Новости Молодечно и Молодечненского района

«Янка Купала – наш падмурак, узор творцы і служэння роднаму народу»

  • 2025-07-12 17:00:00
  • Марина ПУЦЕЙКО

Адзін з найпрыгажэйшых куткоў Мінскай вобласці – Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» -- зноў сабраў сяброў, каб адсвяткаваць традыцыйнае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…»



Менавіта тут пачаўся шлях творчай асобы Янкі Купалы, які стаў сімвалам беларусаў як нацыі і з ідэаламі якога звяраюць сваё жыццё новыя і новыя пакаленні. Штогод гэта свята збірае знаўцаў і аматараў творчасці беларускага Песняра і дорыць усім масу яркіх уражанняў.





Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галіцкая адзначыла, што свята стала традыцыйным завяршэннем багатых на мерапрыемствы купалаўскіх дзён. Менавіта ў гэтым годзе мы адзначаем 100 гадоў з дня надання Янку Купалу ганаровага звання народнага паэта Беларусі і 120-годдзе яго творчай і грамадскай дзейнасці.

– Ад шчырага сэрца хочацца падзякаваць Маладзечанскаму райвыканкаму, аддзелу культуры за падтрымку, удзел у арганізацыі свята, увогуле за адносіны да спадчыны Янкі Купалы,  – падкрэсліла Ганна Васільеўна. – Мы вельмі ўдзячныя Саюзу пісьменнікаў Беларусі, творцам і майстрам, якія сталі нашымі сапраўднымі сябрамі і заўсёды далучаюцца да нашых мерапрыемстваў.

– На свеце шмат розных паэтаў, але няма такога ніводнага, які быў бы так блізка з народам, жыў яго думкамі і клопатамі. Мы ганарымся сваім земляком і ўшаноўваем яго імя, - адзначыла намеснік начальніка аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Аксана Курчына.



«Янка Купала – наш падмурак, узор творцы і служэння роднаму народу», — так выказаўся старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, чытаючы свае вершы, прысвечаныя Песняру.

Творчасць першага народнага паэта Беларусі стала галоўным лейтматывам мерапрыемства. На святочным канцэрце гучалі творы, натхнёныя купалаўскімі радкамі, а на кірмашы рамёстваў можна было набыць сувенір на памяць пра цудоўны дзень, праведзены на малой радзіме паэта. Фотазоны і інтэрактыўныя пляцоўкі дазволілі выдатна правесці час і запоўніць памяць тэлефона цудоўнымі фотаздымкамі.









Згадзіцеся, штогадовае свята ў Вязынцы – гэта выдатная нагода правесці час усёй сям'ёй, з блізкімі, дакрануцца да культуры сваёй краіны і знайсці натхненне.






Тэкст і фота: Марына ПУЦЭЙКА