Новости Молодечно и Молодечненского района

Агульны стыль для школьнікаў. І настаўнікаў?

  • 2017-08-25 10:59:30
  • Ірына Рабушка

— Мы вырашылі абмеркаваць з педагогамі, бацькамі і вучнямі ўдзел у пілотным праекце «Школа будучыні», які разлічаны на пачаткоўцаў. Спрэчкі разгарнуліся нават у сацыяльных сетках. Былі меркаванні і «за», і «супраць». Але ніхто нікому свой погляд не навязваў. Большасць мам і татаў падтрымалі праект. Маўляў, па форме бачны статус школьніка, у якой навучальнай установе ён займаецца, і ўвогуле дысцыплінуе дзіця, настройвае на вучобу, ды і бацькам не трэба задумвацца, у што апранаць сына ці дачку ў школу, — заўважае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №14 Таццяна Курыловіч.
Паколькі сем’яў, якія пажадалі набыць форму агульнага стылю, было больш, савет школы прыняў рашэнне аб удзеле ў пілотным праекце. Узнікла пытанне, з якім прадпрыемствам «Беллегпрама» супрацоўнічаць. Адміністрацыя навучальнай установы неаднойчы была на тэматычных выстаўках, а таксама наведвала прадпрыемствы, што спецыялізуюцца на пашыве адпаведнага адзення. Савет школы дасканала вывучыў фасоны і матэрыял. Хацелася, каб мадэлі былі зручнымі і прыгожымі.
Выбар зрабілі на карысць брэсцкага прадпрыемства ТДА «Панда» — вядомы беларускі вытворца жаночага, маладзёжнага і дзіцячага адзення, актыўна супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі не толькі ў нашай краіне, але і ў Расіі, Украіне. Школьны асартымент шырокі, прычым можна набыць асобныя мадэлі (элементы) калекцыі. На адзенне дзелавога стылю ёсць сертыфікат аб адпаведнасці санітарным нормам.
У маі прадстаўнікі вытворчасці прыехалі ў маладзечанскую школу. Для бацькоў і вучняў былі прадэманстраваны ўзоры фасонаў. Жадаючыя змаглі заказаць сабе неабходны памер, прычым былі зняты індывідуальныя меркі. Цэны прапанавалі аптовыя, а значыць, ніжэйшыя, чым у розніцу, і амаль удвая меншыя ў параўнанні з тымі, што выстаўлены ў інтэрнэт-магазіне прадпрыемства.
У жніўні спецыялісты «Панды» зноў прыехалі ў Маладзечна, каб удакладніць знятыя раней меркі, хаця яны былі ўзяты на выраст. Некаторыя бацькі нават вырашылі набыць адзенне дзелавога стылю і сваім старэйшым дзецям-школьнікам.
— Дарэчы, нашы педагогі не супраць увядзення агульнага дзелавога стылю і для настаўнікаў. Мы з задавальненнем прынялі б удзел у такім праекце, — гаворыць Таццяна Яўгеньеўна.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.