Новости Молодечно и Молодечненского района

Дипломом конкурса «Ученик года Минской области-2019» отмечена молодечненская гимназистка

  • 2020-01-22 07:22:50
  • Ірына Рабушка

Рыхтавацца да гэтага конкурсу дапамагалі кіраўнік гімназічнага клуба юных ратавальнікаў-пажарных «Прымус», выкладчыца выяўленчага мастацтва і чарчэння Алена Сербіна, педагог-псіхолаг Маргарыта Драздоўская, мастацкі кіраўнік узорнага тэатра-студыі «ТэсТ» Таццяна Бабей, а таксама мама дзяўчынкі Ганна Антонаўна, якая працуе намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнай установы №35. Мама падтрымлівае дачку ва ўсіх яе пачынаннях.

Прэтэндэнтаў на званне «Вучня года Мінскай вобласці-2019» віталі ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці. Першапачаткова на яго прэтэндавалі паўтысячы гімназістаў і школьнікаў. Потым у пяці намінацыях вылучылі 25 пераможцаў, якія зарэкамендавалі сябе ў вывучэнні асобных дысцыплін, спорце, творчасці, праектнай і інавацыйнай дзейнасці.

Вольга магла прэтэндаваць ледзь не на кожную з іх. Толькі ўявіце: у яе 44 узнагароды за перамогі ў самых розных конкурсах — інтэлектуальных і творчых, а яшчэ як удзельніцы ў складзе каманд юных ратавальнікаў-пажарных і клуба вясёлых і знаход-
лівых. Да таго ж дзяўчына вучыцца на «дзявяткі» і «дзясяткі» абсалютна па ўсіх прадметах. А яшчэ яна займаецца ў гімназічным тэатры-студыі «ТэсТ», у дзіцячай школе мастацтваў удзельнічае ў двух ансамблях: акадэмічных спеваў і дамбрыстаў. Вывучае адразу тры замежныя мовы – нямецкую, англійскую, кітайскую. Цяпер Вольга чытае «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» па-нямецку. Захапляецца яна і фатаграфаваннем, закончыла нават спецыяльныя курсы. Кожны яе дзень распісаны літаральна па хвілінах, хаця дзяўчына запэўніла, што застаецца час і на сустрэчы з сябрамі, аднакласнікамі, якія таксама яе падтрымліваюць і лічаць лідарам і душой кампаніі.

— Як ты ўсё паспяваеш? – пытаюся ў Вольгі.
— Мама заўсёды гаворыць мне: калі нешта захацець, то ўсё можна паспець зрабіць, і ўсё атрымаецца! Гэтыя словы сталі для мяне своеасаблівым дэвізам, — адказвае гімназістка.

У такім напружаным рытме дзяўчына з ахвотай займаецца і грамадскай дзейнасцю, чым яе захапіла Алена Сербіна. Тры гады таму Вольга далучылася да руху юных ратавальнікаў-пажарных і стала актыўнай удзельніцай клуба «Прымус», які супрацоўнічае з гаррайаддзелам па надзвычайных сітуацыях. Дарэчы, у назву клуба невыпадкова ўкладзена лацінскае клішэ, што азначае «першы сярод роўных».

— Мне асабліва падабаецца займацца асветніцай работай. Калі шчыра, я і сама, як і многія мае равеснікі, спачатку не вельмі добра ведала пра бяспечныя паводзіны, што рабіць у той ці іншай надзвычайнай сітуацыі, як аказваць першую дапамогу. Калі назапасіла пэўны багаж ведаў, зразумела, што яны будуць карыснымі і для іншых, — расказвае Вольга.

Таксама яна неаднойчы прыносіла пераможныя балы ў складзе зборных каманд Мінскай вобласці па брэйн-рынгу і клуба вясёлых і знаходлівых.

Сапраўдная аддушына для дзяўчыны — чытанне кніг, асабліва вылучае алегарычную аповесць-казку Антуана дэ Сент-Экзюперы «Маленькі прынц». А яшчэ яна вельмі любіць падарожнічаць. Нядаўна ў складзе дзіцячай дэлегацыі ад Мінскай вобласці пабывала ў Пекіне, Харбіне, Даляні. Яе вельмі ўразілі Вялікая Кітайская сцяна, небаскробы, а таксама шматгранная культура Паднябеснай.
Вольга ўвогуле шмат вандруе. Разам з мамай наведвае маладзечанскі турклуб «Пілігрым».

— Ужо нават з ліку збілася, колькі мы маршрутаў пераадолелі! Бывалі ў пешых, водных, велапаходах. У сваю першую вандроўку адправілася ў восем гадоў – і адразу ў горы на Каўказ. Неперадавальныя эмоцыі, калі ўзыходзіш на вышыню, а аблокі «падаюць» да тваіх ног!..

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.