіраўніком раённай школы эфектыўнай педагагічнай практыкі па здаровым ладзе жыцця.
Настаўнік геаграфіі СШ №11 Аляксандр Краўчонак прынёс на конкурс паўнюткі турысцкі рукзак, кацялок, тушонкк ды згушчонку ў кішэнях… Ён вялікі аматар паходаў, краязнаўства і гульняў клуба вясёлых і знаходлівых, чым захоплівае і выхаванцаў. Аляксандр па-філасофску заўважыў: «Шчаслівы той, хто мае арыенцір. Для мяне гэта школа».
Сярод тых, хто звярнуўся да прысутных, ганаровая госця і суддзя конкурсу, кандыдат псіхалагічных навук, загадчыца кафедры педагогікі і псіхалогіі дашкольнай і пачатковай адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Нядвецкая. Сімвалічным было выступленне выкладчыка гісторыі СШ №11 Віктара Жука, пераможцы рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.
Пераможцы раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2017».