14.10.2021 13:11

Урок для аднаго вучня

На перапынках у калідоры гэтай школы так ціха, як у час урокаў. Усяго шасцёра вучняў займаюцца ў чатырох класах дзяржаўнай установы адукацыі «Хоўхлаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – пачатковая школа Маладзечанскага раёна». Акрамя таго, тут працуе рознаўзроставая дашкольная група, якую наведваюць дзясяцера хлопчыкаў і дзяўчынак ад трох да шасці гадоў.

Урок матэматыкі. Святлана Лобач і яе адзіная вучаніца другакласніца Софія Войтка. Урок матэматыкі. Святлана Лобач і яе адзіная вучаніца другакласніца Софія Войтка.

Ад сярэдняй да пачатковай

— Малайчына, Софія, добра зразумела новую тэму, правільна рашыла прыклады! – пахваліла сваю вучаніцу Святлана Лобач, настаўніца пачатковых класаў і адначасова намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Софія Войтка адзіная вучаніца ў другім класе. Як і Валерыя Бабёр у чацвёртым, дзе вядзе заняткі дырэктар вучэбна-педагічнага комплексу Мікалай Бярлоў. У першым і трэцім – па двое вучняў. Не падрыхтавацца да ўрока, спадзявацца на тое, што не выклічуць, гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі не могуць, яны пад пастаянным кантролем сваіх педагогаў. І адказваць на пытанні настаўніка ім даводзіцца шмат разоў за ўрок.

— Нашы вучні да гэтага прывыклі, — гаворыць Святлана Анатольеўна, якая ў свой час сама закончыла гэтую ж школу, атрымала вышэйшую педагагічную адукацыю і вось ужо 23 гады тут працуе.

Толькі ў час яе вучобы школа была сярэдняй, хаця класы таксама былі нешматлікімі – па 4-6 вучняў. Двухпавярховы цагляны будынак школы ў Хоўхлаве адкрылі ў 1965 годзе. І сёння ён выглядае вельмі акуратным, дагледжаным. У калідорах і класах, у садаўскай групе светла і па-дамашняму ўтульна. Сучасныя вокны, зручная мэбля, на сценах дыдактычныя матэрыялы – усе ўмовы для вучобы. Вось толькі каб вучняў больш! На жаль, маладых сем’яў у аграгарадку няшмат, не вельмі імкнецца моладзь ехаць за 18 кіламетраў ад Маладзечна ў глыбінку.

Намеснік дырэктара расказвае, што ў 2008 годзе іх установа атрымала статус базавай, з 2018 стала пачатковай. Пасля яе юныя хоўхлаўцы працягваюць вучобу ў Хажоўскай СШ, куды арганізаваны іх падвоз на школьным аўтобусе.

Усе настаўнікі мясцовыя

Так, усе шасцёра педагогаў, якія тут працуюць, жывуць у Хоўхлаве. У сярэдзіне 1980-х сюды па размеркаванні пасля інстытута замежных моў прыехалі Мікалай і Зоя Бярловы. З 2000-га года Мікалай Андрэевіч узначальвае гэту ўстанову. Зоя Антонаўна цяпер вядзе заняткі ў першым класе. У яе два вучні – Святаслаў Шапуцько і Раман Цыбін. Хлопчыкі жывуць па-суседстве на вуліцы Сымона Буднага. Дзякуючы сваёй настаўніцы першакласнікі ведаюць, што гэта беларускі асветнік і друкар, ганарацца, што ён жыў у іх вёсцы. Зоя Антонаўна не бярэцца падлічыць, колькі выпускаў было ў яе за амаль чатыры дзесяцігоддзі. Тры пакаленні хоўхлаўцаў навучылі яны з калегамі чытаць і пісаць, далі ім пуцёўку ў вялікае жыццё. Вось і Раман са Святаславам сказалі, што хочуць быць трактарыстам і камбайнерам — вясковыя хлопчыкі любяць тэхніку, для іх прыклад – таты, дзядулі…

Роўна 50 гадоў складае педагагічны стаж Алены Талянінай, якая вядзе заняткі ў трэцім класе. Яна родам з Мойсіч, у школе працуе з 1980 года. У Алены Яўгеньеўны дзве вучаніцы – Яна Сянько і Маша Быцун.

Трэцякласніцы Яна Сянько і Маша Быцун на ўроку рускай мовы са сваёй настаўніцай Аленай Талянінай.

— А да Святланы Мар’янаўны я ў садзік хадзіла, — з усмешкай гаворыць Святлана Лобач і знаёміць мяне з выхавальніцай дашкольнай групы Святланай Такушэвіч, якая прыехала сюды па размеркаванні, выйшла замуж і засталася назаўсёды. Успамінае, што ў савецкі час у групах было па 25 дзяцей. Да кожнага вопытны педагог знаходзіць падыход, яна цудоўна ведае сваю справу.

Выхавальніца Святлана Такушэвіч знаходзіць агульную мову з кожным з дашкалят.

Заняткі ў школе ва ўсе часы праводзіліся на беларускай мове. Хажоўская СШ таксама беларускамоўная — пяцікласнікам лягчэй адаптавацца. З трэцяга класа юныя хоўхлаўцы пачынаюць вывучаць англійскую мову, якую выкладаюць Зоя і Мікалай Бярловы.

Каб вучні маглі праявіць свае здольнасці, тут працуюць факультатывы. У творчых майстэрнях дзеці вучацца рукадзеллю, на «Асновах моўнай культуры» глыбей вывучаюць родную мову. Два разы на тыдзень прыязджае з Селеўцаў настаўніца спеваў Алена Купрыян, якая рыхтуе да розных свят канцэртныя праграмы. Вось і на Дзень маці тут чакаецца душэўнае мерапрыемства. А напярэдадні настаўнікі прапанавалі вучням паўдзельнічаць у акцыі «Падары маме «дзясятку»!». Цеснае супрацоўніцтва тут наладжана з мясцовым Домам культуры, яго дырэктарам Галінай Войтка.

«Гатую абеды як для сваіх дзяцей»

Ёсць ва ўстанове свая сталовая. Повар Вольга Сянько працуе тут ужо 11 гадоў. Родам яна з Маладзечна, пераехала на радзіму мужа, аб чым зусім не шкадуе. Старэйшая дачка Алена вучыцца ў восьмым класе Хажоўскай школы, а вось двое малодшых тут: Яна трэцякласніца, Яраслаў наведвае дзіцячы сад. Маміны абеды яны вельмі любяць, як і ўсе вучні і дзетсадаўцы. А па святах Вольга радуе дзяцей смачнай выпечкай, бо па адукацыі яна кандытар…

Повар Вольга Сянько любіць сваю работу і гатуе вельмі смачна.

Дарэчы, харчаванне для вучняў сельскай школы бясплатнае, а за садзік бацькі плацяць толькі палову кошту. Раз на год усе вучні школы ездзяць на аздараўленне, таму што Хоўхлава лічыцца зонай з перыядычным радыяцыйным кантролем. Як правіла, яны адпачываюць 24 дні ў дзіцячым рэспубліканскім аздараўленчым цэнтры «Надзея» на Вілейшчыне. Накіроўваюць туды і вучняў Хажоўскай школы, якія жывуць у Хоўхлаве. Але як бы цудоўна там ні было, заўсёды сумуюць па сваёй школе, дзе ўсё такое роднае і блізкае.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 330 раз Последнее изменение 14.10.2021 13:11
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.