Руская мова, матэматыка і беларуская мова – так выглядае сёлета топ-тройка прадметаў, па якіх абітурыенты вырашылі здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў нашым горадзе. Аналагічная статыстыка і па ўсёй краіне.
Пра гэта і не толькі расказаў адказны сакратар арганізацыйнай камісіі пункта па правядзенні ЦТ у Маладзечанскім політэхнічным каледжы Юрый Скакоўскі.
У нашым горадзе на тэсціраванне рэгіструюцца не толькі мясцовыя абітурыенты, але і з суседніх раёнаў – Вілейшчыны, Валожыншчыны, Мядзельшчыны, Смаргоншчыны, Астравеччыны, Ашмяншчыны і нават са сталіцы.
— Юнакі і дзяўчаты маюць права прайсці рэгістрацыю ў любым пункце краіны і абавязкова па прад’яўленні пашпарта або пасведчання на права жыхарства ці бежанца (яго ў Маладзечне пакуль ніхто не скарыстаў). Усе дакументы павінны быць у арыгінале, — заўважае Юрый Іосіфавіч. — Калі ў абітурыента па нейкіх прычынах няма магчымасці зарэгістравацца, гэта могуць зрабіць за яго бацькі, законныя прадстаўнікі ці нават чужыя людзі па даверанасці (для паўналетніх). У такім выпадку неабходны і дакумент, які пацвярджае (тлумачыць) прычыну асабістай няяўкі.
У нашым пункце ЦТ зарэгістравалася звыш 2000 чалавек. Ужо істотна колькасць абітурыентаў не павялічыцца. Рэгістрацыя завершыцца 1 чэрвеня. Чэргаў на афармленне дакументаў практычна няма.
Гэтым адначасова займаецца восем аператараў – спецыялістаў політэхнічнага каледжа.
— Апошнія пяць гадоў колькасць абітурыентаў змяншаецца. Прычына не толькі дэмаграфічная. Усё менш выпускнікоў мінулых гадоў, якія жадаюць прайсці тэсціраванне. Таксама сёлета ў многіх ВНУ ўведзены ўнутраныя экзамены альбо патрабуецца ЦТ толькі па адным прадмеце. У шэрагу вышэйшых навучальных устаноў выпускнікі сярэдніх спецыяльных залічваюцца выключна па выніках субяседавання. Ёсць і яшчэ адзін важкі аспект: у ВНУ змяншаецца колькасць бюджэтных месцаў, навучанне на платнай аснове па сілах не ўсім сем’ям. Для параўнання прывяду лічбы абітурыентаў, калі цэнтралізаванае тэсціраванне толькі ўвялі. Тады ў пункце нашага горада іх зарэгістравалася больш за 5,5 тысячы, сёлета плануецца каля 2,2 тысячы, — працягвае сакратар арганізацыйнай камісіі.
Дарэчы, з мінулай уступнай кампаніі дазволена выкарыстоўваць сертыфікаты ЦТ на працягу двух гадоў. У пунктах рэгістрацыі яны захоўваюцца да 31 снежня 2018-га. Ёсць такія і ў Маладзечне, і па іх прыходзяць.
Наогул, сёлета найбольш абітурыентаў пажадалі здаць па чатыры тэсты (такое правіла таксама было ўведзена летась). На палову менш зарэгістраваліся на тры ЦТ. Ёсць жадаючыя здаць два ці адзін іспыт.
Топ-тройка прадметаў не змяняецца ўжо на працягу некалькіх уступных кампаній — руская мова, матэматыка і беларуская мова. Нязменныя і аўтсайдары – сусветная гісторыя найноўшага часу, геаграфія і іспанская мова. Але, як заўважае Юрый Скакоўскі, няма розніцы, колькі чалавек здае ЦТ па тым ці іншым прадмеце, вынік залежыць выключна ад правільных адказаў.
Па ўсёй краіне тэсціраванне будзе праводзіцца з 12 чэрвеня да 2 ліпеня ўключна. Першы тэст – па беларускай мове, апошні – па сусветнай гісторыі найноўшага часу. У Маладзечне можна прайсці ЦТ па ўсіх 11 дысцыплінах (замежныя мовы лічацца за адзін прадмет). Экзаменацыйныя пляцоўкі дзве – політэхнічны каледж і гімназія №10 (летась была задзейнічана яшчэ гімназія №6). Пачатак ЦТ – у 11.00, у тым ліку ў рэзервовыя дні (6, 8 і 10 ліпеня ў сталічным Белдзяржуніверсітэце).
Зарэгістравацца «ў рэзерв» можна з 30 чэрвеня па 3 ліпеня толькі ў вызначаных ВНУ абласных гарадоў, бліжэйшая да нас – БДУ. Але гэта права могуць скарыстаць толькі тыя абітурыенты, якія былі запісаны на асноўны этап і па ўважлівай прычыне не змаглі прыняць у ім удзел, на што неабходны пацвярджаючы дакумент.
Летась у Маладзечне ў такую сітуацыю трапіла адна дзяўчына, якой з-за дрэннага стану здароўя ў час ЦТ давялося выклікаць хуткую дапамогу. Яшчэ аднаго хлопца выдалілі з аўдыторыі за карыстанне мабільным тэлефонам, што катэгарычна забаронена. У такім выпадку немагчыма і рэзервовае тэсціраванне. Таксама пры рэгістрацыі на яго нельга змяніць прадметы.
Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення тэсціравання з 10 ліпеня і ў БДУ (пасля «рэзерву») – з 13 ліпеня.
Фота: Ірына РАБУШКА.