Цяпер выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» змяшчае яго асобныя творы ў дапаможніках для пазакласнага чытання ў пачатковай школе. Міністэрства аховы здароўя выкарыстоўвае казкі пісьменніка на сваім інтэрнэт-партале «Слушна. Пра Беларусь і беларусаў», бо, як заўважылі ў ведамстве, «яны нясуць дабрыню і павагу да старэйшых, спагаду да слабейшых, вучаць дзяцей кемлівасці, шчырасці і працавітасці, развіваюць духоўны пачатак у юных душах…».
І вось пасля 15-гадовага перапынку Аркадзь Жураўлёў працягвае здзіўляць сваёй творчай актыўнасцю. Нагадаем, што ў канцы 2021 года аўтар парадаваў сваіх чытачоў зборнікам казак «Чароўныя словы», які вылучаўся на Нацыянальную літаратурную прэмію Беларусі 2022. У мінулым годзе выйшаў новы гумарыстычна-сатырычны зборнік «Цалуйце цешчу», а літаральна праз колькі тыдняў, але ўжо ў гэтым годзе, у кнігарнях з’явіўся яго новы ёмісты фаліянт на 540 старонак — зборнік выбраных празаічных твораў «Жывіца».

Аркадзь Жураўлёў здзіўляе нас кожнай сваёй новай кніжкай. Нягледзячы на розныя перашкоды, ён умее валодаць сабою, як і прафесійна спалучаць розныя жанры. Нездарма свой творчы шлях ён пачынаў з рабочага асяродка, дзе галоўным было напружанае штодзённае брыгаднае заданне, калі ніводны ланцужок не павінен абарваць рабочы канвеер. Гэту абавязковасць аўтар перанёс і ў творчы працэс, дзе патрэбныя і аналітычны розум рабочага, і рознабаковыя веды, вялікае цярпенне і настойлівасць, акуратнасць і дакладнасць слова, і шмат чаго яшчэ. Акрамя паспешлівасці.
Адразу прыцягваюць назва новай кнігі «Жывіца» ў шыкоўнай цвёрдай вокладцы, цудоўны малюнак прафесійнай мастачкі Алены Кучко ў нацыянальных сімвалах з боханам хлеба на стале.
Жывіца… Аднак гаворка пойдзе не пра смалу, а пра парасткі, што ўзыходзяць у душы чалавека: дабрыні, шчырасці, спагадлівасці, любові і адданасці Радзіме. Малюнак жа на вокладцы — яшчэ адзін доказ патрыятычнасці почырку пісьменніка: сімвалы жыцця і міру, еднасці і перамогі — тое, што павінна яднаць нас, беларусаў, і пра што разважаў сам пісьменнік у творчай аўтабіяграфіі.
Дарэчы, аўтар чалавек шчыры. Ён з вясковага маленства чуў словы: «Я пазнаёміўся з харошым чалавекам — пабагацеў на чалавека».
— Тады, — прызнаецца Аркадзь Жураўлёў, — не разумеў усёй глыбіні і значнасці гэтых слоў. Нават здзіўляўся, як гэта можна пабагацець на чалавека? І толькі з часам адкрылася мне, што самы найвялікшы чалавечы скарб — скарб душэўны, што чалавек багаты не тады, калі мае шмат грошай ці дарагіх рэчаў, а тады, калі ў яго вялікі душэўны набытак. А набытак гэты папаўняецца праз адносіны з іншымі людзьмі.
Свайму чытачу аўтар падрыхтаваў «свежыя» аповесці, апавяданні і публіцыстыку, а таксама творы, што прайшлі выпрабаванне часам і вельмі прыязна былі сустрэты чытачамі і крытыкай. Менавіта яны склалі тры мастацкія раздзелы кнігі. У апошні ўвайшоў краязнаўчы нарыс «Край Купалы да зорак нас кліча» пра гістарычнае мінулае і дзень сённяшні гэтага дзіўнага куточка нашай сінявокай Беларусі Маладзечаншчыны (тут аўтар жыве ўжо больш за паўвека), Смаргоншчыны (радзіма пісьменніка), Мядзельшчыны (больш за сорак пяць гадоў там «зяцюе»). Дарэчы, памянёны нарыс удала ўплецены ў цікавыя і малавядомыя шырокаму чытачу старонкі гісторыі Бацькаўшчыны («Цёплыя фарбы восені», «Пад музыку Шастаковіча», «Сініцы на бярозе»).
Праз цёплыя пейзажныя замалёўкі, лірычныя навелы і абразкі аўтар раскрывае прыгажосць прыроды роднага краю, дапамагае адшукаць у ёй свае адметныя, непаўторныя бакі душы чалавека. І тыя лірычныя навелы, абразкі і пейзажныя замалёўкі крытыка назвала своеасаблівай паэзіяй у прозе, гімнам прыродзе. Назву зборніку аўтар даў па аднайменным «вясковым» апавяданні «Жывіца» пра тое, як мужчына за грамадскімі клопатамі пачынае цвяроза задумвацца пра сваю сям’ю, і тое пасля напаміну жонкі. Для аўтара тое разуменне лучнасці сям’і як душы адзінага арганізма прыйшло вельмі рана, бо дзіцячая памяць, што да гэтага часу цепліцца ў яго душы, не адпускае, часам баліць па страчаным. Нездарма ж кажуць: дзе нам баліць, там і душа. І толькі вопыт вучыць нас цаніць выгоды жыцця. У Аркадзя Жураўлёва гэта вёска Гарані на Смаргоншчыне, дзе аўтар творча падсілкоўваецца («сКРЫЖаванні», «Адкрый душу сваю», «Сонца ў возеры», «Паэтава кладка», «Чайкі над возерам»)...
