Гурток вядзе бібліятэкар Надзея Леган, вялікая аматарка раслін, якая стварыла ў сваёй установе сапраўдную аранжарэю з больш чым чатырох дзясяткаў вазонаў.
— Залаты вус я прынесла з дому гадоў сем таму. Ні разу ён не цвіў і раптам выпусціў дзве стрэлкі, якія пакрыліся пяшчотнымі духмянымі суквеццямі. Яны радуюць нас ужо чатыры тыдні, мы іх сфатаграфавалі, — дзеліцца Надзея Іванаўна.
Яна расказвае, што гэта расліна не любіць прамых сонечных праменяў, ёй патрэбна раўнамернае асвятленне. Лекавыя ўласцівасці залатога вуса шырока прымяняюцца ў народнай медыцыне пры лячэнні хвароб страўнікава-кішачнага тракту, жоўцевага пузыра, парушэнні абмену рэчываў, захворваннях бронхаў і лёгкіх, праблемах з сэрцам, для зажыўлення ран і г.д.
На аснове залатога вуса многія робяць настойкі, мазі. Прадаюцца яны і ў аптэках. Пры карыстанні прэпаратамі з гэтай лекавай расліны вельмі важна кіравацца рэкамендацыямі ўрача і прытрымлівацца дакладнай дазіроўкі, каб не нашкодзіць арганізму. Таксама неабходна пераканацца, што ў вас няма алергіі на гэту расліну.
— Існуе павер’е, што калі ў доме зацвітае залаты вус, значыць, тут пануюць мір і спакой, — гаворыць Надзея Леган. — А мы з юнымі натуралістамі жадаем, каб мір і спакой быў не толькі ў нашых дамах, але і на ўсім зямным шары!
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Валерыя КУЛІКОВА.