Новости Молодечно и Молодечненского района

«Ракуцёўскае лета» сустракае гасцей

  • 2025-07-26 17:43:00
  • Людмила ЦАРЬ

Сёння ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Фальварак Ракуцёўшчына» праходзіць рэспубліканскае свята беларускай паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета».

Мерапрыемства з году ў год аб’ядноўвае прыхільнікаў творчасці Максіма Багдановіча, талентаў беларускай літаратуры і музыкі, рамеснікаў і турыстаў. Тут адчуваецца асаблівая творчая атмасфера, ёсць цудоўная магчымасць атрымаць асалоду ад сакавітай беларускай мовы, натхніцца мастацкім словам. А яшчэ прайсці тымі сцежкамі, якімі ў свой час хадзіў малады класік беларускай літаратуры, чэрпаў сілы і натхненне, каб перадаць свае думкі і пачуцці. У вельмі прыгожым, маляўнічым месцы паэт прабыў усяго два месяцы, але яны сталі плённымі ў яго творчасці.

Прыцягваюць увагу выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Народныя ўмельцы расказваюць пра свае работы, дзеляцца творчымі сакрэтамі. Нямала жадаючых прывезці са свята не толькі ўражанні, але і сувеніры.

Праграмай прадугледжаны майстар-класы, выставы, гульні, забавы. Арганізаваны фотазоны і інтэрактыўныя пляцоўкі. У час змястоўнай экскурсіі па фальварку многія адкрылі для сябе новыя старонкі жыцця паэта.
Са сцэны віталі ўдзельнікаў і гасцей свята начальнік аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Вольга Ананьева.

Да прысутных звярнуліся намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос.

Чыталі свае вершы беларускія паэты, дарылі творчасць музыканты і спевакі.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР

, ,