Новости Молодечно и Молодечненского района

Вясна ў душы і на падворку

  • 2026-03-31 09:43:37

Падворак жыхаркі аграгарадка Хажова Вольгі ШАМШУР, былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы, неаднойчы перамагаў у конкурсах па добраўпарадкаванні. І цяпер, ранняй вясной, гаспадыня рыхтуецца пераўтварыць тэрыторыю ў сапраўдны рай на сваім участку.


– У Хажове я нарадзілася і вырасла, – гаворыць Вольга Васільеўна. – Тут знаходзіцца маё радавое гняздо. Мой дзядуля, Іван Зіноўевіч, быў рымарам. Ён вырабляў збрую для коней, дэкарыраваў і ўпрыгожваў конныя павозкі. Яго ведала ўся акруга. У дзядулі была свая майстэрня. Тата, Васілій Дзмітрыевіч, працаваў у сельскай гаспадарцы, таксама быў работнікам лясгаса. Маці, Любоў Іванаўна, славілася ўменнем вырабляць вышыванкі, дываны ручной работы, абрусы, іншыя вырабы. Многія з іх (у тым ліку ўнікальныя) я беражліва захоўваю.

Субяседніца падкрэсліла, што многія веды і ўменні па рукадзеллі яна пераняла ад маці. Вяскоўка любіць шыць, вязаць, робіць карціны бісерам, у яе добра атрымліваюцца дэкаратыўныя кошыкі з папяровай саломкі. Увогуле, гераіня матэрыялу – чалавек творчы і апантаны. Па яе меркаванні, пенсія не падстава сядзець склаўшы рукі. Вольны час дае магчымасць раскрыць свае таленты, удасканаліць уменні і навыкі.

– Яшчэ зімой я намеціла, што трэба зрабіць на прысядзібным участку, – працягвае Вольга Шамшур. – На мой погляд, прыгажосць на падворку з’яўляецца спалучэннем кветак, догляду і чысціні. Кветкі люблю розныя, аднак найбольш падабаюцца лілеі і ружы. Дапамагаюць працаваць на зямлі дзеці і ўнукі. Яны любяць прыязджаць да мяне ў госці.

Вясна для Вольгі Васільеўны – светлы перыяд. У гэты час абуджаецца прырода, расцвітаюць кветкі. Таму вясенні настрой павінен панаваць і ў душы чалавека, у яго думках і ўчынках, на падворку.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