Знаёмства пачалося з букета бэзу
Аксана Міхайлаўна ў мінулым настаўніца матэматыкі Чысцінскай СШ, Іван Андрэевіч працаваў у забеспячэнні, маркетынгавай службе ААТ «Забудова». Яны 36 год разам. Вучыліся на розных факультэтах Мозырскага педуніверсітэта. Аксана родам з Рэчыцы. Іван — з Магілёўшчыны, з-пад Бабруйска. Візуальна адзін аднаго ведалі, а пазнаёміліся толькі на пятым курсе. Аксана з сяброўкай прагульвалася, падышоў Іван, прапанаваў: «Пойдзем рваць бэз!» З таго букету і пачалася іх узаемная сімпатыя, якая перарасла ў каханне.
— Як цяпер памятаю: наша знаёмства адбылося 15 мая, — прыгадвае жонка.
Сімвалічна, што гэтую дату ў Беларусі адзначаюць, як Дзень сям’і, хаця на той час такое свята яшчэ не было зацверджана.
Дом, зручны для жыцця
У Чысць сям’я Шэк пераехала пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сыну на той час споўнілася тры гады, дачцэ ўсяго пяць месяцаў.
— Мы жылі ў Рэчыцы. Было маральна вельмі цяжка: баяліся за здароўе дзяцей, якія часта хварэлі. Муж прыносіў з работы дазіметр, часта яго паказальнікі былі вышэйшымі за норму, — расказвае Аксана Міхайлаўна.
У Чысць Іван Андрэевіч прыязджаў па рабоце. І хаця тады пасёлак толькі пачынаў будавацца, ён ацаніў яго перспектыўнасць, зручнае месцазнаходжанне, прыгожую прыроду. Уладкаваўся на працу ў «Забудову», іх сям’і далі пакой у маласямейцы. Жылі з падсяленнем: у адным пакоі іх сям’я, у другім — яшчэ адна. Калі прапанавалі будавацца, рашыліся ўзяць участак, атрымалі ў банку пазыку. Пяць год узводзілі свой дом, у якім большасць работ Іван Андрэевіч выконваў сам. Ён не проста прафесіянал, які ведае толк у будаўніцтве, але і вельмі творчы чалавек з вялікімі рацыяналізатарскімі, інжынернымі здольнасцямі.
Дом атрымаўся прасторным, светлым і зручным для жыцця.
Двухпавярховы дом атрымаўся прасторным, светлым, і, як адзначаюць самі гаспадары, вельмі зручным для жыцця. У кожны куточак на ўчастку ў 18 сотак муж і жонка ўклалі шмат працы і душы. Экскурсія ў Мосар натхніла Івана Андрэевіча на аздабленне падвор’я камянямі: упрыгожыў імі не толькі фундамент, агароджу, іншыя элементы, але і стварыў кампазіцыі з раслінамі. На некаторых камянях нанёс узоры, ператварыўшы іх то ва ўсмешку кітайца, то ў вожыка…
Гаспадары валодаюць і сакрэтамі садаводства, агародніцтва. Разам з традыцыйнымі культурамі ў іх растуць і рэдкія, напрыклад актынідыя — міні-ківі, якія выдатна выспяваюць у нашай мясцовасці.
Набрацца мудрасці ў… альтанцы
Каля дома — утульная альтанка, сцены якой зроблены з драўляных брускоў, злучаных так, што яны як быццам вітаюць у паветры. На іх гаспадар выпаліў розныя афарызмы. Напрыклад, над уваходам размешчаны словы: «Любі жыццё, і жыццё палюбіць цябе». Прыцягваюць увагу і іншыя мудрыя словы: «Прыніжэнне — дрэнны выхавальнік», «У Бога няма іншых рук, акрамя тваіх», «Радасць заключана не ў рэчах, яна — у нас саміх» і многія іншыя.
Іван Андрэевіч зазначае, што скразнякоў у альтанцы ніколі не бывае, хаця яна і адкрытая. А вось госці бываюць часта. Шмат год гаспадары дома сябруюць з Нінай і Сяргеем Халязнікавымі, Алай і Віктарам Гарбачэнка — сем’ямі, якія ў свой час таксама пераехалі ў Чысць з Чарнобыльскай зоны. Па добрай традыцыі на стары Новы год яны з сябрамі абавязкова ладзяць шашлыкі ў лесе, што знаходзіцца літаральна праз дарогу ад дома.
У гэтай цуда-печцы, якую змайстраваў гаспадар, можна і смажыць, і вэндзіць.
Любяць ездзіць на экскурсіі. У сямейным альбоме шмат прыгожых здымкаў з розных знакавых месцаў Беларусі, са святаў і фестываляў.
Рай для ўнукаў
У Івана Андрэевіча і Аксаны Міхайлаўны двое дарослых дзяцей. Сын Дзяніс — інжынер, жыве з сям’ёй у Рэчыцы. Дачка Галіна — эканаміст-менеджэр, з мужам і сынам жыве ў Лагойску.
З нараджэннем унукаў Яўгеніі і Рамана ў дзядулі з бабуляй нібыта адкрылася другое дыханне. Жэні ўжо сем год, Роме пяць, яны любяць прыязджаць у Чысць. Дзядуля пабудаваў для іх цэлы парк атракцыёнаў — карусель, тарзанку, трэнажоры, горку з пляцоўкай наверсе, маленькія таямнічыя склепы з дзверцамі, у якіх можна схавацца і многае іншае. Іван Андрэевіч прапанаваў і мне пакатацца. Вельмі спадабалася: нібыта вярнулася ў дзяцінства…
На тарзанцы, дарэчы, іншы раз могуць пракаціцца і дарослыя. А заняткі на вулічных трэнажорах, накшталт тых, якія стаяць ля сучасных санаторыяў — выдатны спосаб падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме.
Дзеці вельмі любяць катацца на каруселі.
Ва ўсіх гэтых рэчах — мора фантазіі, рацыяналізатарскай думкі, майстэрства, а галоўнае, вялікай любві іх стваральніка да сваіх родных, да прыгожай сядзібы — утульнага радавога гнязда дружнай сям’і.
Трэнажоры ацанілі як дзеці, так і дарослыя.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў сям’і Шэк.