19.04.2022 14:36

Для іх чытанне — лад жыцця

«Няхай не будзе ніводнага дня, калі б вы не прачыталі хаця б адной старонкі з новай кнігі», — так некалі сказаў выдатны пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі. І яго словы, актуальныя і сёння, сталі лейтматывам свята «Чытач года», што па традыцыі ладзіцца ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.

Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Марыя Стасяловіч і «Чытач года-2021» Наталля Гойдзіна. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Марыя Стасяловіч і «Чытач года-2021» Наталля Гойдзіна.

Тут у чарговы раз можна было пераканацца, што кнігі яднаюць людзей рознага ўзросту і прафесій, а чытанне — гаючая таблетка, глыток свежага паветра, неабходнасць і лад жыцця. Упершыню на свяце «Чытач года-2021» была заснавана намінацыя «Вялікі чытацкі стаж»: пераможцам стала Наталля Кавалеўская. З кнігай яна пасябравала яшчэ пяцігадовай дзяўчынкай, бібліятэку наведвае ўжо больш за 40 гадоў. У яе фармуляры і класіка, і сучасная літаратура. Што адметна, Наталля заўсёды дзеліцца ўражаннямі аб прачытаным. Па спецыяльнасці яна тэхнік-будаўнік, працуе інжынерам па ахове працы ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы.

З дзяцінства атрымлівае асалоду ад кніг і пераможца намінацыі «Залаты фармуляр» Таццяна Сівіцкая, канцэртмайстар дзіцячай школы мастацтваў. Ёй цікавыя як беларускамоўныя, так і рускамоўныя аўтары. За мінулы год яна прачытала аж 148 кніг. У яе самы вялікі фармуляр! Дарэчы, бібліятэкары звярнулі ўвагу на тое, што цяпер выдаецца шмат цікавых беларускіх твораў і менавіта ў сучаснай айчыннай літаратуры многія знойдуць для сябе адказы на актуальныя жыццёвыя пытанні. На бібліятэчных паліцах і багатая творчая спадчына класікаў.

Кнігам на беларускай мове аддае перавагу Люцыя Сяргей, якая да выхаду на заслужаны адпачынак выкладала беларускую мову і літаратуру ў СШ №2. Цяпер ёй таксама не сядзіцца на месцы: працуе прадаўцом у гандлёвым цэнтры ў Мінску. Люцыі Вацлаваўне прысудзілі перамогу ў намінацыі «Патрыёт беларускай літаратуры». А яшчэ яна аказалася самай гаваркой удзельніцай свята чытачоў. Жанчына з гумарам заўважыла, што ў Маладзечне ёй асабліва прыемна заходзіць у бібліятэку і аптэку. У свой час Люцыю на яе роднай Гродзеншчыне ў чатырохгадовым узросце навучыла чытаць настаўніца. І сёння памятае яна сваю першую казку «Штукар Клімка», якую, на жаль, аніяк не можа адшукаць. У ліку яе любімых аўтараў Міхась Пазнякоў, Уладзімір Ліпскі, а таксама Чынгіз Айтматаў. Чытачка заўважыла, што звяртае ўвагу не толькі на сэнс, але і афармленне кніг.

Пераможца намінацыі «Самы перспектыўны чытач» — Ірына Бандаровіч, якая абсалютна не згодная з тым, што з цягам часу друкаваныя кнігі заменяць электронныя альбо іншыя гаджаты. Яна вучыцца ў дзясятым класе гімназіі-каледжа мастацтваў і яшчэ вызначаецца з будучай прафесіяй. Мажліва, пойдзе ў фармацэўтыку, але ўжо відавочна, што па сваёй дарозе Ірына будзе крочыць з кнігамі. Як сама заўважае, неабсяжную краіну чытання адкрыла для сябе два гады таму і зразумела, наколькі яна значная. Кнігі для дзесяцікласніцы — найперш жыццёвы вопыт і фундамент інтэлектуальнага развіцця, што даюць ёй магчымасць паглядзець на сябе збоку альбо на прыкладзе літаратурных герояў пазбегнуць тых ці іншых памылак. Ірына пакуль не знайшла свайго аўтара і стыль, але асаблівую ўвагу прыцягваюць антыўтопіі – творы пра ўяўную будучыню з крытычным да яе стаўленнем.

Ірына Бандаровіч юная і перспектыўная чытачка.

Самай чытаючай сям’ёй у 2021 годзе сталі Ларыса Барадзіна і яе сын Андрэй. Па адукацыі яны інжынер-хімік і інжынер-механік. Чытаюць самыя разнастайныя творы. Ларыса Фёдараўна гаворыць, што без кнігі не можа заснуць. Яна таксама прыгадала выпадак, які адкрыў для яе сына свет бібліятэкі. Прывяло яго туды «Фядорына гора» — гэту казку Карнея Чукоўскага ён і яго аднакласнік... згубілі. І трэба было нейкім чынам вырашаць пытанне з бібліятэкай. Урэшце пасябраваў з ёю.

А «Чытачом-2021» стала інжынер Наталля Гойдзіна, якая 30 гадоў адпрацавала на заводзе «Спадарожнік». У свой час яна прыехала ў Маладзечна з уральскага Чэлябінска. І адразу запісалася ў бібліятэку, стала актыўнай зацікаўленай чытачкай. Яна любіць перачытваць класіку, апошнім часам захапляецца замежнымі аўтарамі, напрыклад, англійскімі, скандынаўскімі. Вельмі ўражваюць яе кнігі Люсінды Райлі — кожная з іх ахутана тайнай. «Як можа не хапаць часу на чытанне?! — здзіўляецца Наталля. — Для гэтага ён заўсёды ёсць». Таксама жанчына актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, што ладзяцца ў бібліятэцы, і з’яўляецца намеснікам старшыні аматарскага клуба «Кніжны гурман». Пераможцы конкурсу «Чытач года-2021» уручылі сімвал мудрасці керамічную статуэтку «Кніжная сава», бестэрміновы чытацкі білет і дыплом. Зрэшты, прызы атрымалі ўсе ўдзельнікі. Іх віншавала дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Марыя Стасяловіч. Прыемным падарункам сталі і выступленні выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў.

Намінанты конкурсу Ларыса Барадзіна, Наталля Кавалеўская, Люцыя Сяргей, Таццяна Сівіцкая.

Тым часам новы чытацкі сезон набірае абароты. Мажліва, ужо сёння вы знойдзеце самую важную для сябе кнігу. Для гэта варта прыйсці ў бібліятэку.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 498 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.