15.07.2022 11:17

Мора, мора — свет бяздонны…

Трэба было бачыць, як гарэлі вочы дзяцей і якімі зацікаўленымі яны былі ў час экскурсіі, што праводзіў настаўнік біялогіі і геаграфіі гімназіі-каледжа мастацтваў Дзмітрый Ганецкі. Першакласнікі, удзельнікі школьнага лагера, задавалі шмат пытанняў, але найбольш часта цікавіліся тым, ці сапраўдныя марскія насельнікі прадстаўлены на экспазіцыі.

Дзмітрыя Мікалаевіча дзеці слухаюць зацікаўлена. Дзмітрыя Мікалаевіча дзеці слухаюць зацікаўлена.

У падводнае царства – праз… бібліятэку

Усе да аднаго экспанаты выстаўкі сапраўдныя. Дзмітрый Мікалаевіч захапляльна расказваў пра кожны з іх, назвы многіх нават вымавіць цяжка.

Марскі экспанат і ў далонях можна патрымаць.

Праверанае часам захапленне марской тэмай распачалося ў Дзмітрыя Ганецкага ў раннім дзяцінстве. У чатыры гады хваравітага хлопчыка маці Варвара Севасцьянаўна ўпершыню павезла на Чорнае мора.

— Потым мы ездзілі на мора амаль кожнае лета, і мне вельмі падабалася збіраць на беразе ракавінкі. Іх прывозіў дамоў цэлымі сумкамі, з цікавасцю разглядаў, параўноўваў адну з адной, — расказвае настаўнік. — Хто б мог падумаць, што з часам я моцна «захварэю» на падводны свет.

Захапленне фарміравалася паступова. Вялікую ролю адыгралі бібліятэка сярэдняй школы №3 і яе загадчыца Ала Паўлаўна. У сёмым-восьмым класе хлопчык пасля ўрокаў спяшаўся ў чытальную залу, каб у чарговы раз сесці за прыгожа ілюстраваную энцыклапедыю аб жыцці марскіх насельнікаў. І быццам апынаўся ў таямнічым падводным царстве. У асаблівай атмасферы, дзе ніхто не дакучаў, час пралятаў незаўважна. Зусім не сумна было перапісваць змест энцыклапедыі ў агульныя сшыткі, якіх набралася чатыры. Не ведаючы лацінскай мовы, Дзмітрый запамінаў назвы жывёл. Найбольш яго захаплялі тры іх групы: ігласкурыя, ракападобныя і малюскі. Настаўніца рускай мовы заўважыла, што вучань не ведае правілаў, а піша амаль без памылак.

Акваланг выпрабоўвалі ў фантане

Пасля школы Дзмітрый паступіў у Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Займаўся навуковай работай на кафедры заалогіі. Аб’ектам яго даследаванняў былі водныя жывёлы, і гэта таксама стымулявала да яшчэ большага паглыблення ведаў. Потым ён застаўся працаваць на кафедры заалогіі. Паралельна закончыў курсы падводнага плавання ў марской школе. Набыў неабходную амуніцыю, акваланг, гідракасцюм.

— На акваланг давялося пазычаць грошы ў знаёмых, — успамінае субяседнік. – Потым разам з сябрам Аляксандрам Барысевічам, які таксама захапляецца падводным плаваннем, было знойдзена неардынарнае месца для выпрабоўвання амуніцыі. Уявіце сабе карціну: цэнтр Віцебска, вялікі фантан, у які… нырае аквалангіст. Каб не прыцягваць увагу відавочцаў, выпрабаванне праводзілі ў чатыры гадзіны раніцы. Магчыма, нехта прыгадае кінастужку «Чалавек-амфібія». Але для нас самым важным было вызначыць, што амуніцыя спраўная і дыхаецца ў ёй добра.

Падводнае пагружэнне – справа даволі небяспечная, тут не бывае дробязей. І экіпіроўка павінна быць якасная, і прыборы спраўныя.

— Аднойчы ў мяне перастаў працаваць манометр, які паказвае ціск паветра ў балонах. Прызнаюся, мароз пайшоў па скуры, — гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч. — Іншы раз перабаршчыў з грузамі – зашмат змясціў іх на поясе. З жахам заўважыў, што, як падбітая падводная лодка, вельмі хутка іду на дно. Каб дабрацца да берага, давялося выкарыстоўваць тэхніку «жабравых скокаў». Здаралася, што замест рыбы амаль быў злоўлены рыбакамі на трайны кручок, што быў літаральна за некалькі сантыметраў ад мяне. У складаных сітуацыях на вадзе, як і на сушы, трэба карыстацца аўтатрэнінгам. Нельга мітусіцца, панікаваць, даваць волю трывожным думкам. Трэба пачаць павольна дыхаць, пастарацца справіцца з трывогай — тады выйсце будзе знойдзена.

