17.10.2022 12:30

Дваццаць тысяч крокаў вакол градак і кветак

— Летам я ля сваіх градак і кветак з раніцы да вечара тапчуся. Па дваццаць тысяч крокаў за дзень фітнес-браслет адлічваў, — гаворыць жыхарка Палачан Ганна Балухціна.

На падворку ў Ганны Барысаўны яшчэ шмат кветак. На падворку ў Ганны Барысаўны яшчэ шмат кветак.

У раённым этапе аглядуконкурсу «Ветэранскае падвор’е-2022» Ганна Барысаўна заняла другое месца, яе ўзнагародзілі Падзякай Маладзечанскага раённага Савета дэпутатаў і грашовай прэміяй.

Жанчына падкрэслівае, што гэта перамога ўсёй іх дружнай і працавітай сям’і: мужа Мечыслава Эдвардавіча, дачкі Вікторыі, зяця Віталія, унукаў Рымы і Мірона.

На памяць пра конкурс — куст півоняў

— На памяць пра конкурс я за прэмію зрабіла сабе падарунак: купіла шыкоўны куст барвовых півоняў. А жоўтыя, ружовыя ў мяне ёсць, — дзеліцца гаспадыня.

Нават у кастрычніку ля яе дома шмат кветак. Яркімі зорачкамі гараць вяргіні — як напамін аб далёкім дзяцінстве, аб матулі, якая заўсёды садзіла іх у агародчыку. Палымнеюць хрызантэмы, густым дываном сцелюцца аксаміткі. Не адцвілі яшчэ кусты гартэнзіі, якую вельмі любіць Ганна Барысаўна. Як і клямацісы, якія пакуль яшчэ таксама трымаюцца. Маляўніча рассцілаецца па зямлі і бардзюры з камянёў пяшчотна-фіялетавы заўчаснік (безвременник)…

Пяшчотны заўчаснік маляўніча рассцілаецца на камянях.

Адчуваецца, што гаспадыня шмат душы і працы ўкладвае ў свой кветнік, які з усіх бакоў акружае дом. Калі бывае ў горадзе, яна абавязкова купіць хаця б пачак насення ці чарговыя саджанцы.

Зялёны газон не яе гісторыя. Яе прынцып: чым больш кветак — тым прыгажэй.

Жывыя вітаміны з градкі

На ўчастку ў 25 сотак хапае месца і для градак. Пры добрым доглядзе даюць багаты ўраджай агуркі, памідоры, якія, дарэчы, Ганна Барысаўна вырошчвае не ў цяпліцы, а ў адкрытым грунце, прыкрываючы іх поліэтыленавай плёнкай. Памідораў яна садзіць каля 40 гатункаў.

— Хапіла б і менш, але ж заўсёды хочацца паспрабаваць нешта новае. Люблю гатунак «Залатое яйка», плады якога жоўтыя, мясістыя, выдатна падыходзяць для салаты. Падабаюцца чырвоныя памідоры «Палбіг», «Дамашні разнасол» добра марынаваць. Наогул, я выбіраю гатункі з невысокімі галінкамі. Калі гаварыць пра агуркі, то сёлета добра ўрадзілі «Арктыка», «Б’ерн», — расказвае агародніца.

Вырошчвае яна і дурніцы (голубику), якія любяць кіслую глебу. Пасадзіла дзевяць кусцікаў, і яны плоданосяць ужо. Іх любіць пяцігадовы ўнучак Мірон. «Дай мне тых чорных ягадак!» — просіць малыш. А бабуля радуецца: свежыя, «жывыя» вітаміны з градкі пойдуць яму на карысць.
— Мы наведвалі сядзібу Балухціных летам, у разгар сезона. Нас вельмі ўразілі акуратныя градкі, на якіх проста буялі, звісалі апетытнымі гронкамі памідоры, агуркі, іншая агародніна, — прыгадвае старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Шафаловіч.

А я звярнула ўвагу на качаны капусты, якія яшчэ растуць на градках. Вялікія, важкія — залюбуешся. Відаць, што ім усяго хапіла, а найперш — добрага догляду руплівай гаспадыні.

Лавачка для цешчы

— А чым вы займаецеся зімой, калі не трэба даглядаць кветкі ды агарод? – пацікавілася я ў сваёй субяседніцы.

— Вельмі люблю вязаць! Выберам з унучкай мадэль, падбяром ніткі — звяжу ёй новы пуловер. А пакуль змайстравала тапачкі, — паказвае рукадзельніца свой выраб.

Па прафесіі Ганна Барысаўна інжынер-канструктар. Працавала на «Спадарожніку», на «Белхоле», жыла ў горадзе. А калі выйшла на пенсію, пераехалі з мужам у яе родную вёску, у бацькоўскую хату. Мечыслаў Эдвардавіч, дарэчы, працуе ў мясцовай школе намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы. Старэйшая сястра Ганны Барысаўны Галіна жыве ў Мінску, яна найпершая дарадчыца па доглядзе раслін, шмат чаго сама вырошчвае на сваёй дачы. Ёсць у Ганны Барысаўны сястра-блізня Ірына. Яна з маладосці жыве ў Севастопалі, апошні раз прыязджала на радзіму тры гады таму.

Дзякуючы намаганням гаспадароў бацькоўскі дом набыў сучасны выгляд: уставілі новыя вокны, сцены абшылі сайдынгам, уцяплілі веранду. Прыродны газ быў праведзены, калі яшчэ жыла маці Ганны Барысаўны Станіслава Іванаўна.

Шмат цікавага і на падворку. Зяць Віталій — выдатны майстар па дрэве. Ля ўвахода ў дом ён зрабіў зручную і прыгожую лаўку са столікам-падлакотнікам, на якой прыемна пасядзець з кубкам кавы.

На такой лавачцы прыемна пасядзець з кубачкам кавы.

Крыху паводдаль — альтанка з ажурнымі сценамі, лаўкамі і сталом, за якім умесціцца ўся сям’я. Побач з ёю яшчэ адна альтанка з адмысловай печкай для барбекю, рабочым сталом, шафкамі, рукамыйнікам. Усё вельмі дабротнае, грунтоўнае, зробленае дасканала і па-майстэрску.

За сталом у альтанцы змяшчаецца ўся сям’я.

— У нашага Віталія залатыя рукі! – з гордасцю і ўдзячнасцю гаворыць Ганна Барысаўна.

Адчуваецца, што і маладое пакаленне гэтай сям’і любіць сваё радавое гняздо, укладвае ў яго і сілы, і сродкі. Без перабольшвання, гэта месца, якое аб’ядноўвае, надае сіл, дзе вольна дыхаецца, а душа радуецца кожнаму пялёстку, кожнай кветачцы.

Усё прадугледжана для прыгатавання шашлыкоў.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

 

Прочитано 1291 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.