За гэты час не раз рэфармавалася праграма навучання, змяняліся школьная форма і сістэма адзнак, але яны ніколі не пашкадавалі, што сталі настаўніцамі. Першае верасня для іх не толькі прафесійнае, але і сямейнае свята.
Клаўдзія
Маленькія сельскія школы – такія дамашнія, утульныя, родныя… Вельмі шкада, што суровыя рэаліі жыцця не пакінулі ніводнай: сёння ў іх не было б каго вучыць… Зоранькаўская, Гаеўская пачатковыя, Груздаўская васьмігодка засталіся толькі ў памяці вучняў і педагогаў. Адна з іх – Клаўдзія Іванаўна Станевіч, якая пасля Слуцкага педвучылішча прыехала настаўнічаць у наш раён. Шмат гора давялося перажыць на роднай Бабруйшчыне: у вайну памерла ад тыфу матуля, пазней не стала і бацькі, у 19 гадоў засталася круглай сіратой. Пуцяводнай зоркай стала старэйшая сястра Валянціна, якая паступіла ў педвучылішча. Услед за ёю вырашыла стаць настаўніцай і Клаўдзія. Мара вучыцца, каб затым перадаваць свае веды дзецям, дапамагала змірыцца з цяжкім лёсам, з беднасцю, іншы раз нават з голадам. Клаўдзія Іванаўна і сёння памятае ўсе свае новыя сукенкі: дзе шыла ці купляла, калі першы раз апранула, бо кожны новы ўбор быў прымеркаваны да нейкай важнай падзеі, свята. Цікава, што пачынала яна свой педагагічны шлях у Зоранькаўскай пачатковай школе, адтуль пайшла і на пенсію, але з пасады загадчыцы, хаця ў розныя гады працавала ў Гаеўскай пачатковай, Груздаўскай васьмігодцы. Для некалькіх пакаленняў мясцовых жыхароў Клаўдзія Іванаўна стала першай настаўніцай, якая навучыла не толькі чытаць і пісаць, але і сябраваць, дапамагаць больш слабым, паважаць старэйшых, любіць сваю малую радзіму. У нашай мясцовасці яна знайшла свой лёс: выйшла замуж за Валянціна Станевіча з Гаеўцаў. У гэтай прыгожай ціхай вёсачцы яны пабудавалі дом, выгадавалі цудоўную дачушку, дачакаліся ўнукаў.
Вера
Добра разумеючы, якая адказная і няпростая прафесія настаўніка, Клаўдзія Іванаўна рабіла спробу скіраваць сваю Веру на іншы шлях, хацела, каб тая стала ўрачом. А дзяўчынка захаплялася літаратурай, сама пісала вершы. Вучылася ў сёмым класе, калі ў рэспубліканскім дзіцячым часопісе «Бярозка» апублікавалі яе верш «Мая Радзіма». Як радасна і горда ёй было бачыць свае першыя друкаваныя радкі,
атрымаць па пошце станоўчую рэцэнзію ад вядомага пісьменніка Міколы Чарняўскага! На адны «пяцёркі» Вера закончыла Груздаўскую васьмігодку, без экзаменаў магла паступіць у медвучылішча, але колькі матуля ні ўгаворвала, не згадзілася – пайшла ў дзявяты клас у Палачанскую школу. І калі развітвалася з ёю, сказала сабе: «Абавязкова сюды вярнуся, толькі ўжо настаўніцай!». Паступіла ў Мінскі педінстытут імя М. Горкага на факультэт рускай мовы і літаратуры: вельмі хацела быць падобнай на сваіх любімых педагогаў-філолагаў На-
дзею Каралевіч і Надзею Яцукевіч.
Добра памятае Вера Валянцінаўна адзін са сваіх 1 Верасня ў Літвянскай базавай школе. Ёй, творчай, ініцыятыўнай, даверылі падрыхтаваць ўрачыстую лінейку. Свята было цёплым і шчымлівым, аб ім станоўча адазваўся прадстаўнік раённага аддзела адукацыі Уладзімір Сільвановіч. Літвянская школа была адметнай, мела сваю «изюминку». У савецкія часы, калі пра школьныя бізнес-кампаніі ніхто і не чуў, тут штогод у вялікай колькасці вырошчвалі ў цяпліцах расаду памідораў і прадавалі па ўсім наваколлі, вазілі нават у аддаленыя вёскі.
