Тамара Бунта, нібы тая казачная фея, з’явілася ў капелюшы, упрыгожаным матылькамі, і з кошыкам, паўнюткім сваіх кніг. Яна расказала пра тое, як ствараюцца яе гісторыі, у аснову якіх часам трапляюць і аўтабіяграфічныя моманты. А яшчэ пра тое, як выпускаюцца кнігі. Пісьменніца заўважыла, што ў гэтым маштабным працэсе задзейнічана нямала людзей. Асабіста яна супрацоўнічае з выдавецтвам «Мастацкая літаратура». На погляд аўтара, у дзіцячых кнігах вельмі важна афармленне, у прыватнасці, малюнкі, таму без мастакоў не абысціся. І яе творы маюць асаблівае мастацкае аздабленне.
У дзіцячым садзе на сустрэчу прыйшлі не толькі дашкольнікі, але і пачаткоўцы з СШ №4. Разам з дзецьмі пісьменніца пагартала старонкі сваіх кніг, у ліку якіх «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка» і «Сад з белымі матылькамі». Яна загадала дзецям шэраг вясёлых загадак, а за правільныя адказы ўручыла прызы — блакноты і закладкі для кніг.
Тамара Бунта пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам часцей размаўляць па-беларуску і звярнула ўвагу на тое, што выхаванне і любоў да родных традыцый і культуры найперш пачынаюцца з сям’і.
У дашкольнай установе арганізавалі выстаўку твораў пісьменніцы, у чым дапамагла цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча.
Разам з намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада Анастасіяй Далговіч дзеці пагулялі ў перакладчыкаў: яны перакладалі словы з рускай мовы на беларускую. Правільныя адказы не толькі пісалі, але і малявалі на спецыяльных картках. Урэшце хлопчыкі і дзяўчынкі склалі прыгожую карціну.
Тамара Бунта падарыла дашкольнай установе зборнік вершаў Рыгора Барадуліна, Алеся Бачылы, Ніла Гілевіча, Юрася Свіркі, Максіма Танка, іншых беларускіх аўтараў. Гэта кніга выдадзена таксама ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». А пісьменніца атрымала больш за 20 малюнкаў, якія дзеці стваралі разам з бацькамі, у тым ліку па матывах яе твораў. Творчыя работы аформілі ў своеасаблівы мастацкі часопіс. Тамару Бунта гэта вельмі расчуліла і ўразіла. Яна мяркуе, што дзіцячыя малюнкі з часам могуць упрыгожыць яе кнігі.
— Штогод у Міжнародны дзень роднай мовы мы рыхтуем для дзяцей цікавыя мерапрыемствы, — заўважае загадчыца дашкольнай установы №8 Наталія Дзяруга. — Упершыню ў сад прыехала пісьменніца. Мы сябруем з прадстаўнікамі творчай нівы, найперш нашымі землякамі, якія знайшлі сябе ў розных плынях. Беларускай мове дашкольнікаў навучаем на працягу ўсяго навучальнага года. Кожную пятніцу размаўляем выключна па-беларуску. У нас няма груп з пастаянным беларускамоўным навучаннем, бо для іх адкрыцця не хапае запытаў ад бацькоў выхаванцаў. Але ўсе нашы выхавальнікі валодаюць мовай. Далучаем да яе вывучэння і бацькоў дашкольнікаў.
Дзіцячы сад актыўна супрацоўнічае з цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча, Мінскім абласным краязнаўчым музеем, музычным каледжам імя М.К. Агінскага, цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік», кнігарняй «Спадчына».
— У сучасных рэаліях не выклікае сумнення важнасць патрыятычнага выхавання дашкольнікаў, любові да Радзімы, культурнай і гістарычнай спадчыны, — акцэнтавала Наталія Дзяруга. — З улікам узросту дзяцей гэта вельмі цяжкі і карпатлівы працэс, але ён адыгрывае вялікую ролю ў станаўленні асобы.
Галоўнае, дыван не пераблытаць з канапай, а ложак з лыжкай
Мы пацікавіліся ў дзяцей, якія беларускія словы ім падабаюцца найбольш і чаму.
Васіліса ЦЫГАНКОВА:
— Канешне тэлефон! Па ім можна не толькі тэлефанаваць бацькам, бабулі і дзядулю. У тэлефоне можна пачытаць пра жывёл і расліны. Мне вельмі падабаецца даведвацца пра іх штосьці цікавае. А яшчэ ў ім можна пагуляць і паглядзець мульцікі.
Лізавета РЖАВУЦКАЯ:
— Прыгожае слова «дыван». Галоўнае, не пераблытаць яго з «диваном», бо па-беларуску гэта «канапа». Дываны такія розныя! Пухнатыя, з узорамі, у адным тоне… На дыване можна займацца фізічнай зарадкай, а калі ён пухнаты, на ім проста прыемна паляжаць.
Ульяна РЫСКАЛЕНКА:
— Цукеркі! Таму што яны смачныя. І ў іх прыгожыя фанцікі. Я збіраю рознакаляровыя абгорткі, у мяне вялікая калекцыя. Прыемна і тое, што цукеркамі можна пачаставаць сяброў.
Ульяна ПЯТРОВІЧ:
— Я выбіраю «ложак», па гучанні гэта слова падобнае на рускае «ложка». Але я ведаю, што «ложак» — гэта «кровать». На ім можна крыху паскакаць! На лыжцы гэта аніяк не атрымаецца. У мяне дома на ложку прыгожая пасцельная бялізна. Кожную раніцу мы з мамай яго акуратна засцілаем. Лежачы на ложку, можна пагартаць часопісы, а вось чытаць кнігі трэба седзячы, каб былі здаровыя вочкі.
Дзмітрый ВАСЮТА:
— Можна пра вавёрку раскажу?! І слова прыгожае, і звярок мне гэты падабаецца. Ён такі пухнаты, спрытны, хутка скача па дрэвах. Я ніколі вавёрак не бачыў у прыродзе. Таму малюю іх. Мару, каб такі звярок жыў у мяне дома. Я абавязкова дзяліўся б з ім арэхамі і дрэсіраваў бы яго.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.