Ружы ў пісьме
Народная студыя выяўленчага мастацтва «Чароўная палітра» дзіцячага цэнтра культуры «Расток» адзначыла сярэбраны юбілей. У гонар гэтай даты тут арганізавалі святочнае мерапрыемства. Яно адбылося з удзелам выхаванцаў гэтай і іншых творчых студый установы, выпускнікоў і іх бацькоў.
На працягу адзінаццаці гадоў «Чароўнай палітрай» кіруе Вольга Кавальчук. Спачатку яна ў якасці мастака дапамагала першаму кіраўніку студыі Святлане Міцкевіч, якая цяпер выкладае ў Лебедзеўскай дзіцячай школе мастацтваў.
-- Назву «Чароўная палітра» мы прыдумвалі разам, -- заўважае Вольга. -- На старце свайго прафесійнага шляху я і не думала, што з часам буду кіраваць гэтай студыяй. Проста займалася любімай справай. Цяпер працягваю лепшыя традыцыі творчага калектыву.
У «Расток» Вольга прыйшла пасля заканчэння сталічнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе была адной з лепшых студэнтак і неаднаразова адзначалася за поспехі ў творчай дзейнасці. А пачынала яна шлях у краіну мастацтва яшчэ школьніцай з гарадской студыі, што размяшчалася ў адным з маладзечанскіх інтэрнатаў. Юных мастакоў яднаў Анатолій Акулік, творчасць якога вядома не толькі на прасторах нашага раёна.
-- Таксама любоў да мастацтва ў мяне ад мамы -- шмат гадоў яна працавала інжынерам-канструктарам на мясцовай мэблевай вытворчасці, -- заўважае Вольга. -- Выдатна малявала і мая бабуля па мамінай лініі. І сёння памятаю яе ружы, якія яна малявала ў пісьмах.
У педагогіку Вольга прыйшла не адразу. Перш чым паступіць у ВНУ, вывучылася на закройшчыцу ў Мінску. Урэшце атрыманыя там веды і цяпер дапамагаюць ёй развівацца як творцы.
Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў Вольгі КАВАЛЬЧУК.
Працяг матэрыяла ў бліжэйшым нумары газеты.