Займаюцца гэтым удзельнікі гуртка «Музейная справа», які заснаваў зацікаўлены малады педагог Аляксандр Латушка. Ён трапіў у каледж па размеркаванні пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і пяты год выкладае сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны, грамадазнаўства.
— Мая малая радзіма – невялікі гарадок Дзятлава на Гродзеншчыне. Раней не даводзілася бываць у Маладзечне. Мяне заўсёды вабіць нешта новае. Спачатку пазнаёміўся з гісторыяй гэтага краю, потым прыйшла думка аднавіць летапіс навучальнай установы ў асобах і падзеях. За непрацяглы час работы ў каледжы зразумеў, што гэта будзе цікава не толькі жыхарам Маладзечаншчыны, але і краіны. Як вядома, выпускнікі працуюць у розных рэгіёнах, нават за мяжой. Мы збіраем матэрыялы пра іх асаблівыя поспехі. У многіх работнікаў установы цікавы лёс і прафесійны шлях, — заўважае Аляксандр Іванавіч.
Кіраўнік гуртка дапамагае сваім выхаванцам збіраць звесткі, а таксама адшукваць людзей, якія працавалі альбо вучыліся ў каледжы ў розныя часы, каб па іх успамінах аднавіць пэўныя перыяды яго дзейнасці. Вядома, чым больш праходзіць часу, тым больш складана аднавіць гісторыю. Але гурткоўцы на правільным шляху. Гэта пацвердзіў і нядаўні рэспубліканскі конкурс віртуальных музеяў «Захоўваем традыцыі, жывём сапраўдным, ствараем будучыню». Ён праводзіўся сярод устаноў прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па ініцыятыве Міністэрства адукацыі ў рамках праграмы па рэалізацыі стратэгіі міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва Садружнасці Незалежных Дзяржаў, разлічанай да 2020 года. Навучэнцы з’ядналі сабраныя матэрыялы аб гісторыі каледжа ў «віртуальны музей» і таксама прадставілі іх на конкурс. Наогул, было заяўлена 88 праектаў з 86 устаноў. Маладзечанцы адзначаны дыпломам ІІІ ступені.
Цяпер назапашваюцца матэрыялы для адкрыцця стацыянарнага музейнага пакоя. З павагай навучэнцы ставяцца і да падзей сённяшніх, якія неўзабаве таксама стануць гісторыяй. Самыя цікавыя моманты занатоўваюць. Напрыклад, нядаўна ў каледжы адбылася сустрэча выпускнікоў, якія закончылі яго паўвека таму. Прыходзілі да ўдзельнікаў гуртка «Музейная справа» актывісты ветэранскай арганізацыі настаўнікаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Ладзілася сустрэча ў рамках Года малой радзімы. Як зазначыла старшыня ветэранскай арганізацыі Ніна Балебус, прадстаўнікам старэйшага пакалення вельмі важна, каб дзеці, моладзь і наогул сучаснікі ведалі свае карані, шанавалі родную зямлю — толькі тады можна быць упэўненым у заўтрашнім дні.
З цікавасцю слухалі прысутныя Мікалая Хрэшчыка, армейскі шлях якога прайшоў дарогамі Таджыкістана і Афганістана. Цяпер Мікалай Мікалаевіч працуе педагогам дадатковай адукацыі ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік».
— Мы не забываем і пра тых ветэранаў, якія па стане здароўя не могуць далучыцца да нас. Наведваем іх дома, расказваем пра тое, чым жыве наша арганізацыя, — гаворыць Ніна Балебус.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.