21.03.2018 10:31

Ганаровае званне грамадзяніна

Год малой радзімы, пад знакам якой пройдзе 2018-ы, і 80-годдзе Мінскай вобласці сталі лейтматывам абласнога этапу Усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!», прысвечанай Дню Канстытуцыі, што ладзілася ў нашым Палацы культуры.

Сюды з усяго сталічнага рэгіёна з’ехаліся самыя паспяховыя ў вучобе, спорце і творчасці юнакі і дзяўчаты. Мерапрыемства прадоўжылася ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

На ўрачыстасць у Палац культуры былі запрошаны старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачэнка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, першы сакратар Мінскага абласнога камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк. Мерапрыемства праводзілася пры ўдзеле кіраўніцтва райвыканкама, прадстаўнікоў сферы адукацыі, грамадскіх арганізацый, актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Менавіта гэта аб’яднанне ў свой час ініцыявала ўрачыстасці ў Дзень Канстытуцыі.

Больш фота -- тут.

Па традыцыі ў адметную дату хлопчыкам і дзяўчынкам, якім споўнілася 14 гадоў, уручылі галоўны дакумент грамадзяніна — пашпарт — і сімвалічныя падарункі. Назаўсёды запомняцца ўрачыстыя імгненні маладзечанцам Аляксандру Асіповічу з СШ №14 і Кацярыне Астапенка з СШ №8, якія былі запрошаны ў Палац культуры. Саша захапляецца ваеннай гісторыяй, Каця – гуманітарнымі навукамі, апошнім часам сканцэнтравалася на даследаванні прозвішчаў.

Анатолій Ісачэнка звярнуўся з прывітальнымі словамі да падрастаючага пакалення:

— Дзень Канстытуцыі — адна з найважнейшых дат для нашай краіны. Пашпарт — гэта асноўны дакумент, які вызначае дзяржаўнасць. З гонарам насіце званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Працягвайце добрыя справы сваіх сем’яў, бацькоў, будзьце верныя Радзіме.

Дарэчы, дзяржаўнае свята супала з асабістым днём нараджэння кіраўніка вобласці, што Анатолій Міхайлавіч лічыць асаблівым знакам. Ён таксама прымаў шматлікія віншаванні. А на сустрэчы з журналістамі прыгадаў, як у свой час сам атрымаў пашпарт. Анатолій Ісачэнка лічыць гэту падзею надзвычай важнай. Адзначыў і тое, што для сучаснай моладзі арганізуюць яркія, запамінальныя ўрачыстасці з нагоды Дня Канстытуцыі, і яму прыемна было пабываць на такім мерапрыемстве ў Маладзечне. Анатолій Міхайлавіч закрануў і тэму малой радзімы. Сам ён родам з Браншчыны, куды ездзіць штогод. Родным домам стала для яго і Беларусь, дзе прайшлі маладосць і сталенне. Значны адрэзак жыцця звязаны з Магілёўшчынай, але Анатолій Ісачэнка заўважае, што кожны куток нашай краіны па-свойму прыгожы і адметны.

Прысутныя таксама паглядзелі фільм, прысвечаны 80-годдзю Мінскай вобласці. Цікавай была выстаўка «Наша малая радзіма вачыма мастакоў свету». Гэта работы ўдзельнікаў адкрытага мастацкага пленэру «Маладзечна ART» з фонду Палаца культуры. Творчым аздабленнем праграмы сталі выступленні мясцовых артыстаў.

На карысць роднага краю

Адметная дата 630-годдзя нашага горада была ў полі зроку ўдзельнікаў раённай урачыстасці, прысвечанай Дню Канстытуцыі. Упершыню, але невыпадкова, яна адбылася ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, дзе захоўваецца гісторыя многіх пакаленняў.

Дапамаглі арганізаваць урачыстасць раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі, спорту і турызму, СШ №14 і дзіцячы цэнтр культуры «Расток». Юнакоў і дзяўчат віталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паукшта, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч, намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Андрэй Лесь.
Цёплыя і адначасова няхітрыя словы знайшоў для моладзі ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы ветэран раённай ветэранскай арганізацыі Віталій Закаблук: «Вучыцеся гаварыць «не» злу, рабіце дабро і выбірайце любімую прафесію – тады вы ўсё жыццё будзеце працаваць з задавальненнем».

Прадстаўнікі старэйшага пакалення засяродзілі ўвагу моладзі на тым, што Канстытуцыя не толькі забяспечвае правы, але і ўскладае абавязкі. Таксама яны выказалі спадзяванні, што юнакі і дзяўчаты прадоўжаць працаваць на карысць малой радзімы ў якасці адукаваных спецыялістаў. З непадробнай цікавасцю прысутныя паглядзелі фільм аб гісторыі Маладзечаншчыны. Вучаніца СШ №14 Яна Відрук ад імя равеснікаў запэўніла, што юнакі і дзяўчаты абавязкова прымножаць лепшыя традыцыі і захаваюць іх для наступных пакаленняў.  

Фота: Аляксей ПЛАТКО.  

Прочитано 3196 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.