Больш за 750 відаў марскіх жывёл

— Першыя чарнаморскія экзэмпляры, якіх я сам злавіў, з’явіліся ў мяне ў пачатку васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Пазней мая цёця Софія Севасцьянаўна Ганецкая прывезла з турыстычнай паездкі ў Рэспубліку Югаславію з Адрыятычнага мора афіуру – істоту, роднасную марскім зоркам, — расказвае Дзмітрый Мікалаевіч. — Калі трымаў яе ў руках, адчуваў сябе самым шчаслівым чалавекам на свеце. Размясціў рэліквію ў каробку ад цукерак, падпісаў ад рукі назву па-руску і на лацінскай мове і з гонарам паказваў суседзям і знаёмым. Удзячны і свайму пляменніку Максіму Бурдзілаву, які вельмі дапамагае ў пашырэнні калекцыі.

Ракавiны роду Долiум.

Вопыт прыходзіць з цягам часу, абагачаецца не толькі калейдаскоп уражанняў, але і марская калекцыя незвычайных экспанатаў Дзмітрыя Ганецкага. У ёй сабрана больш за 750 відаў марскіх жывёл з розных рэгіёнаў Сусветнага акіяна. У асобнай вітрыне пад шклом захоўваецца камчацкі каралеўскі краб – адзін з самых каштоўных ракападобных Далёкага Усходу. Ён можа жыць да 25 гадоў. Размах ног у асобных экзэмпляраў дасягае 1,5 метра. Дасланаму ў пасылцы з Петрапаўлаўска-Камчацкага засушанаму крабу Дзмітрый не толькі клюшні клеіў, але літаральна збіраў яго па частках. Давялося нямала папрацаваць над тым, каб сабраць дарагую галаваломку і стварыць для краба штучнае, адпаведнае прыроднаму асяроддзе. Самыя маленькія — крэветкі памерам каля 5 міліметраў, злоўленыя сачком у Чорным моры.

Камчацкі каралеўскі краб адзін з самых каштоўных ракападобных Далёкага Усходу.

Многія экзэмпляры заказваў з розных краін свету: Бразіліі, Філіпін, Злучаных Штатаў Амерыкі, краін блізкага замежжа. Няма толькі прадстаўнікоў з Антарктыды, дзе пад лёдам вучоныя адкрылі нямала насельнікаў.

Субяседнік прызнаецца, што ў далёкіх замежных вандроўках пабываць яму пакуль не давялося. Магчыма, пашчасціць у будучыні. Каб была такая магчымасць, ён бы вандраваў па ўсім свеце. А цяпер асалоду яму прыносяць успаміны пра Чорнае, Балтыйскае і Азоўскае моры. У яго доме ёсць шафа на ўсю сцяну, вышынёй ад падлогі да столі, дзе за шклянымі вітрынамі на трох полках вельмі шчыльна адзін да аднаго размяшчаюцца марскія экспанаты.

На выстаўцы прыцягвалі ўвагу розныя экзэмпляры.

Дзмітрый Ганецкі робіць і прыгожыя дыярамы – фрагменты марскога дна размяшчае пад празрыстым пластыкам. Прыцягвае ўвагу карал-гарганарыя Ктэнацэла грабеньчыкавая «Ліра Гаргоны», што распаўсюджана ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.

Шкілеты рыфастваральных каралаў.

— Заўважаю, што месца ў доме становіцца ўсё менш. Але галоўнае, што ў ім ёсць маленькі кавалачак мора – невялікі акварыум з марскімі жывёламі, – гаворыць субяседнік. – Як калекцыянер, я вельмі ўдзячны адміністрацыі гімназіі-каледжа мастацтваў, асабліва Іне Рушук, за магчымасць і дапамогу ў правядзенні сваёй выставы.

У жніўні гэтага года споўніцца дваццаць гадоў як у навучальнай установе працуе апантаны настаўнік Дзмітрый Ганецкі. Ён прывівае вучням цікавасць да навакольнага свету, не стамляецца прыцягваць іх увагу да экалагічнай тэмы, якая становіцца ўсё больш актуальнай. Шмат пазітыву прыносяць Дзмітрыю Мікалаевічу стасункі са школьнікамі, якія шчыра здзіўляюцца разнастайнасці падводнага свету, прыгажосці, створанай прыродай і захаванай чалавекам.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР.

 

 

Прочитано 954 раз
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.