05.09.2022 14:20

Жнівеньскім поўднем на вуліцы Паўднёвай

На раённым этапе конкурсу «Ветэранскае падвор’е – 2022» сёлета ўпершыню зацверджана новая намінацыя «Захапленне для душы» (дачныя участкі).

Прадстаўляем адну з яе ўдзельніц — маладзечанку Тамару Лубінскую, у мінулым — выкладчыка, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце політэхнічнага каледжа, цяпер — актыўную ўдзельніцу ветэранскага руху, намесніка старшыні савета раённай арганізацыі ветэранаў. Яе дача — утульны, прыгожы, зручны для летняга адпачынку куточак, які любіць як сама гаспадыня, так і яе дзеці, унукі.

Агародніна парадавала Тамару Іванаўну добрым ураджаем. Агародніна парадавала Тамару Іванаўну добрым ураджаем.

Домік для Софіі і стол яе прапрадзеда

Садовае таварыства «Рубін» знаходзіцца блізка ад горада, у лясным масіве за Насілавам.

— Ад пад’езда майго дома да дачы — дзевяць кіламетраў, — удакладняе Тамара Іванаўна.

Яна расказвае, што таварыства было арганізавана ў канцы 80-х гадоў для работнікаў прадпрыемства «Электрамодуль». Выкарчавалі лес, выдзелілі жадаючым участкі ў шэсць сотак, пазней дабавілі яшчэ амаль столькі ж. У РБУ-3 Лубінскія заказалі зборны шчытавы домік плошчай шэсць на пяць метраў. Ён хаця і невялікі, але двухпавярховы. Пад будоўлю давалі крэдыт, дача абышлася ў пяць тысяч рублёў. Пазней дабудавалі утульную адкрытую тэрасу, на якой так прыемна снедаць, абедаць ці вячэраць за драўляным круглым, на масіўнай ножцы, сталом. Яго больш за стагоддзе таму зрабіў дзядуля гаспадыні Іван Міхайлавіч Юшкевіч, які жыў на Смаргоншчыне і слыў на ўсё наваколле выдатным майстрам па дрэве. Гэта сапраўдная сямейная рэліквія, якой карыстаецца ўжо чацвёртае пакаленне. «Я сяджу за сталом свайго прапрадзеда!» — з гордасцю гаворыць унучка Тамары Іванаўны Софія Емяльян, трэцякласніца гімназіі №7. А на другім паверсе Тамара Іванаўна павесіла на сцяне ў рамачках фотаздымкі бацькоў і дзядоў, знайшла месца для старадаўняга прасу на вуглях, лямпы на газе, пласцінак з мелодыямі мінулага стагоддзя і іншых рарытэтаў. Атрымаўся сямейны міні-музей, дзе ў кожнага экспанату — свая гісторыя, а ўсе разам яны — памяць пра дарагіх сэрцу людзей, пра знакавыя для сям’і падзеі.

Софія запрасіла мяне ў свой уласны домік, зроблены акуратна і адмыслова ўмелымі рукамі яе таты Алега. Дзяўчынка заходзіць у свой домік у поўны рост, можа паляжаць на адкідной кушэтцы. Тут добра гуляць з сяброўкамі ў розныя гульні, схаваўшыся ад спёкі.

Гаспадары пафарбавалі свой домік на шведскі манер.

Басанож па каменьчыках

Што яшчэ мяне здзівіла, дык гэта адсутнасць агароджы між суседскімі ўчасткамі.

— Больш чым за 30 год мы ўсе тут, як адна сям’я, навошта нам плот? — гаворыць гаспадыня. — Мы і студню з суседзямі адну на дзве сям’і пабудавалі…
Перавага ўчасткаў па правым баку вуліцы Паўднёвай у тым, што яны мяжуюць з лесам. Поўнае адчуванне яднання з прыродай! Праз невялікую канаву — ажурны белы мосцік, нібыта пераход з дачы ў лес.

Белы мосцік нібыта запрашае прагуляцца па лесе.

Упрыгожвае ўчастак невялічкі штучны вадаёмчык з выкладзенымі па берагах камянямі. Радуе вока кампазіцыя з кветак і зялёных насаджэнняў. Ля падножжа амаль дваццацігадовага вечназялёнага ціса сінее лабелія, пышным дываном сцелюцца барвовыя і зялёныя лісты гейхеры, палымнеюць аксаміткі. Разрасліся, радуюць увосень арэхамі кусты ляшчыны, адну з пабудоў шчодра абвіў дзікі вінаград… Кампактны дагледжаны агарод таксама ёсць, але ён — не галоўная мэта, дзеля якой будавалася дача.

Арэлі (як жа без іх на дачы), масіўная лаўка, стол пад вялікім раскладным парасонам каля вінаграднай лазы — усё прадугледжана для адпачынку, кожны куточак тут радуе вока і сведчыць аб тым, што гаспадары любяць сваю дачу, укладаюць у яе добраўпарадкаванне не толькі сродкі, майстэрства, але і душу.

Пасярэдзіне ўчастка — дарожкі, пасыпаныя галькай.

— Раніцай мы з Софіяй ходзім па каменьчыках басанож — выдатны масаж і загартоўванне заадно, — расказвае Тамара Іванаўна.

І сапраўды, правёўшы ўвесь летні сезон на дачы, бабуля і ўнучка выглядаюць выдатна — загарэлыя, стройныя, энергічныя. З добрым настроем можна і восень сустракаць…

Софія любіць гуляць у доміку, які пабудаваў для яе тата.


Дачныя рэцэпты ад гаспадыні

Дранікі з кабачкамі

Бульбу пацерці на дробнай тарцы альбо здрабніць блэндарам. Кабачок нацерці на бурачнай тарцы, адціснуць сок. Прапорцыі бульбы і кабачков прыкладна аднолькавыя. Змяшаць, пасаліць, дадаць трошкі соды, чайную лыжку без верху цукру (для залацістай скарыначкі). Можна таксама дабавіць цыбулю, кроп, але не абавязкова.
Падсмажыць на алеі і падаваць са смятанай.

Бліны з малінай

Узбіць яйка, дабавіць лыжку смятаны, муку, мінералку, соль, цукар – на смак. Добра размяшаць, каб атрымалася бліннае цеста. Бліны з яго атрымліваюцца тонкімі і з дзірачкамі – нібыта карункі.
Свежую маліну пацерці з цукрам і падаць да блінчыкаў.

 

 

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

Прочитано 1552 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.