07.12.2022 8:53

У бітве на Бярэзіне ўдзельнічаў маладзечанец

Гаворка ідзе пра міні-рэканструкцыю бою на Чычакаўскіх батарэях у Барысаве, у час якой былі адноўлены падзеі 1812 года. Тады на Бярэзіне арміі Напалеона ўдалося пазбегнуць поўнага разгрому.

У Барысаў прыехалі прадстаўнікі каля дзесяці клубаў гістарычнай рэканструкцыі. У Барысаў прыехалі прадстаўнікі каля дзесяці клубаў гістарычнай рэканструкцыі.

Рэканструкцыя адбылася ў мінулую суботу. Прайшла яна ярка і відовішчна. У ёй удзельнічалі каля сотні «салдат» і «афіцэраў» рускай і французскай армій. Залпы гармат, штыкавыя атакі, імклівыя манеўры… Гледачы былі ў захапленні ад убачанага. Асабліва прыцягвала ўвагу форма ўдзельнікаў.

Калі баталія сціхла і гледачоў дапусцілі на поле бітвы, кожны стараўся сфата-графавацца з грэнадзёрамі, уланамі, артылерыстамі. А на фотасесію да Напалеона і Кутузава нават выстраіліся чэргі. Было бачна, што менавіта такая падача гістарычных падзей найбольш цікавая і для дзяцей, і для дарослых.

Дарэчы, пільную ўвагу жанчын прыцягнулі ўбранні маркітантак. І гэта не дзіўна, бо цікавасць да моды ў прыгожай паловы чалавецтва адмяніць немагчыма. А вось мужчыны больш цікавіліся тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі тагачаснай зброі. Адказаць на пытанні было каму. Усе рэканструктары дасканала ведалі, як ваявалі іх продкі 210 гадоў таму.

Рэканструкцыя бою праходзіла ў гістарычным месцы Барысава — на Чычакаўскіх батарэях.

Адным з удзельнікаў баталіі быў наш зямляк студэнт чацвёртага курса гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Міхаіл Будо. Ён сябар клуба гістарычнай рэканструкцыі «Фузілёры-грэнадзёры Імператарскай Гвардыі».

— Рэканструкцыяй падзей часоў Напалеона Банапарта займаюся паўгода, — расказаў Міхаіл. — За гэты час удзельнічаў у тэматычных фестывалях пад Барадзіно, у Полацку. Фестываль «Бярэзіна-2022» першае для мяне зімовае выпрабаванне як для рэканструктара. Варта адзначыць, што ўмовы сёлета былі максімальна набліжаныя да тых, калі разгарнулася сапраўдная бітва. Як і тады, надвор’е было няўстойлівае, халоднае, а рака моцна разлілася.

На думку Міхаіла Будо, напалеонаўская эпоха нікога не можа пакінуць абыякавай.

Удзельнікі клуба старанна рыхтуюцца да кожнага фестывалю. Яны адпраўляюцца ў паходы, вывучаюць асаблівасці мінулай баталіі, складаюць сцэнарыі. Форму і амуніцыю вырабляюць самі або заказваюць у спецыяльным атэлье. Галоўнае, каб знешні выгляд поўнасцю адпавядаў пэўнай эпосе.

— Пачатак XIX стагоддзя — знамянальная эпоха ў жыцці многіх краін і народаў, — падкрэсліў Міхаіл Будо. — Яна адначасова рамантычная і трагічная, прыцягальная і павучальная. У той час на арэну гісторыі выйшлі многія выдатныя асобы. Менавіта тады вырашылася пытанне, у склад якой дзяржавы ўвойдуць беларускія землі. Гэта прадвызначыла шлях далейшага развіцця нашай краіны.

Наш зямляк дадаў, што вайсковая форма армій еўрапейскіх краін напалеонаўскай эпохі спалучае зручнасць і функцыянальнасць. Яна яркая, прыгожая, эстэтычная. Гэта адна з прычын, чаму так многа людзей захапляецца напалеонікай.

Артылерысты рыхтуюцца да бітвы.

Як нагадаў субяседнік, пасля бітвы на Бярэзіне напалеонаўскія войскі рушылі на Зембін, Плешчаніцы, Маладзечна. Менавіта ў нашым горадзе 4-5 снежня разгарнулася апошняя баталія той вайны. У той бітве фузілёры-грэнадзёры Імператарскай Гвардыі не ўдзельнічалі. Яны суправаджалі свайго імператара.

ДАВЕДКА

Фузілёры-грэнадзёры Імператарскай Гвардыі былі элітай арміі Напалеона. Падраздзяленне існавала ў 1806-1814 гадах. Яно адзначылася ў шматлікіх ваенных кампаніях ад Іспаніі да Расіі. Пры адступленні ў час рускай кампаніі ў баях пад Красным (сучасная Смаленская вобласць) полк панёс вялікія страты. Усяго ў 1812 годзе ў Расіі загінула больш за 1200 чалавек з гэтага падраздзялення. У Францыю вярнулася толькі 130 салдат і афіцэраў.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 1381 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.