Праз некалькі гадоў збылася Верына мара: яна вярнулася ў родную Палачанскую школу, дзе ёй прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Гэта быў вельмі плённы перыяд: цудоўны калектыў, прагрэсіўны дырэктар Уладзімір Хурсан, узаемаразуменне з вучнямі і іх бацькамі. І цяпер выпускнікі запрашаюць Веру Валянцінаўну на свае сустрэчы, тэлефануюць, віншуюць са святамі. Абставіны склаліся так, што давялося ёй працаваць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў СШ №12, дзе было звыш тысячы вучняў і больш за сто настаўнікаў. З усмешкай успамінае, як дома па спісе вучыла імёны калег і праз тыдзень ведала ўсіх… Затым была работа метадыстам у аддзеле адукацыі, і вось пяты год мая субяседніца з’яўляецца педагогам-арганізатарам спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Шчыра прызнаецца, што спачатку цяжка было справіцца з эмоцыямі: вельмі шкадавала хворых дзетак, асабліва сірот. Прыходзіла дадому і давала волю слязам.
Але з часам прыйшло разуменне, што дзецям трэба не спачуванне, а падтрымка, магчымасць развіваць свае здольнасці, пазнаваць нешта новае, адаптавацца да жыцця. Колькі сцэнарыяў цікавых мерапрыемстваў, незабыўных свят склала яна за гады работы, не раз аздабляла іх уласнымі вершамі. Дарэчы, больш за 30 яе распрацовак апублікаваны ў рэспубліканскіх навукова-метадычных часопісах. «Каб дзецям было цікава, абавязкова ў сцэнарый трэба ўключаць гульнявыя моманты, элементы нечаканасці, інсцэніроўкі, музычныя ўстаўкі, выкарыстоўваць мультымедыйныя сродкі», — дзеліцца багатым уласным вопытам педагог з 42-гадовым стажам. Вось і да свята Першага званка яна прыдумала новы персанаж – Верасень, які падарыў першакласнікам ключ ад Краіны ведаў…
Вера Міцько (чацвёртая злева ў другім радзе) рабіла першыя крокі ў прафесію ў Літвянскай васьмігадовай школе.
— Вы працавалі ў часы розных школьных рэформ і новаўвядзенняў. Як ставіцеся да магчымага пераходу з дзесяцібальнай сістэмы адзнак да ранейшай пяцібальнай? – не магла не спытаць у вопытнага педагога.
— Я пакінула б дзесяцібальную, бо лічу яе больш дасканалай. У пяцібальнай, на мой погляд, было тры адзнакі: «тройка», «чацвёрка» і «пяцёрка». «Адзінкі» мы наогул не ставілі, «двойкі» — даволі рэдка, а ў гадавых адзнаках – ніколі, бо тады б вучань застаўся на другі год. Дзесяцібальная сістэма больш спрыяльная і для атрымання залатога медаля: вышэйшымі адзнакамі лічацца як «дзявяткі», так і «дзясяткі». Першае, што падумала, калі пачула пра магчымы пераход на пяцібальную сістэму, — медалістаў у школах стане менш…
Дзіна
Малодшая прадстаўніца педагагічнай сямейнай дынастыі Дзіна Пратасевіч працуе настаўніцай мастацтва ў СШ №11 пасля заканчэння факультэта народнай культуры педуніверсітэта імя Максіма Танка. Прыйшла сюды 13 гадоў таму, але шэсць з іх была ў дэкрэтным водпуску, гадавала сына Валянціна і дачушку Алесю. З вясны яна вучыць малодшых школьнікаў маляванню, вядзе факультатыўныя заняткі. Дзіна расказвае, што маляваць любіла з маленства, а мастацкая школа знаходзіцца ў доме, дзе жыла іх сям’я. За час вучобы маладая настаўніца асвоіла не толькі жывапіс, але і многія віды рукадзелля. Яе канёк – саломапляценне, роспіс па шкле. Падабаецца ёй і чараваць над афармленнем тартоў. Чарговы кулінарны шэдэўр Дзіна стварыла да свята вёскі Гаеўцы, якое адбылося гэтым летам. На торце – выява бабулінай хаты, сапраўднай калыскі педагогаў. Нельга не сказаць і пра тое, што старэйшы брат Дзіны Міхаіл таксама закончыў педагагічны ўніверсітэт, выкладаў гісторыю ў школах раёна, праўда, цяпер змяніў род занятку.
Педагогамі не становяцца, а нараджаюцца, перакананы маці, дачка і ўнучка. Сугучныя з іх меркаваннем і радкі верша Веры Міцько, які яна прачытала на адной з раённых педагагічных канферэнцый:
«Праца педагога – праца сэрца,
Гэта праца шчырая душы.
Дзеці к нам прыходзяць, каб сагрэцца.
У пяшчоце ім не адкажы…».
Фота: АЎТАР, уласны архіў Веры МІЦЬКО.