Новости Молодечно и Молодечненского района

І зорка гарыць, і не вяне вянок…

  • 2021-12-16 08:59:07
  • Анжаліка Крупянькова

Васількі любімаму паэту

Як жа да твару вянок з сініх васількоў пяцікласніцы гімназіі-каледжа мастацтваў Соф’і Калінінай! Доўга чаравала над ім дзяўчынка, каб кветачкі з фаамірану атрымаліся нібыта жывыя. Прадставіла яна і яшчэ адзін прыгожы вянок у асенніх тонах. За выдатны густ і акуратнасць дзяўчынка стала прызёрам конкурсу, заняла другое месца сярод дзяцей ад 7 да 12 гадоў у намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў аб’ёме».

— Калі ў бібліятэцы мне сказалі, што праводзіцца конкурс дэкаратыўных работ, прысвечаны Максіму Багдановічу, я ўсклікнула: «Дык гэта ж мой любімы паэт! Абавязкова буду ўдзельнічаць!».

І адразу вырашыла, што зраблю вянок з васількоў – любімых кветак Багдановіча. Да таго ж блакітны колер мне вельмі падабаецца, — дзеліцца Соф’я, якая займаецца ў мастацкім класе, наведвае студыю ў дзіцячым цэнтры культуры «Расток».

— А мне вельмі спадабаўся верш Багдановіча «Возера», вось я і вырашыла свае ўражанні перадаць у гэтай рабоце з прыродных матэрыялаў, — падключаецца да размовы пяцікласніца СШ №12 Аліна Монід, работа якой удастоена першага месца.

Аліну Монід натхніў на творчасць верш «Возера».

Трэцяе месца заняў Ілья Гарадзёнак за работу «Санет». Першай сярод дзяцей 13-15 гадоў стала Паліна Дунец за работу «Страцім-лебедзь». Наведвальнікі выстаўкі любаваліся і букецікамі з васількоў, зробленымі Марыяй Краўцовай і Наталляй Бажко.

Лэпбук ад Глафіры Шлойда

Дарослыя таксама падключыліся да раённага конкурсу. Актыўна ўдзельнічалі і самі бібліятэкары – трэба ж паказваць прыклад, натхняць чытачоў. Першае месца сярод аб’ёмных работ заняла бібліятэкар Раёўскай сельскай бібліятэкі Глафіра Шлойда. Яна арыгінальна аформіла лэпбук – раскладную кнігу-папку з кішэнькамі, з якой можна даведацца біяграфію паэта, убачыць яго здымкі, прачытаць урыўкі з вершаў. І нават праверыць свае веды творчасці Багдановіча з дапамогай спецыяльна зробленых картачак. Прафесійны падыход, арыгінальнасць, дасканаласць у афармленні – усё тут сышлося. Нельга не сказаць і пра тое, што Глафіра з’яўляецца ўдзельніцай народнага вакальнага ансамбля «Асалода» Раёўскага Дома культуры, ведае шмат беларускіх песень, сярод якіх і творы на словы Багдановіча.
З вялікай любоўю да паэта стварыла лэпбук Глафіра Шлойда.
Другое месца ў гэтай намінацыі заняла Тамара Аўдзевіч, трэцяе – Наталля Бажко.

Натхніла на творчасць «Зорка Венера»

Першага месца ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва на плоскасці» сярод дарослых удастоена работа выпускніцы Мінскага медыцынскага каледжа Ксеніі Хобалевай. На яе карціне – зіма, якую вельмі любіць аўтар. Арганічна дапаўняе яе верш Багдановіча «Завіруха».

Вельмі арыгінальная работа «Зорка Венера» і ў выкладчыцы дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Вольгі Сарока, якая заняла другое месца. Няцяжка здагадацца, што натхніла яе вядомая песня на словы Багдановіча. Пано выканана ў тэхніцы выцінанкі з элементамі акварэльнай монатэпіі, калі фарба наносіцца на шкло, а потым робіцца адбітак на паперы. Мастачка расказвае, што ў іх школе да юбілею Максіма Багдановіча таксама арганізавана выстаўка ілюстрацый да вершаў паэта.

Глядзіш на пано Вольгі Сарока — і нібы чуеш песню «Зорка Венера».

Мы рады былі пазнаёміцца і з самадзейным мастаком з Радашковіч Уладзімірам Стасевічам, слесарам ачышчальных збудаванняў. Яго работы ўпрыгожваюць інтэр’еры мясцовай бібліятэкі і цэнтра культуры і адпачынку. А на конкурс ён прадставіў напісаную алеем, упрыгожаную россыпамі бісеру і бурштыну карціну «Лясное возера», якая заняла трэцяе месца, як і пано Жанны Мікліс «Страцім-лебедзь».

Уладзімір Стасевіч намаляваў лясное возера.

За арыгінальнасць, акуратнасць і творчы падыход заахвочвальны прыз журы прысудзіла Кацярыне Гаўрыленка. Сярод дзяцей у гэтай намінацыі першае месца атрымала работа «Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык», якую выканала Алена Ікан.

Дыпломы і падарункі пераможцам уручыла дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыя Стасяловіч. А затым усіх жадаючых запрасілі на вечарыну, прысвечаную жыццю і творчасці Максіма Багдановіча. Яе вяла бібліятэкар Таццяна Скібіцкая. Гучалі вершы паэта ў выкананні дзесяцікласніка гімназіі-каледжа мастацтваў Міхаіла Скібіцкага, была падрыхтавана змястоўная відэапрэзентацыя. Пісьменнік, супрацоўнік бібліятэкі Міхась Казлоўскі расказаў шмат цікавых фактаў з біяграфіі Максіма Багдановіча, заклікаў моладзь чытаць яго творы, якія кожнаму дапамагаюць адчуваць сябе беларусам, любіць і шанаваць родную мову.

Вершы паэта чытаў Міхаіл Скібіцкі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.