Новости Молодечно и Молодечненского района

«У Калядкі віншуем усіх па парадку»

  • 2025-01-14 16:44:00

13 студзеня спецыялісты дзіцячага цэнтра культуры «Расток» разам з выхаванцамі клуба беларускай гульні «Весялінка» распачалі шэраг святочных вандраванняў «У Калядкі віншуем усіх па парадку» і завіталі ў пачатковыя класы сярэдняй школы №2 горада Маладзечна.

Калядны гурт з традыцыйнымі песнямі і забавамі абрадавых персанажаў: Казы, Мядзведзя і Цыганкі са святочнай Зоркай – заходзіў у класы, шчыра віншаваў настаўнікаў і вучняў, за што нязменна атрымліваў пачастункі, добрыя ўсмешкі і шчырыя апладысменты.

Усе прысутныя мелі магчымасць паглядзець абрад калядавання на Беларусі. Такая форма творчага супрацоўніцтва дапамагае спецыялістам дзіцячага цэнтра культуры «Расток» захоўваць народныя традыцыі святкавання Каляд, перадаваць іх нашчадкам і далучаць падрастаючае пакаленне да культурнай спадчыны свайго народа.