Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзядулевы сшыткі, маміна школьная сукенка, татава лагарыфмічная лінейка

  • 2023-04-20 07:36:52
  • Анжаліка Крупянькова

Для чаго патрэбна прамакатка?

З самымі старадаўнімі і цікавымі экспанатамі нас пазнаёміла Марыя Буневіч, настаўніца гісторыі, якая адказвае за работу музея. Марыя Раманаўна сама закончыла гэту навучальную ўстанову ў 1990 годзе, у 2016-м выпускніцай стала яе дачка Агата, а летась у першы клас пайшоў сынок Ян. На вачах гісторыка мяняліся школьныя падручнікі, адыходзілі ў нябыт канцылярскія прынады і іншыя атрыбуты школьнага жыцця.

— Вось, глядзіце, гэта, мабыць, апошняя прамакатка ў школьным сшытку. Калі вучні пісалі чарнілам, яна была неабходная. А для цяперашніх дзяцей гэта рарытэт, — Марыя Раманаўна разгортвае сшытак Добрушскай папяровай фабрыкі, які яна захавала. – А вось мой дзённік за першы клас. Бачыце, настаўніца Вера Кузьмінічна Рубацкая ставіла нам адзнакі чырвоным стрыжнем, цяпер жа дазваляецца выкарыстоўваць толькі сіні і фіялетавы. З савецкіх часоў застаўся ў нашай сям’і мікракалькулятар. Вучням дзіўна, што ён такі вялікі і ўключаецца ў разетку.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Пруднікава прынесла на выстаўку атэстат сталасці сваёй бабулі Валянціны Шостак, якая закончыла СШ №1 у 1956 годзе. Цікава, што сярод прадметаў значыцца «Трыганаметрыя», а замест сённяшняга «здавальняюча» на той час пісалі «пасрэдна».

Побач з атэстатам размешчаны медалі — найвышэйшая ўзнагарода за старанную вучобу.

— Залаты медаль належыць Алене Пляшко, сястры майго мужа Аляксандра, — расказвае Марыя Раманаўна. — А сярэбраны прынесла настаўніца беларускай мовы Інеса Ліс. Ім была ўзнагароджана яе сястра Таццяна Карыцька.

Старая парта – нібы машына часу

Хто б з дзяцей ці дарослых ні наведваў выстаўку, нязменна бярэ ў рукі сшыткі па пісьме і матэматыцы вучня 2 класа Барыса Зімарына, датаваныя 1958 годам. Нельга не здзівіцца, якія вялізныя літары выводзіў Барыс пер’евай ручкай у сшытку ў касую лінейку. Такія на той час былі патрабаванні да правапісу. Пісаў Барыс надзвычай акуратна, за ўсе заданні — адны «пяцёркі». Сшыткі 65-гадовай даўніны прынесла на выстаўку першакласніца Яна Гуско. На жаль, дзядулі не стала ў 2009 годзе, для дзяўчынкі і яе бацькоў, для бабулі Тамары Зімарынай гэтыя сшыткі вельмі дарагія як напамін пра роднага чалавека, як прыклад вучнёўскай стараннасці.


Дзіўнай здаецца сённяшнім вучням капіравальная папера, ім цікава ўзяць яе ў рукі, пашапацець. Між іншым некаторыя дзяўчынкам-модніцам савецкіх часоў удавалася пафарбаваць такой паперай пасмачкі валасоў.

З цікавасцю разглядаюць дзеці празрыстыя трафарэты з літарамі, пры дапамозе якіх афармлялі насценгазеты, розную наглядную агітацыю. Прыцягваюць увагу касы для літар і лічбаў з кішэнькамі, драўляны пенал, у які назаўсёды ўеліся чарнільныя плямы. Дарэчы, сярод пеналаў ёсць і пластмасавыя, вырабленыя на былым маладзечанскім радыёзаводзе «Спадарожнік». Іх фішка — табліца множання, уманціраваная ў верхнюю частку. А нам Марыя Раманаўна прадэманстравала работу рэдкага па цяперашніх часах савецкага прыбора для праверкі ў вучняў табліцы множання: пры правільным наборы лічбаў у ім загараецца лямпачка.

Ёсць сярод экспанатаў і некалькі лагарыфмічных лінеек, з дапамогай якіх школьнікі выконвалі розныя матэматычныя вылічэнні.

Карыстацца ёю даволі складана, сёння не кожны настаўнік матэматыкі старэйшага пакалення ўспомніць, як з ёю справіцца.

Гатавальні ў чорных аксамітных футлярах з хітрым замком (хто памятае, як рэйсфедэрамі ад іх дзяўчаты спрытна вышчыпвалі бровы?). Калекцыя школьных ранцаў, настаўніцкіх сакваяжаў, партфеляў, дыпламатаў. Карычневыя школьныя сукенкі з белым, святочным і чорным, паўсядзённым фартухамі. Наборы падручнікаў, пачынаючы з пасляваенных часоў. Вялікі Чырвоны Сцяг школы, на якім залатымі літарамі напісана «Слава Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік». У 1990-м яго апошні раз выносілі на агульнашкольную лінейку. Як выдатна, што ўсё гэта захавалася і сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі могуць гэта ўбачыць і лепш уявіць, як вучыліся іх бацькі, дзядулі і бабулі.

Многія класы пазнаёміліся ўжо з экспазіцыяй выстаўкі, якая працягнецца да канца навучальнага года. Марыя Буневіч падрыхтавала прэзентацыю, сабрала шмат цікавых фактаў пра школьнае жыццё мінулых стагоддзяў.

А на памяць аб выстаўцы ў многіх вучняў застануцца фотаздымкі за старой, але яшчэ моцнай школьнай партай, якую прадбачліва захавалі педагогі школы. Цяпер яна музейны экспанат. А для наведвальнікаў выстаўкі — нібы машына часу, якая пераносіць іх у мінулае стагоддзе…

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

Хто прыдумаў школьную парту?

Першую аднамесную школьную парту сканструяваў у 1870 годзе швейцарска-рускі вучоны заснавальнік навукі аб гігіене Фёдар Эрысман. У 1887 годзе ўдасканаліў канструкцыю, зрабіў яе двухмеснай, з адкідной стальніцай сасланы на Урал студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта Пётр Караткоў. Ён працаваў настаўнікам у сельскай школе і прадставіў сваю парту на Урала-Сібірскай прамысловай выстаўцы, за што атрымаў дыплом, патэнт і быў удастоены сярэбранага медаля.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.