15.11.2021 11:23

«Цяпер мы ведаем, дзе знаходзіцца помнік Міколу Ермаловічу»

Так можа сказаць кожны ўдзельнік нядаўняга квэста, прысвечанага стагоддзю з дня нараджэння славутага беларускага гісторыка, пісьменніка, ганаровага грамадзяніна горада Маладзечна Міколы Ермаловіча.

У час выканання заданняў квэста. У час выканання заданняў квэста.

Прайсціся па слядах летапісца беларускай гісторыі, выканаць цікавыя заданні квэста першакурснікаў Дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, будучых тэхнолагаў па захаванні і перапрацоўцы збожжа, запрасілі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Навучэнцы прыйшлі на сустрэчу разам са сваім куратарам выкладчыкам гісторыі Аляксандрам Латушкам.

Перад тым як прыступіць да выканання заданняў, юнакі і дзяўчаты з цікавасцю слухалі расповед супрацоўніка бібліятэкі пісьменніка Міхася Казлоўскага, які асабіста ведаў Міколу Ермаловіча, напісаў пра яго ўспаміны.

Заданні квэста былі розныя: як на веданне гісторыі, так і на кемлівасць. Ля помніка-валуна Міколу Ермаловічу на скрыжаванні вуліц Віленскай і Валынца моладзь уважліва чытала надпіс. Трэба было знайсці падказку на пытанне, колькі стагоддзяў чакала Беларусь гэтага гісторыка, які стварыў сваю канцэпцыю старадаўняй Беларусі і ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.

— Чатыры стагоддзі! – усклікнулі юнакі і дзяўчаты, хуценька пазначылі адказ і паспяшаліся па іншых адрасах.

Яны пабывалі ля дома на Вялікім Гасцінцы, 72, дзе доўгі час жыла сям’я Міколы Іванавіча. Адзін з маршрутаў квэста прывёў і да будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі па вуліцы Льва Талстога. Тут будучыя тэхнолагі даведаліся, што Мікола Іванавіч уваходзіў у савет бібліятэкі, часта працаваў у чытальнай зале. Таксама юнакі і дзяўчаты выконвалі заданні, звязаныя са славутымі землякамі, у гонар якіх названыя вуліцы нашага горада. Аказваецца, Мікола Ермаловіч уваходзіў у камісію па перайменаванні вуліц Маладзечна, і іх сучасныя назвы – у многім заслуга гэтага неабыякавага чалавека.

Большасць навучэнцаў, якія ўдзельнічалі ў квэсце, іншагароднія. Дзякуючы бібліятэкарам яны не толькі шмат даведаліся пра Міколу Ермаловіча, але і пазнаёміліся з гісторыяй, помнікамі, знакавымі месцамі нашага горада.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ЦЭНТРАЛЬНАЙ РАЁННАЙ БІБЛІЯТЭКІ.

Прочитано 209 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.