Не абыходзіцца ў школьным жыцці без кур’ёзаў. Усе мы памятаем, як радасна спяшаліся дамоў, калі атрымлівалі добрыя і выдатныя адзнакі, і як цяжка было на душы, калі адзнакі былі дрэннымі. Сваімі ўспамінамі падзялілася Таццяна ЖДАНАВА.
– І цяпер памятаю выпадак, які здарыўся са мной вельмі даўно. У трэцім класе па прадмеце «Чалавек і свет» па тэме «Вока» я атрымала двойку. І гэта пры тым, што вучылася выдатна. Забягаючы наперад, скажу, што Палачанскую сярэднюю школу, дзе выкладанне ішло на беларускай мове, закончыла толькі з выдатнымі адзнакамі, – расказвае Таццяна. – Напярэдадні да мяне ў госці прыехала сяброўка, і мы з ёю доўга малявалі. Таму часу на вывучэнне ўрока не хапіла. Вельмі баялася вярнуцца дамоў з двойкай і таму «замяніла» ў дзённіку адзнаку на пяцёрку. Неўзабаве ўсё стала вядома бацькам. Трэба сказаць, што мама моцна не сварылася. Тым больш, што ў хуткім часе двойку я выправіла, адказаўшы на ўроку на сапраўдную моцную пяцёрку.
Людміла ЦАР