25.01.2023 8:44

Восем Таццян з восьмай школы

Вось такое супадзенне: сярод больш чым паўсотні педагогаў СШ №8 восем уладальніц гэтага прыгожага імені. Мы пазнаёміліся з імі напярэдадні Таццянінага дня, што адзначаецца сёння, 25 студзеня.

Цудоўнае сузор’е Таццян з СШ №8: Таццяна Кавалеўская, Таццяна Бандарэнка, Таццяна Чакрызава, Таццяна Сіманенка, Таццяна Берднік, Таццяна Кулікоўкая, Таццяна Каласко, Таццяна Башынская. Цудоўнае сузор’е Таццян з СШ №8: Таццяна Кавалеўская, Таццяна Бандарэнка, Таццяна Чакрызава, Таццяна Сіманенка, Таццяна Берднік, Таццяна Кулікоўкая, Таццяна Каласко, Таццяна Башынская.

Цікава, што сярод іх чатыры настаўніцы пачатковых класаў: Таццяна Берднік, Таццяна Бандарэнка, Таццяна Каласко, Таццяна Чакрызава. Дзве выкладаюць англійскую мову -- Таццяна Башынская і Таццяна Сіманенка, дзве -- філалагічныя дысцыпліны: Таццяна Кавалеўская -- рускую мову і літаратуру, Таццяна Кулікоўская -- беларускую мову і літаратуру.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Маі Февралёвай, усе яны вопытныя прафесіяналы і надзейныя калегі, якія шчодра дзеляцца з вучнямі ведамі, любяць дзяцей, школу, свае прадметы.

Найбольш -- 34 гады -- працуе ў СШ №8 Таццяна Бандарэнка. Гэта яе адзінае месца работы. Яна стала першай настаўніцай для некалькіх соцень пачаткоўцаў. Калі ў чарговы раз выпускае чацвёрты клас, нібы адрывае ад сэрца хлопчыкаў і дзяўчынак, з якімі зраднілася за чатыры гады. Вось і сёлета ў маі развітаецца са сваім 4 «Б». А ў верасні ўсё пачнецца нанова…

Таццяна Уладзіміраўна расказвае, што імя даў ёй тата ў гонар сваёй сястры. Сярод сваякоў яна адзіны педагог. У вольны ад работы час любіць вязаць для сябе і дачкі Наталлі.

Таццяна Берднік працуе ў школе з 1994 года, цяпер вядзе заняткі ў 1 «А» класе. За 28 гадоў работы не раз супадала, што да яе ў клас траплялі спачатку старэйшыя дзеці з адной сям’і, затым малодшыя. І гэта таксама гаворыць аб даверы, павазе бацькоў да педагога.

-- Мяне матуля хацела назваць Ганнай, аднак брат Алег настаяў: «Толькі Таня!». Яму падабалася дзяўчынка з такім іменем, -- дзеліцца Таццяна Кулікоўская.

Адметна, што ў СШ №8 працуе кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання сын Таццяны Іосіфаўны Антон-Казімір Кулікоўскі.
-- У нашай вёсцы Путнікі, што пад Радашковічамі, жыло шмат Таццян, гэта імя было надзвычай папулярным, -- прыгадвае Таццяна Кавалеўская, якая вось ужо 31 год выкладае ў СШ №8 рускую мову і літаратуру. Штогод яна чытае з вучнямі пісьмо да Яўгенія Анегіна пушкінскай Таццяны -- класічнага носьбіта гэтага прыгожага імені.

Таццяна Сіманенка -- прадстаўніца больш маладога пакалення, сёлета будзе 10 гадоў, як працуе ў восьмай школе. Яна расказвае, што тата назваў яе ў гонар сваёй стрыечнай сястры, якая была дачкой педагога, дырэктара школы. Такім чынам, Таццяна Валер’еўна не адзіны педагог у сваёй радні. Родам яна, дарэчы, з Брэсцкай вобласці, як сама гаворыць, амаль што з Белавежскай пушчы.

-- Адно са значэнняў вашага імя -- «наладжвальніца». А што вы наладжваеце? -- пытаюся ў субяседніцы.

-- Найперш свае ўрокі! Стараюся, каб вучням было цікава. Мне вельмі падабаецца англійская мова, гэта не толькі мая прафесія, але і хобі.

-- Вельмі радуе, што сярод нашых вучняў нямала матываваных, якія з цікавасцю вывучаюць англійскую мову і дасягаюць поспехаў, -- падключаецца да размовы Таццяна Башынская.

Яна, дарэчы, у 8 «А» класе выкладае свой прадмет на павышаным узроўні. А яшчэ цікава, што яна нарадзілася 14 лютага, у Дзень святога Валянціна. Тыя, хто гэта ведае, іншы раз пытаюцца, чаму яе не назвалі Валянцінай.

-- Скажыце, а сярод вашых вучаніц ці ёсць Таццяны? -- звярнулася я да педагогаў.

Яны задумаліся, некаторыя нават хуценька прагарнулі спісы вучняў. Амаль у кожны класе Ульяны, Паліны, Валерыі, ёсць Варвары, Дарыны, Дамінікі, Васілісы. А вось Таццяны ні адной…

-- Ведаю, што ў аднаго з маіх вучняў ёсць трохгадовая сястрычка Таццяна. Так што праз тры-чатыры гады, магчыма, у нас будзе вучаніца з такім іменем, -- прыгадвае Таццяна Сіманенка. -- А наогул, я пераканана, што мода на наша імя абавязкова вернецца. Гэта ж класіка, а класіка, як вядома, вечная!

НАША ДАВЕДКА

Таццянін дзень штогод адзначаецца 25 студзеня. У гэтага свята ёсць некалькі значэнняў, але самае важнае -- памінанне царквой святой пакутніцы Таццяны Рымскай, якая жыла ў Рыме ў II-III стагоддзях і прапаведавала хрысціянства, за што яе пазбавілі жыцця 25 студзеня (па новым стылі) 226 года.

У 1755 годзе ў гэты дзень Расійская імператрыца Лізавета Пятроўна падпісала указ аб стварэнні Маскоўскага ўніверсітэта. З таго часу святая Таццяна лічыцца апякункай усіх студэнтаў, а 25 студзеня адзначаецца як Дзень студэнта.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 212 раз Последнее изменение 25.01.2023 8:44
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.