Канстанцыя – рамантыка Сярэдневякоўя

Сёння гераіня нашай рубрыкі, у якой мы расказваем пра лю-дзей з рэдкімі і незвычайнымі імёнамі, – маладзечанка Канстанцыя Герасіменка.

Канстанцыя Герасіменка - дзяўчына з рэдкім імем. Канстанцыя Герасіменка - дзяўчына з рэдкім імем.

Так назваў яе бацька. Гэта крыху сумная, але, безумоўна, светлая гісторыя, якая назаўсёды схаваная ў сэрцы Канстанцыі.

— Майго таты не стала, калі мне не было яшчэ годзіка, — расказвае дзяўчына. – Ён ведаў, што хвароба не дазволіць яму выгадаваць мяне. Таму вельмі хацеў, каб імя, дадзенае ім, аберагала мяне, вяло за сабой і садзейнічала «пастаяннай перамозе». У радзільны дом тата перадаў маме на паперцы спіс імёнаў. З усяго пераліку яна спынілася на Канстанцыі, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «пастаянная». А потым бацька прапанаваў падвоенае імя – Канстанцыя-Вікторыя (ад лацінскага Victоria — «перамога»), тым больш што ў нас, католікаў, гэта своеасаблівая традыцыя.

Праўда, другая частка імені субяседніцы існуе толькі ў дакументах.

— Знаёмыя да мяне спрабавалі звяртацца Кася альбо Каця, – працягвае дзяўчына. – Але гэтыя варыянты не прыжыліся. І сёння самае распаўсюджанае ў мой адрас пытанне, якая скарочаная форма майго імені. Кароткія варыянты сапраўды ёсць, але гучаць яшчэ больш нязвыкла, чым Канстанцыя. Напрыклад, Коні, Канстанс, Канстанса, Станцы.

Маёй субяседніцы па душы даволі звыклыя імёны – Юрый, Ганна, Агата, Софія. Зрэшты, і ў сваім імені нічога асабліва незвычайнага яна не бачыла да падлеткавага ўзросту. Толькі потым усвядоміла, што вылучаецца сярод іншых і гэта ёй падабаецца.

— Усё маё імя ахутана рамантыкай Сярэдневякоўя… Вось толькі ніколі ў жыцці не бачыла сваёй цёзкі, — заўважае дзяўчына. – Нават у мамы нястомна пытаюся: «Ну, які ён, чалавек з такім жа іменем?..».
Толькі кінагераіню Канстанцыю ведаю. Дарэчы, людзі старэйшага пакалення заўсёды думаюць, што мяне назвалі ў яе гонар. А мае равеснікі даволі спакойна рэагуюць на імя. Хаця мне падаецца, што маладыя людзі і сапраўды побач са мной адчуваюць сябе… рыцарамі. Нібы на сапраўднае дзіва, рэагуюць на маё імя сучасныя дзеці. Калі прыйшла выкладаць у дзіцячую мастацкую школу мастацтваў і прадставілася, вучні ледзь не ў адзін голас здзівіліся: «Няўжо бывае такое імя?!».

У Канстанцыі выдатнае пачуццё гумару. Яно ёй дапамагае і тады, калі яе імя людзі ператвараюць у… хлапечае.

— Бывае, такая блытаніна атрымліваецца: раптам станаўлюся Канстанцінам Герасіменкам! — усміхаецца яна.

Арыгінальная і адукацыя нашай гераіні. Па спецыяльнасці яна дызайнер адзення, што адчуваецца і ў асабістым стылі. Услед за бацькам дзяўчына марыць развівацца ў мастацтве.

На пытанне, што найбольш ёй падабаецца маляваць, па-філасофску адказвае: «Свае перажыванні…».

Фота: архіў Канстанцыі ГЕРАСІМЕНКА.

Шаноўныя чытачы! Калі ў вас, вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рэдкае імя, ёсць цікавая гісторыя, звязаная з ім, раскажыце нам пра гэта.
Тэл. 77-19-61, е-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. (абавязкова пакіньце даныя для сувязі).

Прочитано 194 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Па-англійску – Эдзіта, па-нашаму – Эдзічка

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить