Новости Молодечно и Молодечненского района

«Узлёт. Падзенне і надзея на адраджэнне»

  • 2025-01-07 08:15:00
  • Людмила ЦАРЬ

Такую назву мае кніга нашага земляка Аляксандра РАТКЕВІЧА, якая нядаўна была выдадзена ў маладзечанскай друкарні «Перамога» накладам 99 асобнікаў.

У кнізе расказваецца пра тое, як напрыканцы існавання СССР і пасля яго распаду ААТ «Забудова» здолела перамагчы ўсе цяжкасці. У час агульнага эканамічнага дэфолту былі пабудаваныя сучасны, са своеасаблівай архітэктурай пасёлак і домабудаўнічы камбінат еўрапейскага ўзору.

Прысвечана кніга першаму генеральнаму дырэктару ААТ «Забудова» Іосіфу Русаку, камандзе кіраўнікоў і тысячам «забудоўцаў». Распачынае яе раздзел «Першая сустрэча з чалавекам-легендай». Пад кіраўніцтвам Іосіфа Русака аўтару пашчасціла працаваць. На жаль, толькі чатыры гады – з-за стану здароўя. Хоць Аляксандр Аляксандравіч не вярнуўся на прадпрыемства, але бачыў, як вытворчасць разрасталася, будаваўся пасёлак.

На старонках выдання можна прачытаць пра этапы жыцця прадпрыемства і людзей, якія ўносілі свой уклад у яго развіццё. Мэта работы над кнігай, якая доўжылася восем месяцаў, – захаваць гісторыю пасёлка і домабудаўнічага камбіната.

Прэзентацыя выдання адбылася на «Забудове». Экзэмпляры будуць перададзены ў навучальныя ўстановы. Кніга будзе запатрабавана ў бібліятэках, яна мае ўсе падставы заслужыць цікавасць у шырокага кола чытачоў.

– У мяне шмат гадоў выношвалася ідэя напісаць хаця б артыкул пра Іосіфа Русака і яго каманду, – гаворыць Аляксандр Раткевіч. – Сёлета сустрэў аднадумцаў. Гэта сям’я Святланы і Уладзіміра Маркоўскіх, якія не адно дзесяцігоддзе ў сяброўскіх адносінах з Іосіфам Мікалаевічам. Іосіф Русак чалавек вельмі сціплы, не любіць публічнасці. У яго заўсёды на першым месцы справа. Спачатку было цяжкавата атрымаць нейкую інфармацыю, асабліва пра яго асабістае жыццё. Але мы знайшлі агульную мову. І замест планаванага артыкула атрымалася кніга. Выданне з’явілася і дзякуючы Марыі Берасневай, галоўнаму рэдактару кнігі, прафесійнаму стылістычнаму рэдактару, а таксама рэдактару-кансультанту Святлане Маркоўскай. І канешне ж, шматлікім людзям, якія мелі дачыненне да стварэння адкрытага акцыянернага таварыства і яго сённяшняга дня. Кніга пра Чысць убачыла свет толькі месяц таму і пакуль што мала каму трапіла ў рукі. Нягледзячы на гэта, чуткі аб выданні разляцеліся. Адразу пайшлі водгукі ў адрас аўтара і герояў кнігі, галоўных стваральнікаў прадпрыемства. Асабліва ў адрас Іосіфа Русака. Наша Чысць, наша «Забудова» вартыя таго, каб пра іх пісалі. Дарэчы, у кнізе распавядаецца і пра сённяшнія будні прадпрыемства, якое ўзначальвае генеральны дырэктар Сяргей Міхалёнак. Хачу падзякаваць усім чысцінцам, якія дзяліліся сваімі ўспамінамі і падказкамі, фотаздымкамі, рабілі заўвагі і ўносілі прапановы,. Асаблівая падзяка за высокі прафесіяналізм калектыву друкарні «Перамога».

Людміла ЦАР
Фота: архіў Аляксандра РАТКЕВІЧА