Маршрут праходзіў праз вёскі Насілава, Засценкі, Лебедзева, Мароські, Турэц-Баяры... У рэйдзе ўдзельнічаў і карэспандэнт «МГ».
У адным з дамоў па вуліцы Крынічнай у Лебедзеве нас сустрэлі вельмі прыязна. Было бачна, што 9-месячнага хлопчыка ў сям’і любяць, клапоцяцца пра яго. Прадукты ёсць. У жылых памяшканнях цёпла. Пры гэтым бацька дзяўчынкі не працуе, стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці. Яго жонка ў дэкрэтным водпуску. Свайго жылля яны не маюць, жывуць у сваякоў. Адсюль і праблемы.
— Сям’я прызнана нядобранадзейнай з-за скандалаў, якія ўчыняе айчым маці дзяўчынкі, — патлумачылі члены рэйдавай групы. — Па гэтым адрасе не раз выязджаў нарад міліцыі. Пасля прафілактычнай гутаркі з завадатарам канфліктаў едзем далей.
У прыватны дом у вёсцы Мароські заходзім з асцярогай: брудныя сенцы, такая ж падлога. Жылыя памяшканні больш дагледжаныя. У адным з пакояў трое дзяцей глядзяць тэлевізар. Чацвёртае таксама недзе ў доме. Рэйдавая група праверыла наяўнасць дроў. Іх, падаецца, павінна хапіць на ўсю зіму. З прадуктаў ёсць мяса і сала, а вось крупы і макарону трэба дакупіць.
Супрацоўніца ГРАНС Валянці-на Сопат адразу заўважыла недахопы – печ у доме няспраўная. Электрычная плітка таксама ў жудасным стане. Непаўналетнія лёгка могуць дацягнуцца да запалак. Супрацьпажарны апавяшчальнік не дзейнічае. Гаспадары паабяцалі выправіць сітуацыю.
— Раней бацькі злоўжывалі спіртным, таму апеку над дзецьмі ўзяла на сябе дзяржава. Цяпер сям’я ўз’ядналася. Трэба пераканацца, наколькі ўтульна і бяспечна ў ёй непаўналетнім, — адзначыла прадстаўнік дзіцячай паліклінікі Таццяна Данілушкіна.
Як патлумачылі іншыя ўдзельнікі рэйду, даход у сям’і невялікі. Бацька і маці працуюць, але мужчына плаціць яшчэ аліменты на дзіця ад папярэдняга шлюбу. Калі дарослыя зноў пачнуць піць – здарыцца катастрофа.
Вёска Турэц-Баяры. Пяціпавярховы шматкватэрны дом. Кватэра на верхнім паверсе. Калі адчыняем дзверы, адразу бачым пажарны апавя-шчальнік без элементаў сілкавання. Прыбор, які павінен мацавацца да столі, ляжыць на шафе.
Ідзём далей і ледзь не спатыкаемся аб электрычныя правады на падлозе. У ванным пакоі гаспадыня паклала электрычны падаўжальнік. Выпадковая кропля — і кароткае замыканне забяспечана…
У кватэры разам з маці жывуць дзеці чатырох і васьмі гадоў. Жанчына выхоўвае іх адна, нідзе не працуе. Матэрыяльна ёй дапамагае брат. Па інфармацыі рэйдавай групы, гаспадыня злоўжывае спіртным.
— Некалькі разоў давала заяўку камунальнікам на рамонт электраправодкі, — апраўдваецца маці. – У ЖКУ паабяцалі прыслаць спецыяліста ў бліжэйшыя дні. Спадзяюся, так яно і будзе.
Ратавальнікі пералічылі гаспадыні асноўныя правілы супрацьпажарнай і электрабяспекі. Потым звязаліся з мясцовым жыллёва-камунальным упраўленнем і нагадалі пра праблему.
— Такія комплексныя рэйды праводзяцца рэгулярна, — ад-значыла старшы інспектар групы прапаганды і навучання Маладзечанскага ГРАНС Марына Ганчарова. — У час праверак кожная служба працуе па сваім кірунку. Такім чынам можна вырашаць адразу многія пытанні.
Па меркаванні М. Ганчаровай, карысць ад такіх мерапрыемстваў відавочная: многія бацькі, калі ўсведамляюць, што ў іх могуць адабраць самае дарагое — іх дзяцей, становяцца на шлях выпраўлення.
Фото: Олег Беганский.