Займальнымі падаюцца і дэтэктыўныя творы: «Бумеранг», дзе галоўны герой хцівы падатковец вядзе вельмі небяспечную гульню і ў кіруючым крэсле, якое ён займае, і ў побыце, «Наследник» пра сям’ю чыноўнікаў, якія «абклалі» сваіх падначаленых службовым падаткам…
Воінам-інтэрнацыяналістам прысвечана апавяданне «Рэкеціры», якое, як і «Кампенсацыя», іншыя дэтэктыўныя творы, у свой час друкаваліся ў газеце «На страже» на працягу амаль паўгода. Загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны прысвечана апавяданне «Непераможная мелодыя», якому далі высокую ацэнку крытыкі старэйшага літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя».
У аповесці «сКРЫЖаванні» аўтар раскрывае сутнасць чалавечага ў чалавеку... Якія бацькі — такія і дзеці, або характар, у сваю чаргу, стварае характар...
Аркадзь Жураўлёў не змяняе сваім прынцыпам сцвярджэння духоўнага пачатку сваіх герояў, як і ў першых кнігах, робіць акцэнт на веру чалавека ў перамогу дабра («Ясік», «Сухі звон жаўрука», «Радзімка», «Даруй мне», «Марыйка» і інш.).
У некаторых творах прасочваецца аўтарскае «альтэр эга». І гэта апраўдана, бо аўтар абагульняе мясцовыя і свае ўласныя перажыванні, сустрэчы з вядомымі ў краіне людзьмі і прыўзнімае гэты матэрыял на шырокі грамадскі ўзровень.
Творы нашага земляка адкрываюць чытачу складаны свет кахання («Таня», «Каханне не выбіраюць»), тонкіх пачуццяў, асуджаюць душэўную чэрствасць, хцівасць, эгаізм («Адкрый душу сваю»). Бачна, што аўтар не павучае свайго чытача, а паказвае яго ў розных жыццёвых сітуацыях, як бы падказвае правільны шлях героя. Бо і ў самога жыццё было не ў ружовых колерах, хаця для пісьменніка якраз гэта і з’явілася добрым падмуркам для творчасці. Чалавек, каб быць чалавекам, павінен пераадольваць перашкоды, каб спазнаць сябе, каб набываць упэўненасць у сваіх сілах і магчымасцях (аповесць «Сломанные цветы»).
Аўтар хварэе пачуццямі да чалавека, тым і прыцягвае чытача. Прачытаўшы яго творы, вы адчуеце аўтарскі талент і шчырасць, без якіх сапраўдная літаратура не выклікае даверу.
Хочацца спадзявацца, што вам, паважаныя чытачы, будзе не толькі цікава, але і карысна пазнаёміцца з героямі твораў, пра якіх расказваецца ў кнізе. Напрыклад, з адданай сваёй справе настаўніцай («Вёрсты лёсу») і непаўналетнім вязнем («Кампенсацыя»). З чарнобыльскім хлопчыкам, лёс якога пакалечыла атамная трагедыя, але цяпер, калі кемлівае дзіця спасцігае школьную навуку, аднагодкі пасміхаюцца з яго нязграбнага цела («Ясік»). Знаёмства з гэтымі людзьмі дапаможа паўней спасцігнуць характар і душу чалавека, выпіць гаючага паветра на азёрах, рэках і ў лясах нашай зялёнай — такой маленькай і такой неабдымнай — зямлі.
Нельга спакойна чытаць эсэ пра маці аўтара Алену Яфімаўну («Мая светлая мама»). Няйначай як гімнам Маці гэты твор нельга назваць, бо тыя словы, што цяпер аўтар перанёс на паперу, гаварыў і пры жыцці любай матулі, бо гэта назіраецца ва ўсіх яго кнігах. Сказаць недасказанае ніколі не позна, бо роднасныя душы назаўжды з’яднаныя нябачнай пуцявінаю.
Паглыбцеся ў творы Аркадзя Жураўлёва і вы адчуеце, што кожная з’ява ці жыццёвы факт былі перажыты аўтарам. Кожнае апавяданне альбо навела ці замалёўка сагрэтая любоўю да прыроды і чалавека, жывой істоты. Прачытайце гэту кнігу і, паверце, вы ні кроплі не пашкадуеце аб патрачаным часе. Што ні твор — пошук цікавых шматзначных і свежых мастацкіх вобразаў і трапных беларускіх слоў, а таксама занепакоенасць звужэннем выкарыстання роднай мовы («Слова — само жыццё»).
На гэты раз лаўрэат абласнога конкурсу празаікаў Аркадзь Жураўлёў падае свае творы на дзвюх дзяржаўных мовах, з цікавымі каляровымі ілюстрацыямі. Упэўнена, што гэта толькі пашырыць кола прыхільнікаў яго творчасці.
Ксенія АЛЯКСАНДРАВА.
Фота: архіў Аркадзя ЖУРАЎЛЁВА.