Новости Молодечно и Молодечненского района

Гімназія №10 Маладзечна перамагла ў конкурсе «Лепшы сад Гётэ»

  • 2019-07-24 05:41:53
  • Ірына Рабушка

Праект, арганізаваны Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, аб’яднаў педагогаў, вучняў і іх бацькоў у каманду крэатыўных аднадумцаў.

Сад Гётэ — своеасаблівы зялёны клас пад адкрытым небам. На тэрыторыі гімназіі з’явілася невялікая сцэна, акружаная раслінамі, лаўкамі, з неад’емным атрыбутам — лагатыпам PASCH. Усе неабходныя элементы зялёнага класа (у тым ліку сталы і лаўкі) зроблены з экалагічных і другасных матэрыялаў. Прычым клас з’яўляецца мабільным, што дазваляе ператварыць яго ў зімовы сад.

Цырымонія адкрыцця сада Гётэ нагадвала таямнічую казку. Самым урачыстым момантам было пераразанне сімвалічнай зялёнай стужкі. Гэта зрабілі дырэктар гімназіі Таццяна Камкова і выкладчык нямецкай мовы Барыс Вайцяхоўскі, які раней кіраваў гэтай навучальнай установай.

— У садзе Гётэ плануецца праводзіць факультатыўныя і індывідуальныя заняткі па нямецкай мове, а таксама рэпетыцыі і тэатральныя пастаноўкі, з якімі, дарэчы, гімназісты пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах і фестывалях Інстытута імя Гётэ. Аматарам кніг альбо шахматыстам таксама тут можна будзе займацца любімым хобі. Адным словам, кожны, хто сюды прыйдзе, застанецца задаволены, — гаворыць Таццяна Камкова.

Сярод самых актыўных работнікаў, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі ўрачыстага мерапрыемства, — Таццяна Бабей, Вольга Бруй, Людміла Губко, Кацярына Ермаковіч, Святлана Расальская, Алена Сербіна, Таццяна Смародская, Дзмітрый Хаўронін, Уладзімір Ляшковіч. Далучыліся да іх вучні і бацькі.

Першай раслінай, з якой пачаўся сад Гётэ, стала гінкга — падарунак Інстытута імя Гётэ ў Мінску. Дарэчы, немцы лічаць яго дрэвам Гётэ, якое ўвасабляе мудрасць, любоў і жыццёвую стойкасць.

Для гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства бацькі і настаўнікі арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі. Асаблівую цікавасць выклікала пляцоўка ад залы літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Прысутныя змаглі азнаёміцца з новымі кнігамі на нямецкай мове, настольнымі гульнямі, а таксама гаджатамі, прадстаўленымі Інстытутам імя Гётэ ў Мінску. Маленькіх гасцей здзівілі і парадавалі пляцоўкі «Дартс на падлозе», «Малюем каляровай крэйдай», «Гульня-падарожжа», дзе гучала нямецкая мова. Была магчымасць наведаць і летняе кафэ, адпачыць у шатрах, сфатаграфавацца ў фотазонах, якія падрыхтавалі бацькі вучняў.

Не засталіся ўбаку ад свята творчыя калектывы гімназіі. Парадавалі пастаноўкамі ўдзельнікі ўзорнага тэатра-студыі «ТэсТ». А ўзорны танцавальны калектыў «Грацыя» здзівіў яркім флэшмобам, які і завяршыў урачыстую цырымонію адкрыцця сада Гётэ.

Фота: архіў ГІМНАЗІІ №10.