Новости Молодечно и Молодечненского района

Беларусь – гэта гасціннасць

  • 2019-10-14 07:31:08
  • Ірына Рабушка

Нядаўна ў чарговы раз тут пабывала замежная дэлегацыя. У Германію разам з іншаземцамі адправілася 10-класніца нашай школы па адукацыйнай праграме па абмене вучнямі.

У Маладзечна прыехалі дзясяцера навучэнцаў і двое педагогаў – Гвендалін Вернэр і Моніка Кляйнеберг. Для спадарыні Кляйнеберг гэта пяты візіт.

— Першы раз я пабывала ў Маладзечне дваццаць гадоў таму. Увесь гэты час горад імкліва развіваецца і прыгажэе. Таму кожны раз адкрываю яго наноў. Асабліва падабаецца гарадскі парк – маё самае любімае месца, — заўважае яна.
Для пераважнай большасці вучняў, якія прыехалі з Гётынгена, гэта першая паездка ў Беларусь. Яны мала што ведаюць пра нашу краіну, хіба толькі на ўзроўні асацыяцый называюць асобныя словы – Мінск, гасціннасць, бульба, дранікі, бусел, боршч, халаднік…

Кожны год сустрэча прадстаўнікоў Хайнбергскай гімназіі і СШ №5 праводзіцца ў рамках пэўнай тэмы: сёлета гэта «Гульні, якія нас яднаюць». Нягледзячы на адлегласць у больш чым тысячу кіламетраў паміж Гётынгенам і Маладзечнам, дзецям аднолькава падабаецца ганяць футбольны мяч, гуляць у валейбол, гарадкі, настольныя гульні. Але нашы ўсё ж змаглі здзівіць замежных візіцёраў. У дзіцячым цэнтры культуры «Расток» яны пазнаёміліся з беларускімі абрадавымі гульнямі і забавамі. Нават самі змаглі паўдзельнічаць у іх. Найбольш іншаземцаў уразілі калядныя традыцыі.

Таксама Хайнбергская гімназія і СШ №5 прадоўжылі сумесны праект «Цукровы дыябет» і перадалі хворым дзецям нашага раёна паўтары тысячы тэст-палосак для вымярэння ўзроўню цукру ў крыві. Гэта хвароба, на жаль, па-ранейшаму застаецца актуальнай як для Беларусі, так і для Германіі.

У чарговы раз была перададзена і эстафета адукацыйнай праграмы па абмене вучнямі. За права паехаць у Германію на гэты навучальны год змагаліся сямёра старшакласнікаў. Вучні запаўнялі спецыяльныя анкеты, у якіх павінны былі па-
тлумачыць, чаму яны хочуць вучыцца ў гэтай краіне. Таксама ацэньваўся ўзровень ведаў нямецкай мовы і камунікацыйныя даныя. Шчаслівы білет дастаўся 10-класніцы Дар’і Смольскай. Як і ўсе вучні СШ №5, нямецкую мову яна вывучае з пятага класа. Дарэчы, тут некалі вучыўся і яе тата, які цяпер працуе механікам на СТА. Мама – рабочая ЗАТ «Дыліс-Касметык».

— У школе мама вывучала французскую мову. Таму калі да мяне дамоў прыходзяць нямецкія сябры, мы размаўляем на нікому невядомай мове —- французска-нямецка-рускай, — усміхаецца Дар’я.

У дзяўчынкі шмат розных захапленняў, але апошнім часам яе асабліва цікавіць фотамастацтва. З задавальненнем яна спрабуе сама шукаць цікавыя сюжэты.
Дар’я спадзяецца, што вучоба ў Германіі стане чарговым крокам на шляху да ажыццяўлення мары – паглыбіць веды ў вывучэнні нямецкай мовы, каб звязаць прафесійны лёс з лінгвістыкай.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.